Паміж сабой — “кіношнікі”. Чым парадуе новая беларуская камедыя?

Апублiкавана: 27 жнiўня 2023 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

На Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” прыступілі да працы над поўнаметражнай моладзевай камедыяй “Кіношнікі”. Карціна стане дэбютнай работай для рэжысёра Кірыла Халецкага. “К” завітала на здымачную пляцоўку, каб паназіраць, з якім запалам шчыруюць пачаткоўцы, і даведацца, якія дарогі адкрывае перад маладымі творцамі вялікае кіно.

Гісторыя, як кажа рэжысёр, амаль аўтабіяграфічная. Галоўны герой — малады спецыяліст, які трапляе на кінастудыю па размеркаванні. Яму трэба прайсці доўгі шлях рэжысёра-дэбютанта, каб зняць першы фільм. 

— Прыкладна ў студзені мы пачалі пісаць пачатковую версію сцэнарыя. Стварэнне фільма, як бачыце, справа не хуткая: было шмат рэдактур і спрэчак на тэму гумару, бо гэта вельмі суб’ектыўная рэч. Але ў выніку прыйшлі да кампрамісу, і пасля 12 варыянтаў сцэнарыя ўся гісторыя апынулася на кінастудыі, — кажа Кірыл Халецкі. — Мне здаецца, што гэта надае асобнага шарму гісторыі, таму што яна стала больш кіношнай. У фільме будзе шмат жыццёвага: мы пакажам, якія рэальныя фазы праходзіць рэжысёр-дэбютант, каб стварыць карціну. З праблемамі герой сутыкнецца паэтапна — ад “што здымаць” і “як сабраць каманду” да “як увасобіць гэта”. Ключавая задума стужкі — падкрэсліць вялікую ролю людзей, якія атачаюць кожнага. Адзін рэжысёр у полі не воін, бо кіно робіць не адзін чалавек, яго робіць каманда. 

“Фільм унутры фільма”, над якім працуе галоўны герой, аўтары абяцаюць паказаць у фінале карціны. Сама ж гісторыя не пра канчатковы вынік, а пра цярністы, але тым не менш займальны шлях ператварэння персанажа з учарашняга выпускніка ў рэжысёра. 

— Адным з галоўных момантаў пры напісанні сцэнарыя было паказаць жыццё кінематаграфістаў такім, якое яно ёсць, з усімі жартамі і праблемнымі сітуацыямі. Мы ў цікавай форме зробім акцэнт і на такіх актуальных сёння тэмах, як, напрыклад, штучны інтэлект і барацьба паміж класічнай універсітэцкай адукацыяй і навучаннем на анлайн-курсах. 

КАМЕДЫЯ — СКЛАДАНЫ ЖАНР? 

Новая карціна рэжысёра, аднак, не першая яго праца ў кіно. Падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі зняў некалькі сур’ёзных кароткаметражных фільмаў, якія былі высока ацэнены на міжнародных фестывалях. Таксама пачатковец тройчы станавіўся лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 

— Я трапіў на кінастудыю адразу пасля заканчэння ўніверсітэта. У гэты момант была сфарміравана Студыя моладзевага кіно, куды я размеркаваўся як рэжысёр. Напэўна, самае важнае, што трэба было адразу зразумець: аўтарскае кіно, якое ты робіш з сябрамі, і прафесійная вытворчасць — розныя рэчы. Аўтарскае кіно — гэта некалькі чалавек, абмежаванасць бюджэту і праца за ідэю. А тут усё ж такі прычыняецца вельмі шмат цэхаў і людзей. Гэта хутчэй не ўскладняе працэс, а ўносіць папраўкі. Нейкі вопыт, які я набыў на здымках кароткаметражных стужак, цяпер дапамагае. Але чым даўжэй даводзіцца тут “варыцца”, тым больш я пачынаю ўсведамляць, з чым выпадае сутыкацца. Да напісання сцэнарыя “Кіношнікаў” на студыі я паспеў зняць прамаролік для Мінаблкінавідэапраката і дакументальны кароткаметражны фільм “Мы родам з кіно” да 60-годдзя Беларускага саюза кінематаграфістаў. Прэм’ера карціны адбылася летась на “Лістападзе”. 

Тым не менш “Кіношнікі” будуць адрознівацца ад папярэдніх работ Кірыла не толькі хронаметражом, але і тэматыкай. 

— Насамрэч аказалася цяжка вызначыцца з тэмай першага фільма, — дзеліцца рэжысёр. — Але дапамог другі сцэнарыст Канстанцін Бакулін, які знаходзіцца ў Маскве. Яму спадабалася ідэя, і мы яе разам сталі “разганяць”. Многія пытаюцца, чаму камедыя. Таму што гэта самы цяжкі жанр. Лягчэй за ўсё прымусіць чалавека плакаць, а вось рассмяшыць — складана. Аднак асабіста мне здаецца, што з камедыі прасцей пачынаць, бо ўсё ж такі гэта весела і агульны настрой групы на здымках адпавядае. Да таго ж камедыя — гэта дынаміка, яркасць. 

Без цяжкасцей на пляцоўцы не абыходзіцца: хуткі тэмп працы ўносіць карэктывы ў рытм паўсядзённага жыцця. І для рэжысёра, які толькі ўступае ў вялікае кіно, звыкнуцца з новымі абставінамі — нялёгкая работа. 

— Я сутыкнуўся з тым, што 12-гадзінны здымачны дзень прымушае забыцца пра ўсё. Для цябе пачынаюць існаваць толькі канкрэтныя задачы. Здымачны перыяд, вядома, такі час, калі ты трохі выпадаеш з жыцця і займаешся толькі кіно. Нават у выхадныя я не магу адпачыць: думаю, ці ўсё зрабіў правільна, як гэта потым манціраваць, можа, трэба нешта перазняць. Я ўвесь час разважаю пра кіно, але такая прафесія рэжысёра. 

ДОСВЕД І СВЕЖЫ ПОГЛЯД 

Што тычыцца каманды Халецкага, гэты праект стаў прасторай для абмену досведам і новымі ідэямі, бо на пляцоўцы працуюць як маладыя, так і масцітыя кінематаграфісты. Пра паплечнікаў рэжысёр адклікаецца вельмі цёпла і з павагай. 

— Аператар Уладзімір Казіятка літаральна месяц таму атрымаў чырвоны дыплом УДІКа. Гукарэжысёр Анастасія Панасевіч — нядаўняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Акрамя маладых, у нашай камандзе ёсць і вопытныя людзі. Асабліва хочацца адзначыць мастака-пастаноўшчыка Ігара Хруцкага. Гэта далёка не першая карціна, у якой ён задзейнічаны, таму адчуваецца прафесіяналізм. Мне вельмі падабаецца, што тут мы — маладыя і сталыя — шчыруем разам у гармоніі і патроху адзін у аднаго вучымся. Каманда кажа, што ўсё ідзе сваім парадкам: мы працуем у досыць добрым тэмпе, без нерваў. Бліжэй да канца здымак, якія прыпадуць на жнівень, у нас запланаваны самыя маштабныя сцэны. Але, думаю, мы да іх акуратна прыйдзем. 

У рабоце з акцёрамі Кірыл выяўляе сябе як прафесіянал, аднак, па словах выканаўцаў галоўных роляў, часта прыслухоўваецца і бярэ пад увагу меркаванне саміх артыстаў, чым, безумоўна, заслугоўвае іх давер. 

— Што датычыцца акцёрскіх задач, у нейкіх момантах я вельмі прынцыповы, — кажа рэжысёр. — Для мяне вельмі важнае паняцце тыпажу, таму я сачу, каб акцёры “патрапілі” ў героя. Нават падчас кастынгу я надаваў шмат увагі першаму адчуванню. Калі ўжо па знешнасці зразумела: гэта тое, што патрэбна, з верагоднасцю 90 % мы акцёра возьмем. З трыма галоўнымі героямі мы вызначыліся практычна адразу. Тут спрацавала вельмі важнае паняцце для кіно — ансамблевасць, калі ўсё глядзяцца адзін з адным гарманічна. 

МУЗА ДЛЯ РЭЖЫСЁРА 

Выканаўца галоўнай ролі Станіслаў Пякарскі з Кірылам Халецкім знаёмы па яго папярэдніх студэнцкіх праектах. На здымкі “Кіношнікаў” патрапіў пасля некалькіх этапаў проб. Акцёр не ўтойвае: рады, што выконвае галоўную ролю, і спадзяецца, што стужка дасць штуршок камедыйнаму кірунку на “Беларусьфільме”. Пра рэжысёра жартуе, маўляў, “калі стану яго музай, буду здымацца ў кожным яго фільме”: 

— Усё ў гэтым жыцці мы ўспрымаем праз прызму сябе: калі чытаем кнігі, то знаходзім у іх сябе, калі ўлюбляемся, то ў свае адчуванні з-за нейкага чалавека. І калі мы здымаем кіно, мы здымаем пра сябе. Гэты фільм — пра Кірыла, пра маладога рэжысёра, які хоча даказаць, што чагосьці варты. І я іграю Кірыла. Але не капірую яго: як у акцёра ў мяне ёсць свае прыёмы, каб скласці вобраз галоўнага героя. Тым больш што ў маёй кар’еры вопыт рэжысёра Рэжысёр Кірыл Халецкі традыцыйна разбіў талерку перад пачаткам здымак маецца, хай гэта і былі студэнцкія кароткія метры. 

Пра ролю ў праекце Станіслаў адклікаецца станоўча. 

