Манумент у віртуальным фармаце

Апублiкавана: 05 верасня 2023 Стужка Музеі не указан Соцыум

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Больш за 40 тысяч памятных месцаў Вялікай Айчыннай вайны налічваецца ў нашай краіне. Данесці іх мінуўшчыну сучаснікам імкнецца Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Патрыёты Беларусі”. Дзеля гэтага актывісты запусцілі маштабны праект “Захаваем гісторыю”.

Чальцы арганізацыі хочуць не проста сабраць і прэзентаваць сухую статыстыку, а сучасным спосабам распавесці беларусам поўныя і праўдзівыя звесткі пра вайну, паглыбіць суайчыннікаў ва ўспаміны салдат і сведак ліхалецця. 

— Усё далей адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, непасрэдных яе ўдзельнікаў з кожным годам становіцца менш. Тым большая адказнасць ускладаецца на нас, нашчадкаў Перамогі, якія павінны захаваць і перадаць гісторыю сваім патомкам, — тлумачыць актуальнасць праекта прэс-сакратар грамадскага аб’яднання Ірына Сінькевіч. — Цяперашні час смела можна назваць паваротным, таму што ідзе паўнацэнная інфармацыйная вайна па скажэнні фактаў, перапісванні гісторыі. Усімі сіламі мы мусім гэта прадухіліць. 

Летась, у Год гістарычнай памяці, “Патрыёты Беларусі” пачалі рэспубліканскі праект “Захаваем гісторыю”. Сябры згуртавання збіраюць матэрыялы па мінуўшчыне памятных мясцін ад першакрыніц і звяртаюцца да архіўных фондаў, алічбоўваюць і дадаюць у аўдыя- і відэафармаце на адмысловы сайт. 

Аўдыторыі даступныя аповеды, запісаныя ад імя сведкаў і ўдзельнікаў ваенных падзей. Знайсці звесткі пра канкрэтны манумент ці пахаванне можна праз інтэрактыўную карту Беларусі і формы пошуку на інтэрнэт-партале. Перайсці на старонку мясціны можна і непасрэдна ля яе. Побач з помнікамі актывісты ўсталёўваюць шыльды з QR-кодамі, якія вядуць на сайт “Захаваем гісторыю”. Ужо алічбавана звыш 2 тысяч аб’ектаў, яшчэ тысяча папоўніць базу сёлета. 

Мяркуецца, што неўзабаве на партале з’явяцца выдадзеныя тамы серыі “Кніга Памяці. Беларусь”, суаўтарамі якой выступаюць чальцы аб’яднання “Патрыёты Беларусі”. Гэта альбом з фотаздымкамі воінскіх пахаванняў, картамі стратэгічных аперацый, копіямі ўзнагародных дакументаў герояў. Выпушчана кніга па Гомельскай вобласці, а цяпер рыхтуецца да друку том, прысвечаны Віцебшчыне. 

Праект “Захаваем гісторыю” знайшоў водгук у мноства арганізацый і ўстаноў, асобных энтузіястаў. Распрацоўку і рэалізацыю ініцыятывы падтрымала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Да карыснай справы далучыліся Нацыянальнае кадастравае агенцтва, органы выканаўчай улады ва ўсіх раёнах, краязнаўчыя музеі і навучальныя ўстановы. Таксама праект паступова выходзіць на міжнародную арэну: ім зацікавіліся партнёры з Расіі. Усходнія суседзі хочуць падключыцца да ініцыятывы і перавесці яе на ўзровень адзінага партала, які будзе захоўваць усю інфармацыю пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай. 

Як адзначыла Ірына Сінькевіч, у адрас аб’яднання паступае шмат тэлефанаванняў з пазітыўнымі водгукамі і падзякамі, з запытамі пра пошук сваякоў, пахаваных на нашай зямлі. “Патрыёты Беларусі” ўсцешаны вялікай увагай да свайго праекта і заклікаюць суайчыннікаў далучыцца. 

— Мы вельмі спадзяёмся на супрацоўніцтва. Таму што заставацца безудзельным у барацьбе за гістарычную памяць нельга. Варта прыцягваць і моладзь. Радасна бачыць, што справа адгукаецца ў душах хлопцаў і дзяўчат, калі мы сустракаемся ў дзіцячых лагерах, на дыялогавых пляцоўках, — заўважыла прадстаўніца аб’яднання. 

Ахвотныя могуць дапамагчы знайсці неалічбаваныя манументы або падзяліцца сваёй сямейнай гісторыяй, фотаздымкамі і нават агучыць аповед для партала. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота РГА “Патрыёты Беларусі”