Дзверы адчыняюцца: Мельпамена ў чаканні гледачоў

Пачынаецца (а дзесьці ўжо і распачаўся) новы тэатральны сезон. Сёлета ён абяцае быць як ніколі насычаным. У адным толькі верасні - адразу два фестывалі: “Белая Вежа” ў Брэсце і “Лялькі над Нёманам” у Гродне. У лістападзе - Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску. У снежні - Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. І так да канца сезона: што ні тыдзень - прэм’еры ды іншыя тэатральныя падзеі. 

 Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі распачынае юбілейны 90-ы сезон. Учора адбылася прысвечаная гэтаму прэс-канферэнцыя, дзе кіраўніцтва калектыву на чале з генеральным дырэктарам Кацярынай Дулавай раскрыла ўсе сакрэты. Цягам 6-9 верасня тут можна будзе паглядзець прэм’еры мінулага сезона: балет “Спячая прыгажуня” і камічную оперу “Любоўны напой”, прычым кожны са спектакляў пройдзе двойчы запар. Цудоўная магчымасць параўнаць выканальніцкія склады! 28 верасня - прэм’ера “Жызелі” ў пастаноўцы нядаўна прызначанага галоўнага балетмайстра Ігара Колба. А праз два дні ў Камернай зале імя Л.Александроўскай акурат да Міжнароднага дня музыкі 1 кастрычніка - прэм’ера оперы “Моцарт і Сальеры” Рымскага-Корсакава ў пастаноўцы... Сальеры: колішні выканаўца гэтай партыі Алег Мельнікаў цяпер выступае рэжысёрам. Не супакоіўшыся згаданым “Любоўным напоем”, галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная звярнулася да “Снежнай каралевы”: гэтая опера Сяргея Баневіча з’явіцца ў снежаньскай афішы да зімовых святаў. Увесну мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст Беларусі і СССР Валянцін Елізар’еў нанова ўвасобіць балет “Дон Кіхот”, а італьянская пастаноўчая каманда прапануе сваю версію оперы “Севільскі цырульнік” Расіні.

У наступную нядзелю музыканты аркестра, што склалі брас-квінтэт, дадуць канцэрт да Дня горада, абраўшы для гэтага... сцэну ля фантана. Але ў прамым сэнсе слова! Бо выступяць яны на вуліцы, за гадзіну да пачатку “Лебядзінага возера”. 

Кастрычнік будзе гастрольным. Адразу з чатырма спектаклямі паляціць у Таіланд балетная трупа. У Маскве, на сцэне Вялікага тэатра Расіі, будуць паказаны опера Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” паводле У.Караткевіча і елізар’еўскі “Шчаўкунок”. А на оперным фестывалі ў Ёшкар-Але цэнтральнымі героямі “Яўгена Анегіна” паўстануць нашы салісты Уладзімір Громаў, Марта Данусевіч і Тарас Прысяжнюк.

Не забудзецца тэатр і на дзяцей, для якіх будуць зладжаны не толькі ўласна спектаклі і музычна-тэатральныя праграмы, уключаючы Дзень адчыненых дзвярэй, але і разнастайныя адукацыйныя, экскурсійныя, а таксама авангардна-эксперыментальныя праекты. Юнымі артыстамі папоўніцца Дзіцячы музычны тэатр-студыя Вялікага тэатра: 18 верасня тут пройдзе праслухоўванне прэтэндэнтаў. 

Адначасова з Вялікім адчыніць сезон Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. 6 верасня калектыў прапануе агледзіны “Нявесты з Імерэтыі”, што стала ўпрыгожаннем мінулага сезона, а ў канцы месяца рушыць на гастролі: Тула -  Краснадар - Новарасійск. На нашай сцэне ў гэты час будзе валадарыць Дзяржаўны акадэмічны тэатр класічнага балета пад кіраўніцтвам Н.Касаткінай і У.Васілёва. Госці пакажуць чатыры свае спектаклі (“Дама з камеліямі”, “Дон Кіхот”, “Стварэнне свету”, “Папялушка”) і гала-канцэрт. 

