Казімір Бахматовіч. Мастак без біяграфіі

Імя гэтага таленавітага творцы, зорцы якога лёс і цяжкая хвароба не далі разгарэцца напоўніцу, мала што скажа паспалітаму беларусу. Але ў гісторыі нацыянальнага мастацтва Казімір Бахматовіч, аўтар шматлікіх мініяцюр з жыцця сваіх суайчыннікаў першай траціны ХІХ стагоддзя, трывала заняў ганаровую пазіцыю аднаго з піянераў беларускай літаграфіі. 

Адным з двух галоўных папулярызатараў асобы і творчасці Казіміра Бахматовіча ў Беларусі доўгі час быў вядомы мастак-акварэліст, мастацтвазнаўца, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч (1952—2021). Вось што ён пісаў у нарысе пра героя нашага апавядання ў кнізе “Асобы і вобразы. Беларуская графіка ХІХ стагоддзя” (2019): “Адным з піянераў засваення літаграфіі ў беларускім мастацтве стаў выхаванец Віленскай мастацкай школы Казімір Бахматовіч… Тым не менш тое, чаго многім не ўдавалася дасягнуць за некалькі дзесяцігоддзяў, Бахматовіч зрабіў менш чым за дзесяцігоддзе. У гісторыю нацыянальнага мастацтва ён увайшоў перш за ўсё як аўтар мініяцюрных малюнкаў бытавога жанру. Галоўнай справай жыцця сталі альбомныя літаграфічныя серыі “Успамін аб Дабраўлянах” (1835), “Арласіяда” (1836), “Малюнкі Яна Рустэма” (1837), “Успаміны пра Вільню. Тыпы і характары” (1837)… Бясспрэчная заслуга К. Бахматовіча ў тым, што ён упершыню ў беларускім мастацтве ўзняў значэнне “малой формы” ў літаграфіі да ўзроўню карціны”. 

Метрыка хросту Казіміра Бахматовіча

Метрыка хросту Казіміра Бахматовіча

Даўшы ў нарысе дэталёвы і прафесійны разбор творчасці Бахматовіча, аўтар, на вялікі жаль, не дадаў нічога новага да ўжо “вядомага” пра мастака. А тое, што было “вядома”, мы працытуем з працы мастацтвазнаўцы Леаніда Дробава (1926—2002). У кнізе “Графіка Беларусі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя” (2000) спадар Дробаў піша: “Месца нараджэння мастака і іншыя дэталі ягонай біяграфіі высветліць пакуль не ўдалося. Вядома толькі, што ён быў прыгонным графа Гюнтэра і доўгі час жыў і працаваў у ягоным маёнтку ў Дабраўлянах, дзе і памёр у 1837 годзе”. 

Ці не занадта сціплая атрымалася біяграфія ў аднаго з пачынальнікаў беларускай літаграфіі? Безумоўна. Таму сёння мы паспрабуем як праверыць ужо “вядомае”, так і нагадаць “забытае”, а таксама дадаць новае. Фактычна гэта будзе першая поўная біяграфія мастака, якая пакажа нам яго не толькі як творцу, але і як чалавека. 

ЗАГАДКІ. СПРОБА ЗНАЙСЦІ АДКАЗ 

На сённяшні дзень з тых нешматлікіх публікацый, у якіх згадваецца Казімір Бахматовіч, вынікае наступнае. Нарадзіўся творца або ў Дабраўлянах, або “невядома дзе” ў 1803, 1807, 1808 гадах, а памёр у 1837, 1838 (патрэбнае падкрэсліць). Памёр у Дабраўлянах, але пахаваны ў Свіры. Быў прыгонным або невядомага сацыяльнага статусу. Абсалютна нічога не было вядома ні пра сям’ю мастака, ні, пагатоў, пра род Бахматовічаў. 

БАХМАТОВІЧЫ ГЕРБА “БОЖАЯ ВОЛЯ” 

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) захоўваецца дваранская справа роду Бахматовічаў. У 2007 годзе асноўныя звесткі з яе былі апублікаваны ў “Гербоўніку Беларускай шляхты” (т. 2), важнай крыніцы па гісторыі нашай шляхты. Некаторыя дакументы выклікалі ў архівістаў сумневы ў сапраўднасці, бо, як назнарок, кнігі, з якіх яны паходзілі, згарэлі ў пажарах. Але тое, што род Бахматовічаў з XVII стагоддзя быў “сваім” на Міншчыне, у ваколіцах Радашковічаў, сумневаў не выклікае. Заснавальнік роду — Станіслаў, які ў 1664 годзе атрымаў каралеўскі прывілей на “маёнтак Добрыя Землі на Радашковіцкім тракце”. Магчыма, папярэдні ўладальнік загінуў падчас страшнай вайны 1654—1667 гадоў, у выніку якой насельніцтва ВКЛ скарацілася больш чым напалову. Станіслаў (жонка з роду Грынеўскіх) меў сыноў Якуба (пам. 1752) і Лявона (пам.1745) і дачок. Усе яны былі парафіяне Радашковіцкага касцёла, як і продкі знакамітых дзеячаў беларускай культуры — мастака Юзафа Аляшкевіча і паэта Тамаша Зана. Лявон з жонкай Барбарай Загорскай нарадзіў пяць сыноў, сярод якіх быў і бацька Казіміра Феліцыян (1770-я — да 1816), “намеснік Пінскай брыгады” войска ВКЛ (тытул, па ўсей верагоднасці, прыдуманы для важнасці). У дваранскай справе згадваецца і маёнтак Бахметаўка (на ўсход ад Радашковічаў), якім нібыта валодалі Бахматовічы. Праўда, першая вядомая нам згадка гэтага роду больш старая. Паходзіць яна з кнігі “Літоўскай метрыкі” за 1518—1523 гады, у якой быў згаданы нейкі “баярын і шляхціч Багдан Бахметовіч”. 

З альбома "Успаміны пра Вільню. 

БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ 

Феліцыян з Радашковіцкай парафіі перабраўся ў суседнюю Краснасельскую і атабарыўся ў ваколіцы Івонцавічы. У 1799 годзе ў Левушоўшчыне ён узяў шлюб з удавой Агатай Бахматовіч (1775? — пасля 1816, дзявочае прозвішча Сурынт), якая паходзіла з вельмі старога роду. Нейкія яе сваякі былі пахаваны ў віленскім фарным касцёле св. Яна, аб чым сведчыла памятная дошка (пра яе згадваў у сваёй кнізе “Вандроўкі па Вільні” Адам Кіркор). Так пачалася гісторыя сям’і, у якой першай у 1801 годзе нарадзілася дзяўчынка Антаніна. За ёй 8 сакавіка (24 лютага па старым стылі) 1803 года на свет прыйшоў Казімір. Хроснымі бацькамі немаўляці сталі шляхецкія Марцін Сурынт і Канстанцыя Раманоўская, а сведкамі — яснавяльможны Марцін Харэвіч і Марыяна Сурынтоўна (магчыма, сястра Агаты). У 1807-м нарадзілася дачка Бянігна, якая ў 1835 годзе пайшла за Яна Залуцкага. Малая радзіма Казіміра цяпер — вёсачка, ад якой да чыгуначнай станцыі Ласі (Маладзечанскі напрамак) каля кіламетра. Крыху меней да вёсачкі Плебань, дзе захаваўся касцёльчык, у якім, верагодна, хрысцілі дзетак Феліцыян і Агата. Пасля паўстання 1863 года касцёл перарабілі на праваслаўную царкву, якой ён застаецца і цяпер. Магілы Бахматовічаў і Залуцкіх і па сёння ёсць на плябанскіх могілках. З дакументаў вынікае, што Бахматовічы былі чыншавай шляхтай, а Казімір нарадзіўся “не там і не тады”. Ну а раз мы ўжо згадалі Юзафа Аляшкевіча і Тамаша Зана, то не лішнім будзе нагадаць: першы нарадзіўся ў Жамойці толькі таму, што яго бацька, кіраўнік радашковіцкай касцельнай капэлы, быў адпраўлены ў службовую камандзіроўку (паехаў з цяжарнай жонкай), а другі нарадзіўся не ў Мясаце, а ў Халецкаўшчыне (побач са станцыяй “Аляхновічы”). 

Далей мы распавядзем пра тое, дзе і чаму вучыўся Казімір Бахматовіч, як настаўнікам малюнка трапіў у Дабраўляны і як стаў сябрам сям’і графа Гюнтэра. 

Газета "Культура" №29 ад 28 ліпеня.

Зміцер ЮРКЕВІЧ