Калекцыянер усмешак

Апублiкавана: 06 верасня 2023 Стужка Цырк Віцебск і воблась Iнтэрв'ю

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Дакладна падлічыць геаграфічныя пункты, праз якія пралягалі шляхі цыркавога артыста Мікалая Чалнакова, няпроста. Вырас ён пад Ніжнім Ноўгарадам, вучыўся ў Маскве, гастраляваў па ЗША, выступаў у знакамітым Cirque du Soleil… А яшчэ некалі завітаў у Віцебск — і цяпер пастаянна вяртаецца ў абласны цэнтр ды расквечвае яго жыццё на свой лад. 

Шпацыруючы па шагалаўскім горадзе, прыкмячаю скульптуру забаўнага артыста з сабачкам. Побач фатаграфуюцца турысты, дзеткі на развітанне труць нос бронзаваму цыркачу. Такая гарадская традыцыя: на ўдачу. “Вулічнага клоўна” віцяблянам 15 гадоў таму падарыў Мікалай Чалнакоў. Месца для фігуры абрана сімвалічнае. Адтуль рукою падаць да Летняга амфітэатра і пляцоўкі, дзе некалі падчас “Славянскага базару” Ні- каля з камандай разгортваў шапіто. За пару крокаў у іншы бок стаіць Музей гісторыі прыватнага калекцыянавання. На Дзень горада артыст зладзіў незабыўнае шоу на даху гэтага будынка. Цяпер ва ўстанове працуе экспазіцыя SALTIMBANQUES з калекцыі спадара Чалнакова. У такім інтэр’еры і знаёмімся з заслужа- ным артыстам Расіі. 

ГІСТОРЫІ СТАРОЙ КАНАПЫ І ШКЛЯНОГА КЛОЎНА 

На сваёй выставе Нікаля (псеўданім Мікалая Чалнакова) смела парушыў звычайныя музейныя парадкі. З шэрай завядзёнкі ён вырывае наведвальніка яшчэ на ўваходзе ў залу. Праём перагароджаны масіўнай старой шафай, і трэба пралезці праз яе, каб прабрацца да экспазіцыі. А за дзверцамі адкрываецца іншы сусвет: вытанчаныя статуэткі, рэквізіт, маскі, музычныя інструменты, творы мастацтва... Нязменна ўвагу гасцей прыцягваюць дзясяткі фігурак клоўнаў з розных матэрыялаў. Ёсць нават упрыгожаныя крышталямі Свароўскі. Пачатак гэтай калекцыі паклала ў 1993 годзе статуэтка з Лос-Анджэлеса. Пазней збор папоўніла дробная пластыка з Іспаніі, Расіі, Кітая, Італіі, Вялікабрытаніі і мноства іншых краін. 

Музейная зала патанае ў разнастайных творах мастацтва. Сцены густа ўвешаны карцінамі Алега Захарэвіча, якія гаспадар выставы збіраў шмат гадоў. Аздабляюць прастору таксама скульптуры Івана Казака, жывапіс Андрэя Духоўнікава і лэнд-арт віцебскай мастачкі Алены Пятровай — жонкі Мікалая Чалнакова. Са звычайных прыродных матэрыялаў у руках майстрыхі і яе вучняў нараджаюцца арыгінальныя кампазіцыі. 

Нікаля ў Віцебску даўно не на правах госця. І цяпер ён задумаўся аб тым, каб размаітая і яркая калекцыя атрымала ў горадзе пастаянную прапіску. Арыгінальны музейчык з падобнымі экспанатамі стаў бы яшчэ адной брэндавай турыстычнай цікавінкай абласнога цэнтра.

Кожны прадмет тут мае неверагодную гісторыю, нясе памяць пра выдатных асоб. Прыкладам, старая канапа — не проста прыгожы антыкварыят. На ёй адпачывалі артысты Юрый Нікулін і Алег Папоў. Мікалай Іванавіч збярог гэты прадмет мэблі. Побач вісіць аркуш з апошнім аўтографам славутага “сонечнага клоўна”. 

Дарэчы, маленькім і нават дарослым наведвальнікам сваволіць у музеі дазваляецца! Можна паскакаць на батуце, пастаяць на шары і пакачацца ў гіраскапічным крэсле. “Я даю магчымасць здзівіцца. Калі захочаце — скарыстаеце. Я не аніматар, а калекцыянер усмешак”, — тлумачыць Мікалай Чалнакоў.

БІЯГРАФІЯ Ў РЭЧАХ 

Гаспадара калекцыі заспяваем за працай: ён падбірае месца для новага экспаната — вялізнага самавара, упрыгожанага буйнымі зялёнымі камянямі. Нарэшце артэфакт пасяліўся на старой лаўцы ў кампаніі выкшталцоных лялек. Адна з іх — напамін пра настаўніцу Мікалая Чалнакова, артыстку, дрэсіроўшчыцу Тэрэзу Дураву. 

Нямала іншых прадметаў расказвае пра незабыўныя сустрэчы, вандроўкі, выступленні Нікаля. Напрыклад, гледзячы на фотакарткі, можна доўга пералічваць сусветных зорак, якія ацанілі талент нашага героя: Арнольд Шварцэнэгер, Элізабет Тэйлар, Мік Джагер... А памяткай пра першы гучны поспех выступае старэнькая афіша цыркавой праграмы “Жыві, зямля!”. Нядаўні выпускнік, паветраны гімнаст Мікалай аздобіў яе надзвычай складаным нумарам, які пазней на конкурсе “Цырк заўтрашняга дня” ўдастоіўся срэбранага медаля. Аб гастролях у Японіі нагадвае серыя аўтарскіх малюнкаў спадара Чалнакова. 

Аўтабіяграфічная нават назва праекта SALTIMBANQUES. Ідэнтычную мела праграма ў Cirque du Soleil, у якой удзельнічаў Мікалай. І, як высветлілася пазней, такое ж найменне ёсць у спісе работ Марка Шагала. У перакладзе гэта — “вандроўны артыст”. А ўладальніку збору давялося спазнаць долю майстра-валацугі. У 1980-я ён разам з сям’ёй выправіўся на гастролі па ЗША, але арганізатары выступленняў раптоўна зніклі разам з заробкам, касцюмамі і рэ- квізітам. Талент і ўдача ўсё ж не вымусілі Мікалая застацца з жонкай і сынам без даху над галавой і працы. Прыйшла прапанова ад малавядомага на той час Cirque du Soleil. 

КАБ НЕ ПЕРАРЫВАЛАСЯ ЖЫЦЦЁ 

Артыст Нікаля ў Віцебску даўно не на правах госця. І цяпер ён задумаўся аб тым, каб размаітая і яркая калекцыя атрымала ў горадзе пастаянную прапіску. Арыгінальны музейчык з падобнымі экспанатамі стаў бы яшчэ адной брэндавай турыстычнай цікавінкай абласнога цэнтра. Хацелася б, каб мясцовыя ўлады зрабілі ў гэтым пытанні пару крокаў насустрач майстру. 

Зрэшты, акрамя Віцебска, Мікалай знайшоў яшчэ адзін пункт на карце Беларусі, дзе можна прымяніць свой запал і талент. Разам з жонкай Аленай спадар Чалнакоў набыў старую закрытую школу ў вёсцы Зябкі на Глыбоччыне. Адразу некалькі будынкаў артыст вяртае да жыцця і ператварае ў яркую прастору “Аранжавы млын”. Назву пляцоўцы даў закінуты млын у гэтай жа мясцовасці, век якога Нікаля таксама хоча працягнуць, пасяліўшы ў непатрэбных нікому сценах арт-праекты. Былыя класы цяпер упрыгожаны прадметамі мастацтва. У планах — асобная экспазіцыя “Свет Юрыя Нарштэйна”. 

“Я магу толькі ствараць і аднаўляць. Іншага рабіць не ўмею”, — прызнаецца Нікаля. Да ўсіх ініцыятыў яго падштурхоўвае жаданне данесці людзям думку, што варта ўзбагачаць сваю зямлю, прысвячаць жыццё стварэнню і ў такім духу выхоўваць наступныя пакаленні. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара і Віктара ДУЛЕВІЧА