Інфармацыяй пра будучыя прэм’еры Музычнага падзяліўся мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч. Так, ужо 23 і 24 верасня спатканне прызначыць кальманаўская “Герцагіня з Чыкага”, учынкамі якой кіруе запрошаны народны артыст Расіі Юрый Лапцеў. Маладая рэжысёр Вікторыя Чыгілейчык пачне працаваць над мюзіклам Максіма Дунаеўскага “Пунсовыя ветразі”. Галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Кавальчык запаліўся жаданнем увасобіць “Цудоўную Алену” Жака Афенбаха. Гэта не проста аперэта, а практычна опера: французскі класік паставіў сабе на мэту рабіць пародыі на оперны жанр і тым самым стварыў у канцы ХІХ стагоддзя новае жанравае адгалінаванне. Балетмайстар Сяргей Мікель возьмецца за “Вестсайдскую гісторыю”. Але гэта будзе не знакаміты мюзікл Л.Бернстайна, а менавіта балет на сумесь гэтай музыкі з творамі Д.Гершвіна. Нарэшце, папулярны расійскі кінаакцёр Марат Башараў, які неаднойчы ўдзельнічаў у нашай пастаноўцы аперэты “Граф Люксембург” Ф.Легара, паставіць вадэвіль “Гульня кахання”. 

Надзвычай насычанай выглядае вераснёўская афіша Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Яно і зразумела: гэты калектыў, як і Вялікі тэатр Беларусі, адзначае 90-ы сезон, распачаты ў жніўні. Пра тое, чаго чакаць надалей, на зборы трупы расказаў мастацкі кіраўнік калектыву, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Сяргей Кавальчык. На наш запыт кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі Іна Аксёнава пацвердзіла, што ў юбілейным сезоне гледачы ўбачаць наступныя прэм’еры: “Месяц у вёсцы” Тургенева (рэжысёр-пастаноўшчык - народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч), “Ідыёт” Дастаеўскага (Івана Жыган з Сербіі), “Сэлфі са склерозам” Валадарскага (Марыя Матах), “Адурманены муж” Мальера і “Беспасажніца. Opus 40” Астроўскага (Сяргей Кавальчык).   

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы куды старэйшы: ён адкрыў ужо 103-і сезон. Акурат у Дзень ведаў і, па традыцыі, “Паўлінкай”. 16 верасня сваё бачанне “Гарачага сэрца” Астроўскага прапануе заслужаная дзеяч мастацтваў Беларусі, рэжысёр Валянціна Еранькова. Малады Данііл Філіповіч, які неаднойчы прыцягнуў увагу сваймі рэжысёрскімі пошукамі і знаходкамі, выпусціць “Рамэа і Джульету”: ён атрымаў грант Міністэрства культуры на пастаноўку гэтага спектакля. 

Свайму 31-у сезону, што пачаўся ў жніўні, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі даў назву “Сезон імгненняў”. Да канца года тут запланаваны прэм’еры спектакляў “Не да смеха” ў пастаноўцы Святланы Навуменка і гогалеўскіх “Гульцоў” у версіі расійскага рэжысёра Сяргея Фядотава з Пярмі. А яшчэ РТБД - самы, бадай, актыўны ўдзельнік фестывальнага руху: за адну толькі восень калектыў здзейсніць чатыры фестывальныя ваяжы па Беларусі і Расіі. 

Адчыняючы дзверы пасля нядоўгіх летніх вакацый, Беларускі дзяржаўны акадэмічны ТЮГ прапанаваў своеасаблівую справаздачу: адзін за адным пройдуць тры прэм’ерныя спектаклі канца мінулага сезона: 15 верасня - “Фігаро”, 16-га - “Альпы. Сорак першы” паводле Васіля Быкава (да гэтага часу спектакль паспее пабываць на брэсцкім Міжнародным фэсце “Белая Вежа”), 17-га -  “Кентэрвільскі прывід”. Чарговай прэм’ерай стане запланаваны на снежань “Яўген Анегін”. Следам за ім -  штодзённы пракат навагодняга прадстаўлення “Аднойчы ў Салодкаградзе”. 23 - 24 верасня на мінскай сцэне будзе гастраляваць Калужскі абласны ТЮГ, які пакажа прысвечаны Вялікай Айчыннай “Вясновы дзень 30 красавіка”, а таксама рускую народную казку “Іван Царэвіч і Шэры воўк”. У сваю чаргу, мінчане павязуць у Калугу “Муху-Цакатуху” і “Доктара Айбаліта”.  

