Ажы­віць сі­выя эпо­хі. Як ідуць раскопкі нацыянальнага значэння?

Апублiкавана: 01 верасня 2023 Стужка Архітэктура Мiнская вобласць Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Археалагічны комплекс на рацэ Менцы — за дзясятак кіламетраў на захад ад сталіцы. Яшчэ ў 1920-я гады з’явілася версія, што менавіта тут знаходзіўся летапісны Менск. Каб нарэшце пацвердзіць альбо абвергнуць гэтае меркаванне, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ладзіць маштабныя раскопкі. Андрэй Вайцяховіч: “У Х — першай палове ХІ стагоддзя паселішча з’яўлялася адным з самых вялікіх. Яно пачало фарміравацца як цэнтр славянскага рассялення”. 

Пачаць даследаванне комплексу, каб устанавіць яго гісторыка-культурную ролю ў ІХ—ХІ стагоддзях і значэнне ў мінуўшчыне краіны, даручыў Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Ён зазначыў, наведаўшы помнік у верасні 2022-га: развіццю аб’екта ў вёсцы Гарадзішча неабходна надаць дынаміку і на аснове навуковых рэкамендацый скласці канцэпцыю комплекснага развіцця. Мяркуецца, што мясціна ператворыцца ў музей пад адкрытым небам, пляцоўку для імпрэз і навуковых форумаў — і стане новым брэндам Беларусі. 

Мяркуецца, што археалагічны комплекс ператворыцца ў музей пад адкрытым небам, пляцоўку для імпрэз, навуковых форумаў — і стане новым брэндам Беларусі.

Таксама Савет Міністраў ухваліў і падтрымаў канцэпцыю фарміравання і рэалізацыі найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў. Па словах дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзіма Лакізы, акрамя помніка на Менцы, установа прапанавала ўнесці ў дакумент іншыя істотныя для гісторыі айчыннай дзяржаўнасці аб’екты. Напрыклад, стаянку эпохі палеаліту каля вёскі Агова Іванаўскага раёна. Падчас сумесных з расійскімі калегамі даследаванняў знойдзены артэфакты, якія сведчаць пра засяленне тэрыторыі Беларусі ў прамежку 250—200 тысяч гадоў таму. Унікальным з’яўляецца і комплекс на Крывінскім тарфяніку ў Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах. Артэфакты, што захаваліся ў культурным пласце без доступу кіслароду, значна дапаўняюць уяўленні пра жыхароў нашых зямель у эпоху неаліту і ў бронзавым веку. На думку Вадзіма Лакізы, уключаныя ў канцэпцыю помнікі пасля добраўпарадкавання маглі б выкарыстоўвацца ў культурнай і турыстычнай сферах. 

ЗНАХОДКІ Ў МІЖРЭЧЧЫ 

У археалагічным комплексе на Менцы палявы сезон пачаўся ў красавіку інструментальнымі даследаваннямі, пазней стартавалі паўнавартасныя раскопкі. З таго часу выяўлена каля 300 індывідуальных знаходак і звыш 5 тыс. адзінак масавага керамічнага матэрыялу. Унікальныя артэфакты зараз можна ўбачыць на выставе “Падарожжа ў мінулае…” у Мінскай гарадской ратушы. Археолагі тым часам працягваюць пошукі. 

— Мы зрабілі шэсць раскопаў. І калі вывучаць матэрыяльную культуру, то яна не сельская, а гарадская. Яна звязана з рамяством, — расказвае кіраўнік раскопак, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч. — За валамі мы адшукалі рэшткі ювелірнай майстэрні, якая функцыянавала ў ХІ — пачатку ХІІ стагоддзя. Вельмі шмат гандлёвых пломбаў розных старажытнарускіх княстваў. Знойдзены гіркі, манеты, арабскія пацеркі. Таксама ёсць сведчанні таго, што тут развівалася кастарэзнае і кавальскае рамяство. А сельскагаспадарчага інвентару вельмі мала. 

Што да значнасці пасялення, Андрэй Вайцяховіч сцвярджае: яно было сапраўды буйным. Агульная плошча пасадаў складала 30 гектараў. Гэта дазваляе казаць, што ў Х — першай палове ХІ стагоддзя паселішча з’яўлялася адным з самых вялікіх. Яно пачало фарміравацца як цэнтр славянскага рассялення. Плямёны з поўдня і паўднёвага ўсходу прыйшлі ў вярхоўі Пцічы на ўрадлівую зямлю, куды пазней хлынула хваля новых людзей. 

Паказальны і той факт, што ў археалагічным комплексе адшукалі ўжо некалькі фрагментаў посуду з родавым знакам князя Ізяслава. Леташняя знаходка стала першай на тэрыторыі Беларусі з асабістай паметай славутай асобы. На думку кіраўніка раскопак, артэфакты могуць сведчыць, што ў гэтым месцы альбо правёў пэўны час сам Ізяслаў, альбо прысутнічалі яго прадстаўнікі, якія мелі права карыстацца знакам. 

АЦАНІЦЬ УЗРОСТ 

Як мяркуецца, на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў нашай эры былі насыпаны валы, і паселішча на Менцы атрымала статус паўнацэннага горада. Каб дакладна ўстанавіць, калі створаны ўмацаванні, археолагі раскопваюць гэтыя вялізныя насыпы. У выніку адмыслоўцы павінны выйсці да самага падножжа. Там захаваліся асновы валоў — дубовыя клеці. Іх выявіў у 1983 годзе слынны навукоўца Георгій Штыхаў. Сучасныя даследчыкі маюць задачу раскрыць драўляныя элементы, узяць спілы і правесці дэндрахраналагічны аналіз. Раней такія дакладныя метады ў гэтым месцы не прымяняліся. 

Удзельнікі раскопак рыдлёўкамі здымаюць пласты зямлі і тачкамі вывозяць грунт. Іншыя работнікі ўручную правяраюць, ці ёсць у ім артэфакты, адкладваюць знаходкі ў адмысловыя скрыні. Фрагменты керамікі пазней дбайна прамываюць. Перыядычна насыпы абследуюць з металашукальнікам. А часам рыдлёўкі даводзіцца пакідаць ды брацца за шуфлікі і пэндзлі. 

ДАПАМОГА АД МОЛАДЗІ 

Разам з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў раскопках удзельнічаюць валанцёры і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, вышэйшых навучальных устаноў Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Полацка. Гэта каштоўная магчымасць для маладых людзей атрымаць навыкі, адкрыць для сябе новае месца на карце Беларусі і зрабіць унёсак у лёс важнага помніка. 

— Гэта вельмі пазнавальна. І я ўпэўнена, што ўсім нашым хлопцам і дзяўчатам падабаецца, асабліва калі атрымліваецца нешта знайсці, — дзеліцца ўражаннямі камандзір студатрада Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Анастасія Худзік. — Нядаўна трапіліся рэшткі вазы, і мы ўсе разам спрабавалі сабраць элементы, як мазаіку. Радаваліся, калі адшукалі нож. А пацеркі ХІ стагоддзя былі, напэўна, самай захапляльнай знаходкай. Як нам патлумачылі, іх часта прапускаюць і выкідаюць. Таму нам пашанцавала. Цікава, як выглядала ўпрыгажэнне цалкам, хто яго насіў і хто ўвогуле жыў на гэтым месцы. 

Хоць адмыслоўцы ўжо атрымалі нямала артэфактаў, што дапаўняюць старонкі нашай гісторыі, цяперашнія археалагічныя работы — гэта толькі пачатак. Навукоўцаў чакае каласальная прастора для пошукаў. Сёлета раскопкі працягнуцца да халадоў. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА