За­ха­ваць па­мяць аб подзві­гу. Учора, сёння, заўтра Брэсцкай крэпасці

Апублiкавана: 05 верасня 2023 Стужка Музеі Брэст і вобласць Iнтэрв'ю

Аўтар: РУДАК Антон

У мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” прызначаны новы дырэктар —Аляксандр Каркатадзэ. Як паведаміў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, прадстаўляючы кіраўніка супрацоўнікам, на сёння створаны ўсе ўмовы для творчай натхнёнай дзейнасці па рэалізацыі перспектыўных планаў і канцэптуальным развіцці ўстановы.

— Абарона Брэсцкай крэпасці — адна з самых трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі нашай краіны наогул, — заявіў Валерый Грамада, даючы наказ новаму дырэктару.— Вельмі важна захоўваць памяць, своечасова рэстаўраваць і музеефікаваць унікальныя элементы мемарыяльнага комплексу, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, падтрымліваць аб’екты на высокім якасным узроўні. 

ЗНАЁМАЯ З ДЗЯЦІНСТВА 

Па словах Аляксандра Карката- дзэ, Брэсцкая крэпасць сёння — незвычайны кангламерат сведчанняў аб падзеях розных эпох. Яе можна акрэсліць і як своеасаблівы архітэктурны палімпсест: абарончыя ўмацаванні Расійскай імперыі паўсталі тут у 1830-я гады на месцы амаль дазвання зруйнаванага для пабудовы цытадэлі старажытнага горада. Відаць, гэтаму месцу было наканавана цягам усёй гісторыі пастаянна зазнаваць страшэнныя разбурэнні і ваенныя трагедыі. Звернем увагу на геаграфічнае становішча абласнога цэнтра і крэпасці: іначай, пэўна, і быць не магло — нездарма Брэст доўгія гады існавання ў складзе як савецкай, так і сучаснай незалежнай Беларусі ўспрымаецца як брама краіны на яе заходнім рубяжы. 

Аляксандр Каркатадзэ згадвае, што з дзяцінства цікавіўся мінуўшчынай. Скончыўшы ў 2000 годзе гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, па размеркаванні трапіў у Брэсцкі абласны краязнаўчы музей і менавіта ў гэтай установе атрымаў базавыя веды па музейнай справе. А ўжо ў 2003-м уладкаваўся ў Брэсцкую крэпасць — і невыпадкова, бо Аляксандра заўжды цікавіла легендарная абарона ў 1941-м. З гэтай гістарычнай мясцінай наш суразмоўца быў знаёмы з маленства: бацька загадваў тутэйшай фоталабараторыяй. Такім чынам, у мемарыяльным комплексе сам Аляксандр Каркатадзэ працуе ўжо 20 гадоў, з іх апошнія 13 ён узначальваў філіял “Музей «5 форт»”. 

Сярод першачарговых задач установы новы кіраўнік называе адстойванне праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, вывучэнне абароны Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе, а таксама ранейшых эпізодаў яе гісторыі — і часоў Расійскай імперыі, і міжваеннага перыяду. Важнае выкананне планавых паказчыкаў, бо і экскурсійнае абслугоўванне, і індывідуальнае наведванне, і арганізацыя выстаў маюць істотнае значэнне для захавання памяці аб подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З пачатку года да жніўня ў Брэсцкую крэпасць завітала ўжо больш за 386 тыс. чалавек, па ёй было праведзена больш за 7 тыс. экскурсій. 

ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ І ПЕРСПЕКТЫВЫ 

Як расказаў Аляксандр Карката- дзэ, сёння мемарыяльны комплекс — адзін з музеяў краіны, якія развіваюцца найбольш дынамічна. Акрамя Музея абароны Брэсцкай крэпасці, які дзейнічае з 1956 года, было адкрыта некалькі новых экспазіцый: у 2014-м — “Музей вайны — тэрыторыя міру”, у 2017-м — “Армейскі клуб”, у 2019-м — “Летапіс Брэсцкай крэпасці”, у 2020-м — “Абарона Усходняга форта” і ў 2021-м — “5 форт”. Гэта вынік вялікіх намаганняў работнікаў комплексу, а таксама плён супрацоўніцтва са спонсарамі, рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы, у рамках якой у 2018—2021 гадах рэканструяваліся збудаванні ў цытадэлі. 

Музейныя экспазіцыі мемарыяльнага комплексу не толькі ў поўнай меры раскрываюць карціну працяглай абароны крэпасці, але і распавядаюць аб ранейшых этапах яе гісторыі і далейшых лёсах байцоў — многія з іх удзельнічалі ў вызваленні Беларусі і краін Еўропы, у падпольным і партызанскім руху. Асаблівая ўвага звернута на цяжкі шлях да прызнання подзвігу крапаснога гарнізона, на жыццё сем’яў, чальцы якіх абаранялі цвярдыню. Экспазіцыя філіяла “5 форт” падрабязна знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй фартыфікацыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Сёння распрацоўваецца новы праект Саюзнай дзяржавы па далейшай рэстаўрацыі і музеефікацыі комплексу. 

Таксама ва ўстанове праводзіцца вялікая даследчая работа, вывучаецца 29 тэм аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны па 13 напрамках, фонды налічваюць больш за 5 тыс. спраў. Наладжана супрацоўніцтва з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Цэнтральным архівам Федэральнай пагранічнай службы, Расійскім дзяржаўным ваенным архівам і Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архівам. Акрамя таго, устаноўлены кантакты з Музеем Перамогі ў Маскве, з грамадскімі арганізацыямі і прадстаўнікамі пошукавага руху. 

З ПАШАНАЙ ДА ЖЫВЫХ І МЁРТВЫХ 

За стварэнне экспазіцыі “Музей вайны — тэрыторыя міру” ў 2014 годзе калектыву мемарыяльнага комплексу была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а ў 2021-м за значныя дасягненні ў захаванні гістарычнай спадчыны і ўвекавечанне памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны — ордэн Францыска Скарыны. 

У 2022 і 2023 гадах установу таксама занеслі на Рэспубліканскую дошку гонару, а ў 2022-м калектыў узнагародзілі граматай Міністэрства культуры ў намінацыі “За найлепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі сярод арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі сферы культуры рэспубліканскага падпарадкавання”. На конкурсе “Спазнай Беларусь” мемарыяльны комплекс прызналі найлепшым музеем рэспубліканскага падпарадкавання. 

Аляксандр Каркатадзэ падкрэслівае: важна даносіць да наведвальнікаў, што перадусім Брэсцкая крэпасць — мемарыяльны комплекс, а не турыстычны аб’ект. Людзі мусяць не забываць, што гэта месца памяці, дзе знаходзяцца магілы абаронцаў Айчыны, і паводзіць сябе тут належыць з павагай. Установа нацэлена на маральнае і духоўнае развіццё, а не на задавальненне забаўляльных патрэб. Сёння мемарыял з’яўляецца яскравым прыкладам захавання памяці аб трагічных і гераічных падзеях мінулага, аб’ядноўвае сведчанні аб мностве пластоў нашай агульнай гісторыі. 

Антон РУДАК