— Майго героя завуць Мікалай. Да яго я падобны хіба што вонкава, па характары ж персанаж — практычна поўная мая супрацьлегласць: сабраны, вельмі таленавіты. Можна сказаць, непрызнаны геній. Ён у добрым сэнсе апантаны думкай стварыць свой фільм. Але ў той жа час герой не хоча здымаць абы-што, для яго важна зрабіць добрае кіно, сапраўднае ў яго разуменні. Сам герой — гэта пяшчотная асоба. Як і ўсе таленавітыя людзі, ён баіцца быць непрынятым, незразуметым. Але калі Мікалай трапляе на здымачную пляцоўку і апынаецца ў сваёй стыхіі, адразу ператвараецца ў “кіношную машыну”. 

Выканаўца галоўнай ролі прыўзнімае заслону таямніцы: рамантыцы ў фільме таксама знойдзецца месца, бо ні адна камедыя не абыходзіцца без добрай гісторыі кахання. “Кіношнікі” не стануць выключэннем. 

БУДУЧЫНЯ КАРЦІНЫ — БУДУЧЫНЯ РЭЖЫСЁРА 

Для Уладзіслава Соладава, які іграе светлавіка Жэню, гэты праект не першы на “Беларусьфільме”. Акцёр паспеў папрацаваць з дасведчанымі рэжысёрамі. Сярод апошніх стужак, знятых на кінастудыі з удзелам артыста, — поўнаметражная карціна Івана Паўлава “Падрыў”. Уладзіслаў зацікавіўся “Кіношнікамі”, калі даведаўся, што гэта дэбютны праект маладога рэжысёра. 

— Падкупляла тое, што гэта дэбют і што, адпаведна, у маладога рэжысёра маладая каманда. Таму, калі паступіла прапанова, я не задумваючыся згадзіўся на ролю. Мяне прыцягвае новае бачанне, планы, карцінка. Павінна атрымацца “смачна”. 

Адной з ключавых падстаў для рашэння акцёра быў і сцэнарый: гісторыя, якую раней не паказвалі на экранах. 

— Уразіла, што гэта аповед пра наша закадравае жыццё, — кажа Уладзіслаў. — Не ўсе ведаюць, як ствараецца кіно і як усё пачынаецца: напісанне сцэнарыя, пошук тэхнікі і нейкіх творчых рашэнняў. Усе бачаць толькі гатовы матэрыял, і ніхто не ведае, як усё складана. Бо гэта вялікая праца, і не аднаго рэжысёра, а сотні людзей. 

За час акцёрства ва Уладзіслава склалася ўражанне ад работы з рэжысёрамі і артыстамі. Аб атмасферы на праекце “Кіношнікі” творца адклікаецца з захапленнем: 

— Рэжысёр — гэта галоўны чалавек на пляцоўцы, да яго, безумоўна, прыслухоўваешся. Але нізкі паклон Кірылу за тое, што і ён да нас прыслухоўваецца ў некаторых момантах, дае прастору нашым дзеянням. Як рэжысёр ён вельмі тактоўны. Кірыл кажа правільныя рэчы, вялікую ўвагу надае дэталям. Не заўсёды рэжысёры так працуюць. Да таго ж акцёрскі склад практычна аднаго ўзросту, таму лёгка ствараецца тая абстаноўка, якая і павінна быць на здымках, але якой не заўсёды хапае ў мэтраў. У іх усё строга, а тут свабодная атмасфера, што дапамагае працаваць з задавальненнем. 

Вопыт працы на “Беларусьфільме” дазваляе Уладзіславу ацаніць будучыню і карціны, і рэжысёра- дэбютанта. 

— Колькі я ні здымаўся ў праектах “Беларусьфільма”, заўсёды атрымліваецца добрае кіно, што, як мне здаецца, павінна паказвацца не толькі ў нашай краіне. Студыя з кожным годам набірае абароты, стараецца ісці ў нагу з часам. Думаю, што і аўтары “Кіношнікаў” не спыняцца на тым, каб пусціць стужку толькі ў кінатэатрах, таму што гэта добрая фестывальная карціна. Я ўпэўнены, што і ў праекта, і ў Кірыла вялікая будучыня, якая не абмяжуецца “Беларусьфільмам”. 

ДА СУСТРЭЧЫ З ГЛЕДАЧОМ 

Здымкі стартавалі ў ліпені, аднак першыя кадры былі зроблены яшчэ ў канцы чэрвеня ў Маскве, дзе каманда Кірыла падрыхтавала некалькі сцэн з зорным госцем кіно — Юрыем Стаянавым. Які эпізод трапіць у канчатковую версію карціны, рэжысёр пакуль пакідае таямніцай, але дзеліцца планамі выхаду фільма на вялікія экраны. 

— Пакуль што складана прадказаць канкрэтныя даты, але мы арыентуемся на студзень — люты 2024-га. Будзе выдатна, калі 100-годдзе айчыннага кіно адкрые стужка “Кіношнікі” — свежая моладзевая карціна, якая парадуе і беларускага, і расійскага гледача. Тое, што праца дэбютная, верагодна, неяк яшчэ дапаможа ў рэкламнай кампаніі. Таксама ў далейшым мы плануем патрапіць на фестывалі, конкурсы. Спадзяёмся, і ў гэтым сэнсе наш фільм павандруе. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА