Краязнаўчы рух: стагоддзе таму і сёння

Апублiкавана: 30 жнiўня 2023 Стужка не указан Мінск Круглы стол

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Беларускае краязнаўства мае багатую мінуўшчыну, і даводзіць яго важкую ролю ў захаванні гістарычнай памяці, у культурным жыцці будзе залішнім. “К” зацікавілася, як рух развіваецца сёння. Да гаворкі ў прэс-клуб “Культура і мастацтва” мы запрасілі галоўнага рэдактара “Краязнаўчай газеты” Максіма Гальпяровіча і прадстаўнікоў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: намесніка дырэктара па навуковай рабоце Паўла Трубчыка і загадчыка аддзела навукова-інфармацыйнай работы Аляксандра Бараноўскага. 

“К”: “Прыгадаем, што краязнаўцы стаялі ля вытокаў музеяў у розных кутках краіны, прычыніліся да шматтомнай хронікі «Памяць». Як вы ацэньваеце сучасны стан краязнаўчага руху? Наколькі ён магутны і запатрабаваны?” 

Максім Гальпяровіч: “Колькі людзей і арганізацый займаюцца краязнаўствам сёння, нікому не пад сілу падлічыць. Але магу сказаць, што з канца 1980-х гадоў цікавасць да гісторыі свайго краю, сваіх вёсак, мястэчак і гарадоў павялічваецца. Цяпер краязнаўчы рух, можа быць, менш аб’яднаны, але ён нашмат шырэйшы, чым раней. Дзякуючы развіццю інтэрнэту, сацыяльных сетак рух набывае ўсё новыя формы і магчымасці. Думаю, што ён працягне развівацца. І гэта непазбежны працэс, таму што ў апошнія дзесяцігоддзі, як многія кажуць, здарыўся бум адкрыцця Беларусі самімі беларусамі”. 

Максім Гальпяровіч

Максім Гальпяровіч

Аляксандр Бараноўскі: “Краязнаўства працягвае развівацца. Без яго нельга абысціся. Лічу, што сёння краязнаўцам вельмі шанцуе. У іх ёсць магчымасць выкарыстоўваць шматлікія крыніцы. Ёсць алічбаваныя дакументы, доступ да замежных архіваў. Дылетанцтва менш, чым у ранейшыя часы, аднак гэтая праблема застаецца актуальнай”. 

Павел Трубчык: “Краязнаўства заўсёды будзе запатрабавана. Сёння стаіць задача пашырыць веды насельніцтва пра свой край, горад, вёску. На мясцовым узроўні ёсць цікавасць да гэтага. Да нас пастаянна звяртаюцца з пытаннямі па тапаніміцы, з пытаннямі ўдакладнення даты першай згадкі населенага пункта, ушанавання памяці вядомых асоб той ці іншай мясцовасці”. 

А. Б.: “Я сам з’яўляюся прадстаўніком краязнаўчага руху. Кнігу «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі» стварыў студэнтам чацвёртага курса. Яшчэ са школьных часоў пісаў даследчыя працы, удзельнічаў у абласной краязнаўчай алімпіядзе. Школьны гурток, потым студэнцкі. І гэта ўсё вырасла ў тое, што я абраў гістарычную прафесію, стаў кандыдатам навук. Але заўсёды з гонарам падкрэсліваю, што я краязнаўца”. 

Аляксандр Бараноўскі

Аляксандр Бараноўскі

“К”: “Звернемся зноў да «залатога дзесяцігоддзя» краязнаўства: рупліўцы вялі назіранні і пошукі па заданнях Інбелкульта, стваралася своеасаблівая карэспандэнцкая сетка. Як цяпер наладжаны сувязі паміж навукоўцамі і аматарамі?” 

А. Б.: “Чаму мы і хочам пераадолець дылетанцтва? Гісторыя Беларусі складаецца з лакальнай гісторыі. Распрацоўваеш пэўную тэму, звяртаешся да краязнаўчай працы, а там спасылак няма. І ты не разумееш, адкуль чалавек узяў звесткі”. 

П. Т.: “Праблема актуальная. Штат інстытута не такі вялікі, каб ахапіць цалкам розныя аспекты гісторыі населеных пунктаў па ўсёй Беларусі. Таму мы імкнёмся ў кожнай мясцовасці мець асоб, якія маглі б даваць гэтую інфармацыю. Штогод у розных раённых цэнтрах ладзяцца навукова-практычныя канферэнцыі ў межах праекта «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі», дзе на рэгіянальным матэрыяле разглядаюцца актуальныя пытанні ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры краю, даследуюцца моўныя асаблівасці мясцовасці. Па выніках канферэнцый выдаюцца зборнікі прац”. 

А. Б.: “У канферэнцыях актыўна ўдзельнічаюць краязнаўцы, мясцовая грамадскасць. Важна падкрэсліць, што правядзенне гэтых канферэнцый немагчыма без падтрымкі мясцовых улад, і мы ладзім такія мерапрыемствы разам з райвыканкамамі. Узяліся арганізоўваць канферэнцыі там, дзе раней падобных не было. Напрыклад, у Сянне, Талачыне, Бешанковічах. Навукоўцы ахвотна падключыліся, таму што маюць шмат неапублікаванай інфармацыі па гэтых мясцінах. Падчас сустрэч дырэкцыя ўзнагароджвае краязнаўцаў падзякамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. У нас завязваюцца кантакты. 

У 2018 годзе заснавана серыя «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі». Я называю гэтыя кнігі другой «Памяццю». На працягу паўгода-года над кожнай працуюць гісторыкі з усёй Беларусі”. 

“К”: “Пэўна, краязнаўцы далучыліся і да акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!»”. 

П. Т.: “Так, акцыя пачалася ў 2020 годзе па ініцыятыве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытута гісторыі. Была праведзена вялікая інфармацыйная работа. Падключыліся навучальныя ўстановы. Сёння да нас звяртаюцца з усёй краіны, і мы маем велізарную колькасць матэрыялаў. Літаральна пару тыдняў таму выйшла ўжо трэцяя кніга. Любы жадаючы можа даслаць па пошце або прынесці асабіста матэрыялы — уласныя або сваякоў. Гэта могуць быць дакументы, успаміны, фотаздымкі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Наладжана зваротная сувязь з аўтарамі. Мы інфармацыю верыфіцыруем, і затым яна знаходзіць адлюстраванне ў такіх выданнях”. 

Павел Трубчык

Павел Трубчык

“К”: “Аляксандр Віктаравіч ужо закрануў праблему дылетанцтва ў краязнаўстве. Сапраўды, кожны можа апублікаваць у інтэрнэце што заўгодна і нават самастойна выдаць кнігу, калі мае грошы. Якія рашэнні вы бачыце?” 

М. Г.: “Найперш трэба паказваць прыклад. Пісьменнік Франц Сіўко нядаўна выпусціў кнігу пра сваю вёску Міжрэчча. Гэта ўзор, як можна распавесці пра родныя мясціны. Адзін нарыс з выдання мы ў некалькіх частках надрукавалі ў «Краязнаўчай газеце». І менавіта каб кожны краязнаўца мог падзяліцца сваімі напрацоўкамі, яна была заснавана. Ад гэтай задачы мы не адыходзім, але часта краязнаўцы па розных прычынах замыкаюцца ў межах свайго рэгіёна. Далёка не з кожнай мясцовасці пішуць”. 

“К”: “А маглі б удзельнічаць у стварэнні турыстычных даведнікаў, што выдаюцца ў сталіцы, дзяліцца звесткамі пра свой край. Пакуль у гэтых кнігах можна сустрэць неактуальную і даволі сціплую інфармацыю. Можна было б запрашаць да працы над праектамі кшталту «Турыстычнай мазаікі» менавіта краязнаўцаў”. 

П. Т.: “Увогуле любога, хто імкнецца займацца гісторыяй сваёй мясцовасці, трэба падтрымліваць. Навуковы фактар найбольш праяўляецца, калі існуе мноства пунктаў гледжання на тую ці іншую праблему. Падчас дыскусіі ў межах канферэнцыі ці круглага стала мы можам, такім чынам, знайсці рацыянальны шлях”. 

А. Б.: “У мяне ёсць досвед працы над артыкуламі з краязнаўцамі. Сумленны чалавек просіць падказаць, прыслухоўваецца да нашых заўваг. Калі аўтар ідзе насустрач, то яму дастаткова адзін раз паўдзельнічаць у канферэнцыі. Хто прайшоў гэтую школу, надалей дасылае годныя матэрыялы з улікам патрабаванняў. Налета будзе адзначацца стагоддзе арганізаванага краязнаўства. Інстытут гісторыі плануе да гэтай даты маштабную канферэнцыю з запрашэннем па адным прадстаўніку з кожнага раёна, з гарадоў, якія не з’яўляюцца райцэнтрамі, і з абласных цэнтраў. Асноўнай задачай мы ставім метадычную. Варта разумець, што шмат хто з краязнаўцаў не мае базавай гістарычнай адукацыі. І эксперты выступяць па тэматычных блоках. Напрыклад, раскажуць, як запісваць фальклор, як працаваць у архівах”. 

“К”: “Можа, неабходна распаўсюджваць больш падрабязных інструкцый, як ладзіць даследаванні, як працаваць з рознымі крыніцамі?” 

М. Г.: “Такіх інструкцый створана дастаткова. Можна ўзяць той жа часопіс «Наш край». Ён ёсць у вольным доступе. Там змешчаны інструкцыі яшчэ 1925—1927 гадоў. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі нядаўна запісалі відэаўрок аб тым, з чаго пачаць даследаванне свайго радаводу, з ролікам можна пазнаёміцца на сайце ўстановы. Магчыма, сапраўды трэба паўтараць гэтыя базавыя рэчы, рабіць памяткі для людзей, якія толькі зацікавіліся краязнаўствам”. 

“К”: “Для ўстаноў культуры, адукацыі ёсць інстытуцыі, што з’яўляюцца метадычнымі і арганізацыйнымі цэнтрамі па краязнаўстве. Грамадскае ж краязнаўства такой пляцоўкі не мае. Ці не варта вярнуцца да стварэння адмысловага аб’яднання?” 

П. Т.: “Узаемадзеянне ў любым выпадку ёсць. Прывяду толькі адзін прыклад. Нядаўна мы выязджалі ў вёску Гоцк Салігорскага раёна, дзе былі знойдзены дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, датаваныя 1943 годам. Выявіла іх пошукавая група, якая дзейнічае на базе Салігорскага краязнаўчага музея. Перададзеныя матэрыялы ўтрымліваюць унікальную інфармацыю аб дзейнасці партызан у гэтай мясцовасці: звесткі аб узаемаадносінах з насельніцтвам, перапіску камандзіраў, спісы тых, хто супрацоўнічаў з акупацыйнымі ўладамі, і інш. Зараз дакументы знаходзяцца на рэстаўрацыі, і даныя з іх пазней будуць выкарыстаны ў навукова-даследчай працы”. 

“Краязнаўства заўсёды будзе запатрабавана. Сёння стаіць задача пашырыць веды насельніцтва пра свой край. На мясцовым узроўні ёсць цікавасць да гэтага”.

А. Б.: “На сённяшні дзень стварэнне нейкай краязнаўчай арганізацыі не актуальнае. Рух развіваецца без такога адміністрацыйнага цэнтра. А калі казаць пра метадычны і навуковы цэнтр, то Інстытут гісторыі гатовы падказваць, даваць парады краязнаўцам, што мы і робім, калі да нас звяртаюцца”. 

М. Г.: “Як у любой важнай справе, галоўнае — не перашкаджаць і дапамагаць развівацца. Важна, каб была магчымасць звярнуцца па кансультацыю, па метадычную падтрымку”. 

А. Б.: “Кажуць, таварыства дапамагала б выпускаць кнігі. Але ў арганізацыі ўсё адно можа выйсці так, што адных асоб будуць выдаваць, а іншых — не”. 

М. Г.: “Тыя ж друкаваныя турыстычныя даведнікі не заўсёды карыстаюцца попытам. Краязнаўцы часта вымушаны выдаваць кнігі за свае грошы невялікімі тыражамі. І гэта кругазварот. Калі б выдалі большым тыражом, кнігі каштавалі б танней, але і на гэта патрэбныя сродкі. 

Жаданне менавіта выпусціць кнігу часам пераважае над жаданнем проста прадставіць свае напрацоўкі. Газета ці часопіс могуць быць больш эфектыўнымі. У нашай газеце цябе прачытаюць 500 ці 600 чалавек. Калі надрукуеш кнігу тыражом 30 экзэмпляраў — прачытае 30 чалавек і, можа быць, яшчэ дзясятак наведвальнікаў бібліятэкі”. 

“К”: “У публікацыях музейшчыкаў, грамадскіх дзеячаў сустракаюцца меркаванні, што краязнаўцам цяпер неабходна актыўна займацца вёскамі, якія знікаюць, вуснай гісторыяй, дакументацыяй сучаснасці. Ці згодны вы з гэтым? На вашу думку, якія найбольш актуальныя задачы стаяць перад краязнаўцамі?” 

А. Б.: “Краязнаўцу нельга абмяжоўваць нейкімі рамкамі, бо ён не распрацоўвае тэму па загадзе. Нешта цябе чапляе, і ты сам прыходзіш да яе. Мяне яшчэ ў школьным узросце зацікавіў разбураны будынак, дзе некалі працаваў Янка Купала. Захапіў адзін факт, і я напісаў даследчую працу, пасля выпусціў кнігу”. 

М. Г.: “Пагаджуся з Аляксандрам. Краязнаўца — гэта той, хто любіць свой край, каму цікава вывучаць сваю мясцовасць. І гэтым не займаюцца па разнарадцы. Прыкладам, у Полацку быў Іван Дэйніс, які пакінуў пасля сябе шмат набыткаў. Ён працаваў у тыя часы, калі прафесійныя гісторыкі паспелі выдаць літаральна пару работ па мінуўшчыне горада. Трэба разумець, што 50 гадоў вылецела з нашай гістарыяграфіі. З канца 1930-х да сярэдзіны 1980-х многія тэмы проста не даследаваліся. Таму мы і гаворым пра краязнаўства, а не пра лакальную гісторыю. 

На першым месцы, напэўна, сёння вусная гісторыя. Трэба запісваць успаміны людзей, якія могуць хутка пайсці з жыцця. Вядомую ім інфармацыю пазней можна і не аднавіць па іншых крыніцах. Варта запісваць успаміны сваіх родных, блізкіх. Сесці і распытаць, як яны вучыліся, чым займаліся. Гісторыя паўсядзённасці, гісторыя сям’і мае значэнне. У “Краязнаўчай газеце”, напрыклад, ёсць рубрыка “Сямейная рэліквія”. Праз адну рэч раскрываецца гісторыя сям’і і часу. Уладзімір Гілеп надрукаваў тэкст пра масленіцу і цукерніцу, што захаваліся ў яго. Іх падарылі бацькам аўтара ў 1935 годзе на вяселле. Калі пачалася вайна, бабуля закапала гэтыя рэчы, а пасля вызвалення дастала з зямлі. Пазней такі ж посуд давялося ўбачыць на выставе барысаўскага шкла ў Нацыянальным мастацкім музеі. І гэта тое, што нітуе тваю асабістую, сямейную гісторыю з гісторыяй краіны. Ты адчуваеш сябе звязаным лёсам са сваёй зямлёй”. 

Данііл ШЭЙКА