Шмат прэм’ер чакаецца ў Новым драматычным. Прычым большасць з іх аддадзена маладым рэжысёрам. Лізавета Машковіч, якая здзейсніла ўжо некалькі ўдалых пастановак у гэтым творчым калектыве, увасобіць казку “Прынц і птушка” Таццяны Ермалаевай: гэта будзе навагодні падарунак для дзяцей. Вядомы артыст Арцём Пінчук, які некаторы час таму паспяхова пачаў сумяшчаць акцёрскую ігру з рэжысёрскай кар’ерай, паставіць два спектаклі: 22 верасня чакаецца прэм’ера яго бачання “Лялечнага дома” Г.Ібсена, а ў пачатку 2023 года выйдуць “Прымакі” Янкі Купалы. Мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кулікоўскі рыхтуе спектакль “Прымадонны” па п’есе амерыканскага драматурга і рэжысёра Кена Людвіга.  

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек запросіць гледачоў стаць сведкамі адкрыцця сезона не абы-дзе, а “У краіне нявывучаных урокаў”: леташняя прэм’ера гэтай вясёлай, але і павучальнай дзіцячай казкі паводле вядомага савецкага мульціка найлепей адпавядае пачатку новага вучэбнага года. Першая прэм’ера сезона, што адбудзецца 15 верасня, адразу наблізіць “Ноч на Каляды” сваімі вялізнымі снежнымі гурбамі на сцэне. Яшчэ адну прэм’еру будзем чакаць ад крэатыўнага Яўгена Карняга, які стаў штатным рэжысёрам калектыву. Са спектаклем “Марынка-крапіўніца” трупа запрошана на Першы міжнародны фестываль “Вытокі”, што пройдзе ў Маскве, у тэатры лялек С.Абразцова. А “Нататкі юнага лекара” знойдуць прытулак у Санкт-Пецярбургу, на 32-м Міжнародным фестывалі “Балтыйскі дом”. Дарэчы, там іх “суседзямі” стануць яшчэ два беларускія спектаклі: “Камень дурасці” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і “Карэніна” творчага праекта “ТрыТфармаТ”. 

Маладзёжны тэатр эстрады прапануе для пачатку гала-канцэрт “Адкрыццё сезона”, куды змесціць як лепшыя нумары з абкатанага рэпертуару, так і прэзентацыю новых праектаў. Так, на 11 лістапада прызначана прэм’ера эстраднага харэаграфічнага шоу “Прыма і яе мужчыны”, прыдуманага і ўвасобленага галоўным балетмайстрам тэатра Таццянай Трафімавай. Да зімовых святаў -  казка “Як мядзведзь Патапыч Новы год выратоўваў” і многа іншых цікавостак ды прыемных сюрпрызаў. 

У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры на найбліжэйшы час запланаваны тры прэм’еры: “Мой бедный Марат” А.Арбузава, “Шалёны дзень, ці Жаніцьба Фігаро” Мальера і “Мільянерша” Б.Шоу.

61-ы сезон Тэатра-студыі кінаакцёра стартуе ў панядзелак: 5 верасня - “Той самы Мюнхгаўзен”. Дый надалей - не менш займальныя спектаклі.

- Свой 33-і сезон мы адкрыем 16 верасня, -  гаворыць Раман Цыркін, галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа. -  У гэты дзень пакажам новы спектакль “Дзіўныя людзі” паводле твораў Антона Чэхава. Мы з’ядналі тры з іх: “Прапанова”, “Юбілей” і “Мядзведзь”. Інсцэніроўку я рабіў разам з былой актрысай Вікторыяй Бачура, якая таксама выступіла асістэнтам рэжысёра. Прэм’ера адбылася 8 і 9 ліпеня, гледачы цёпла прынялі нашу працу. У жніўні споўнілася 80 гадоў з дня народзінаў і 50 -  з дня заўчаснай гібелі вядомага расійскага драматурга Аляксандра Вампілава. Таму днямі прыступаю да пастаноўкі спектакля “20 хвілін з анёлам” паводле яго “Правінцыйных анекдотаў”, прэм’ера запланавана на пачатак лістапада. Да навагодніх святаў будзем рыхтаваць казку “Тры Дзяды Марозы”, яшчэ адзін дзіцячы спектакль запланаваны да летніх вакацый. А ў сакавіку, да Міжнароднага дня тэатра, выпусцім, пэўна, рускія вадэвілі, якія так любіць публіка: зараз ідзе пошук і адбор адпаведнага літаратурнага матэрыялу. Запрасілі Наталію Башаву, каб яна паставіла спектакль “Яго донжуанскі спіс” па аднайменнай п’есе сучаснага расійскага драматурга Валянціна Краснагорава. Запланаваныя ў нас і паездкі. Пачынаючы з 2010 года, праводзім абменныя гастролі з РТБД, што заўсёды праходзяць пры аншлагах. Так, 1 кастрычніка прывязём у Мінск камедыю “Асабліва кахаючы таксіст” і дзіцячую прэм’еру мінулага сезона - “Сяброўства ў сасновым бары, альбо Цырк на паляне”. 13 кастрычніка пакажам іх у Маладзечне. Праца кіпіць! Дзіцячыя спектаклі пачнуцца ўвогуле з 3-га верасня. А напярэдадні, акурат 2-га верасня, на базе нашага тэатра адбыўся фестываль “На зямлі Тураўскай”. Летась ён праходзіў у Жыткавічах, мы паказвалі там свой спектакль “Людзі на балоце” паводле Івана Мележа, адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй Беларусі ў дзвюх намінацыях, і зноў сталі лаўрэатамі. Таму сёлета гэты фестываль рушыў да нас, і мы прапанавалі гледачам урывак з “Прымакоў” Янкі Купалы - спектакля, які ў свой час стаў лаўрэатам Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Нежыне ва Украіне. 

Гомельскі абласны драмтэатр пачынае сезон прэм’ерай: 15 і 16 верасня з дапамогай вядомага сталічнага рэжысёра Сяргея Кавальчыка тут будуць разгаданы “Таямніцы замка Шынон”, знойдзеныя ў п’есе Д.Голдмена “Леў зімой”. На лістапад планаваўся спектакль па В.Быкаву - “Пайсці і не вярнуцца”, да зімовых святаў - навагодняя казка. У маі павінен адбыцца чарговы фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Увогуле, як прызнаўся мастацкі кіраўнік Сяргей Лагуценка, хацелася б узяць курс на маладых расійскіх і беларускіх рэжысёраў, як гэта адбылося, да прыкладу, у нашумелай фінальнай прэм’еры мінулага сезона -  “Маленькія трагедыі. Пушкін”. 

На творчую, удумлівую моладзь арыентуецца і Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр, для якога такі кірунак - самы важны і перспектыўны: у 2022 - 2023 гадах пастаноўкі запрошаны здзейсніць тры маладыя рэжысёры з Расіі і Балгарыі.  

Мінскі абласны драматычны тэатр, што ў Маладзечне, 14 верасня адкрывае 32-і сезон прэм’ерай фарса “Удачы і ... наступны!” у пастаноўцы Дзяніса Нупрэйчыка.

- Здача спектакля адбылася ў мінулым сезоне, -  паведаміла дырэктар тэатра Алена Сакалоўская, - але з-за хваробы вядучага артыста Алега Чэчанева прэм’еру давялося перанесці. Зараз працуем над некалькімі праектамі. Адным з самых значных з іх з’яўляецца сумесны -  разам з Мінскім абласным краязнаўчым музеем. Да Дня Незалежнасці Беларусі ў музеі адкрывалася экспазіцыя “Памяць і боль Мінскай зямлі”, прысвечаная генацыду беларускага народа і створаная пры садзейнічанні абласной і раённай пракуратуры. Нашы артысты падрыхтавалі да гэтага тэатралізаваны пралог “Нячутныя крокі”. Паказ вельмі ўзрушыў гледачоў, было вырашана працягнуць працу, каб да такой важнай тэмы дакранулася як мага больш гледачоў, у тым ліку моладзі, школьнікаў. Таму цяпер ладзіцца сумесны праект “Ніколі больш...” - па назве новай музейнай экспазіцыі. У кастрычніку-лістападзе выпусцім яшчэ адну прэм’еру з рэжысурай Дзяніса Нупрэйчыка - “Гарбата з вярблюдам”. Запланаваныя ў нас і паездкі -  са спектаклямі мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Анісенкі: у Перм на Міжнародны фестываль Марціна МакДонаха з “Каралевай прыгажосці” па яго п’есе і ў Вялікі Ноўгарад на Міжнародны фестываль Дастаеўскага з “Сёстрамі Дастаеўскага”. Хочацца спадзявацца, што ўсё задуманае здзейсніцца.

135-ы сезон Магілёўскага абласнога тэатра драмы, як пазначана ў афішы, пачнецца 15 верасня творчым вечарам актрысы Галіны Угначовай “130 эпізодаў кахання”, прымеркаваным да 55-годдзя яе службы ў тэатры. Пра далейшыя планы расказала загадчыца літчасткі Галіна Танчык: 

- Маладая рэжысёр Каміля Хусаінава пачала працу над новай пастаноўкай па п’есе Астроўскага “Шалёныя грошы”. У кастрычніку плануем запусціць у вытворчасць “Маленькія трагедыі” Пушкіна, якія паставіць Міхась Лашыцкі. Да Новага года парадуем юных гледачоў новай казкай. Гэта нашы найбліжэйшыя прэм’еры. А паралельна, зразумела, вядзецца падрыхтоўка XVI Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”.

Магілёўскі абласны тэатр лялек пачаў 46-ы сезон не проста паказам “Марыйкі ў казачнай краіне”, але і цікавай гульнёвай праграмай. У канцы верасня - удзел у фестывалі “Лялькі над Нёманам” і гастролі ў сталіцу адразу з двума спектаклямі: на славутай купалаўскай сцэне пройдуць “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” і “Сіняя-сіняя” па У.Караткевічу. 

У лістападзе цэнтрам прыцягнення Магілёўшчыны стане Бабруйск: у тамтэйшым Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча адбудзецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі, у шасцідзённай праграме якога -  11 спектакляў з усіх рэгіёнаў нашай краіны.   

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы адкрывае сезон адразу з 26-га Міжнароднага фестывалю “Белая Вежа”, што пачынаецца 9 верасня: амаль 30 спектакляў з 9-ці краін Усходу і Захаду - гэта вам не жартачкі. Падключаны да фестывальнай праграмы і Брэсцкі тэатр лялек, дзе, дарэчы, акурат сёння - прэм’ера “Дзікіх лебедзяў” па казцы Андэрсана ў пастаноўцы Дзмітрыя Нуянзіна.  

Слонімскі драматычны тэатр чакае гледачоў 4 верасня, каб узняць іх настрой камедыяй “Палата бізнес-класа” сучаснага расійскага драматурга Аляксандра Кароўкіна: здача спектакля адбылася яшчэ ўлетку. Дзеці ў хуткім часе ўбачаць казку Генадзя Аўласенкі “Вася-лайдачнік у краіне шкодных звычак”. Вядома, запланаваны, як заўжды, і навагодні спектакль, і святочны ранішнік. Збіраецца тэатр і на гастролі. 

- Мы сябруем практычна з усімі айчыннымі тэатрамі, літаральна з кожным наладжаны добрыя творчыя стасункі, - распавёў загадчык літаратурна-драматычнай часткі тэатра Сяргей Чыгрын. - Летась да нас прыязджалі купалаўцы, прывозілі “Паўлінку”. Была дасягнута дамоўленасць, што ў новым сезоне яны наведаюць нас зноў, а мы, у сваю чаргу, зробім да іх творчы візіт у адказ. Увогуле, абменныя гастролі ладзяцца ў нас і з іншымі калектывамі. Асабліва часта, вядома, ездзім у Гродна, дзе выступаем на сцэнах абодвух тамтэйшых тэатральных калектываў: і ў драматычным, і ў тэатры лялек. Часцяком бываем у Маладзечне. Бадай, хіба з Пінскам і Брэстам не было такіх абменных мерапрыемстваў, а з астатнімі - здараецца, і па некалькі разоў на год вандруем. Нашы гледачы таксама вельмі любяць гасцявыя спектаклі, што выяўляецца ў трывалых аншлагах. Таму працу ў гэтым кірункку будзем працягваць. Звычайна канчаткова дамаўляемся за некалькі тыдняў да паездкі: гэтага часу хапае, каб вырашыць усе арганізацыйныя пытанні.

17-ы сезон Палескага драматычнага тэатра, што ў Пінску, пачаўся яшчэ 7 жніўня: гледачы, што прыйшлі ў адноўленую пасля рамонту залу, убачылі “Чорную панну Нясвіжа”, якая карыстаецца нязменнай любоўю публікі. 

- У кастрычніку павінна адбыцца прэм’ера “Прынцэсы Турандот” Шылера, - расказаў рэжысёр-пастаноўшчык (і адначасова акцёр тэатра з унушальным паслужным спісам) Павел Марыніч. -  Гэты касцюміраваны музычны спектакль стане юбілейным у маёй творчасці - 45-м. Вядома, плануюцца і навагодняяя казка, і іншыя цікавосткі. У верасні адбудуцца дзве паездкі ў Расію са спектаклем “Вій”, неаднаразова адзначаным не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Спачатку мы яго павязём у Калугу на гастролі, а потым - на фестываль “Смаленскі каўчэг”, куды сёлета запрошаны лепшыя за дзесяцігоддзе спектаклі гэтага форуму. Вельмі прыемна, што трупа папоўнілася творчай моладдзю: па заканчэнні Магілёўскага каледжа мастацтваў да нас размеркаваны актрысы Настасся Бурмістрава і Дар’я Валошка, пачаў працу выпускнік Віцебскага каледжа мастацтваў Ілья Назаранка. 

Рыхтуюцца да пачатку сезона і віцебскія творчыя калектывы. Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Якуба Коласа спачатку запросіць на Камерную сцэну: 13 верасня сюды завітае “Каралева прыгажосці з Лінэна”, 14-га адбудуюць “Метро”, якое ў лістападзе рушыць на Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйск, а 15-га прапануюць “Пахавайце мяне за плінтусам”. 20 - 22 верасня віцябчане прымуць гасцей з Расіі - Уладзімірскі акадэмічны абласны тэатр драмы з трыма гастрольнымі спектаклямі: “Даходнае месца”, “Халстамер”, “Новы год forever”. А самі паедуць з трыма гастрольнымі спектаклямі ў Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр: “Усе мышы любяць сыр”, “Шагал... Шагал...” і “Ваўкалак”.

У будынку Беларускага тэатра “Лялька” ідзе капітальны рамонт. Тым не менш, калектыў прапануе гледачам прэм’еру - “Каля-Маля” па п’есе Святланы Дарожка ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Віктара Клімчука. У той жа дзень увечары будзе паказаны спектакль Міхася Клімчука “Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех”, уганараваны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй.

- Віктар Ігнатавіч, - папярэдзіла загадчыца літаратурна-драматычнай часткі Людміла Сіманёнак, - цалкам паглыблены ў творчы працэс: прэм’ера “Каля-Маля” запланавана на 17 верасня, а ў пачатку наступнага тыдня пройдзе здача спектакля мастацкаму савету. У кастрычніку-лістападзе ў афішы з’явіцца “Кацёл з каменьчыкаў” па Уладзіміру Караткевічу, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Гэты спектакль стане рэжысёрскім дэбютам артысткі нашага тэатра Марыі Кавалёвай, якая завочна вучыцца рэжысуры ў Санкт-Пецярбургу і неяк раней увасабляла ў нас хіба забаўляльную праграму. Пастаноўчая каманда вельмі сур’ёзна падышла да рэалізацыі задумы: цікавую канцэпцыю прапанавала мастачка Дар’я Дубовік, адпаведную атмасферу надасць спектаклю аўтэнтычная музыка. Надалей, як заўжды, падрыхтуем эксклюзіўны навагодні спектакль, - і паступова рушым да чарговага “Славянскага базару ў Віцебску”, дзе апошнім часам штогод прадстаўляем творчы праект “Лялечны квартал”. 

Гродзенскі абласны тэатр лялек 21 - 26 верасня праводзіць фестываль “Лялькі над Нёманам”. Напярэдадні тут будзе гастраляваць адзін з удзельнікаў гэтага форуму - Разанскі тэатр лялек. Сезон дзіцячых спектакляў гродзенскага калектыву ўжо адкрыты. А для дарослых ён пачнецца 10 верасня праектам “Ноч у тэатры” з паказам спектакля “Час post”. 

Планы Гродзенскага абласнога драмтэатра агучыў дырэктар Ігар Гедзіч: запланаваны прэм’еры спектакляў “Мужчына і жанчына” па п’есе М.Задорнава “Хачу вашага мужа”, “Чатыры каханні Бальзамінава”, “Мой бедны Марат”, “Брэменскія музыкі”, “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”, “Дзве дзюжыны ружаў”, “Вельмі простая гісторыя”. 

Карацей, пачынаецца не проста тэатральны сезон, а сапраўдны драматычна-лялечны кландайк. Засталося толькі золата адшукаць.    

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