Па старонках беларускай кінакласікі

Апублiкавана: 07 верасня 2023 Стужка Кіно Мінск Тэма

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Савецкаму кінематографу споўнілася 104 гады. За доўгую гісторыю ён падарыў свету незабыўныя карціны, якія радуюць гледача і да гэтай пары. Напярэдадні знамянальнай даты згадаем брэнды студыі “Беларусьфільм”, якія заслужана лічацца золатам айчыннага кіно.

ДЗІЦЯЧАЯ КЛАСІКА 

У савецкі перыяд “Беларусьфільм” стаў калыскай дзіцячага і юнацкага кіно. Шчырае, захапляльнае, здольнае натхніць, яно не толькі выхоўвала юных патрыётаў, але і вучыла законам міру і дабра, адлюстроўвала, якім павінна быць сапраўднае сяброўства. 

Самы касавы дзіцячы фільм у гісторыі беларускага савецкага кінематографа — “Дзяўчынка шукае бацьку” рэжысёра Льва Голуба — трапіў на экраны больш за 60 гадоў таму. Тады правы на паказ купілі 90 краін, а сама стужка паспела павандраваць па фестывалях і атрымаць некалькі ўзнагарод. Здымкі адбываліся і ў павільёнах Мінска, аднак асноўная частка — на натуры ў Мазыры і яго ваколіцах. Там група правяла 153 дні. Тысячы жыхароў горада ўдзельнічалі ў масавых сцэнах. Калі ў 1959 годзе прайшла прэм’ера, карціну ў кінатэатрах было цяжка глядзець: гук дынамікаў заглушалі захопленыя воклічы людзей, якія пазнавалі сябе на экране. 

 "Дзяўчынка шукае бацьку" (1959)

 "Дзяўчынка шукае бацьку" (1959)

Асноўны матыў кіно — ваеннае маленства, калі на плечы мільёнаў хлопчыкаў і дзяўчынак ляглі цяжкія выпрабаванні, што вымусілі дзяцей у адзін дзень стаць дарослымі. Аднак фільм выйшаў незвычайна цёплым, нягледзячы на тэматыку. Аўтары расставілі сілы дабра і зла так, каб гэта было зразумела юнаму гледачу, не звяртаючыся да гвалту на экране: усе трагедыі застаюцца па-за кадрам, нагадваючы пра сябе толькі мастацкім намёкам. Асаблівую асалоду выклікае ігра маленькіх акцёраў, праўдзівая, непадробная. Характэрна, што кожны з іх уліваўся ў працэс, як у захапляльную, але даволі сур’ёзную гульню, з вялікай аддачай увасабляў ролю. У дзіцячы ансамбль арганічна ўпісваюцца і дарослыя, якія яшчэ не забыліся на жахі вайны, а таму выконваюць партыі без фальшу. 

НАРОДНАЯ ФІЛАСОФІЯ 

Бадай, самая знакамітая кінакамедыя, знятая на студыі “Беларусьфільм”, — гэта карціна “Белыя росы” рэжысёра Ігара Дабралюбава. Яе і сёння працягваюць разбіраць на цытаты. У свой час стужка стала найбольш касавым праектам у гісторыі айчыннага кіно, сабраўшы звыш 36 мільёнаў гледачоў. Сюжэт фільма па матывах п’есы Аляксея Дударава “Вечар” разгортваецца на фоне ўрбанізацыі: вёску Белыя Росы зносяць, а на яе месцы плануюць узвесці модныя шматпавярховікі. Падчас здымак ролю гэтага паселішча прымерала Дзевятоўка, якая ў той момант станавілася часткай Гродна. 

Нягледзячы на заяўленую “народную камедыю”, у стужцы шмат драмы. Але не напускной і кідкай, як прынята паказваць на экранах цяпер, а ціхай, жыццёвай. Карціну вылучае актуальная для таго часу тэма, якая не дазваляе гісторыі і акцёрам быць фальшывымі, бо ўсё гэта — рэальнасць, з якой тады давялося сутыкнуцца. Неаддзельны ад савецкага кіно патрыятызм у “Белых росах” (як і ў іншых фільмах той эпохі) не крыклівы. Ён не б’е куляй у лоб, а мякка ўшываецца ў “выварат” гісторыі — яе падтэкст. У камедыі Дабралюбава патрыятызм перадаецца праз аповед пра паходжанне назвы вёскі і яе жыхароў. Уважліваму гледачу не будзе складана ўлавіць сувязь “белых”, чыстых “рос” з беларусамі. Любоўю да радзімы і сумам па ёй прасякнуты і сны трох братоў, якія адчуваюць адзінства з роднай зямлёй і сям’ёй. 

Філасофія “Белых рос” увасабляецца ў бытавых сітуацыях, аднак каранямі сягае ў фундаментальныя тэмы, цэнтральная з якіх — сэнс знаходжання чалавека на зямлі. Разважанні пра вечнае ў вуснах персанажаў хай і здаюцца простымі, далёкімі ад праблем сённяшніх, але нясуць ісціну, да якой сучаснаму чалавеку варта было б вяртацца часцей. І яна не ў віне, а ў прыналежнасці да радзімы. 

ТАЯМНІЧАЯ ГІСТОРЫЯ 

Першы савецкі містычны трылер — “Дзікае паляванне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка — выйшаў на экраны ў 1979 годзе. Зняты паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, фільм, тым не менш, моцна адрозніваецца ад арыгінала. Рэжысёр адмовіўся ад многіх сюжэтных ліній, і нават асноўная думка, закладзеная літаратарам, была адшліфавана на карысць больш філасофскаму сэнсу. 

"Дзікае паляванне караля Стаха" (1979)

"Дзікае паляванне караля Стаха" (1979)

Сцэнарый перапісвалі шмат разоў, каб пакласці гісторыю на кінематаграфічны лад. Аднак нельга сказаць, што фільм супярэчыць літаратурнаму твору. Антураж і атмасфера, да дробязей прапрацаваныя і адноўленыя здымачнай групай, захапляюць. Гатычны лейтматыў, які, нібы шаль, цягнецца скрозь увесь расказ, дае цень таямнічасці і нараджае містычны настрой, што адначасова і палохае, і прываблівае. А дэтэктыўны сюжэт з процьмай рэзкіх паваротаў — сапраўдны прарыў у гісторыі экранізацый нацыянальнай літаратуры. Бо распавядае стужка не пра далёкія падзеі, а пра наша мінулае і пра нашых людзей. 

ЗАМЕСТ P. S. 

Беларускі кінематограф савецкага перыяду, безумоўна, важная вяха. Да яе варта звяртацца, каб пераймаць майстэрства ў тых, каго з намі больш няма. Савецкія шэдэўры і ўспамінаюцца, і пераглядаюцца таму, што прысвечаны рэчам, актуальным ва ўсе часы. Акрамя таго, сёння фільмы былой эпохі — гэта ўнікальны партал у мінулае. Ён дазваляе ацаніць, што на самай справе турбавала і натхняла людзей, і павучыцца, як жыць, каб “не прытаміцца”. 

Ці не пра гэта павінна расказваць і цяперашняе беларускае кіно? Магчыма, трэба больш увагі надаваць гісторыям пра нас, сучаснікаў? І не толькі каб захаваць сённяшні момант для нашчадкаў, але і каб весці дыялог з гледачом скрозь стагоддзі на ўніверсальнай, здольнай закрануць душу мове — на мове кіно. 

Яўгенія ГАБЕЦ