Што можа аб’яднаць людзей розных нацыянальнасцей? Высокая ідэя, вялікая мара — музыка! Менавіта яна сабрала на Фестывалі юнацкіх аркестраў свету ў Маскве маладых артыстаў з 21 краіны. Беларусь таксама накіравала ў Расію годных прадстаўнікоў — гэта студэнты Рэспубліканскага музычнага каледжа Уладзіслаў Баевіч, Дар’я Ітпаева, Аляксандр Мінайлаў і Святлана Каратчэня.
Нашым героям няма яшчэ і 18, аднак з самага дзяцінства яны хацелі звязаць жыццё з музыкай.
— Я пачала граць на віяланчэлі ў шэсць гадоў. Уласна інструмент нагадвае чалавечы сілуэт, а гучанне — песню. Спярша закахалася ў эстэтыку, а крыху пазней зразумела, наколькі неверагодныя эмоцыі можа выклікаць віяланчэль, — дзеліцца гісторыяй пачуццяў з першага погляду Дар’я.
Уладзіслаў вырас у творчай сям’і. Яго маці і тата — музыканты. І ніхто не здзівіўся, калі ў пяць гадоў хлопец, убачыўшы па тэлевізары выступленне скрыпача, захацеў апынуцца на яго месцы.
— Не памятаю, хто быў той выканаўца, але аб выбары, здзейсненым амаль несвядома, не пашкадаваў ні разу, — распавядае Уладзіслаў.
Яшчэ раней пачаў свой прафесійны шлях Аляксандр:
— Стаў займацца музыкай у чатыры гады. Бацькі разумелі, што ігра на інструменце дапаможа развіць эмацыйны інтэлект, пачуццё рытму, прывучыць да дысцыпліны. Так мне ў рукі патрапіў кларнет.
Навіна, што іх запрашаюць на фестываль, спасцігла хлопцаў і дзяўчат знянацку. Уладзіслаў увогуле толькі паступіў на першы курс, і ўжо — такая адказнасць.
— Памятаю, як да мяне ў пакой зайшоў тата і сказаў: “Віншую, на міжнародны фестываль едзеш!” Я падумаў, што ён несур’ёзна, бо ўжо прызвычаіўся да падобных жартаў. Калі ўсвядоміў, што ўсё па-сапраўднаму, быў на сёмым небе.
Вельмі ўсхвалявалася і трэцякурсніца Дар’я:
— Я ўжо двойчы была на мерапрыемствах, арганізаваных Юрыем Абрамавічам Башметам у Самары, бачыла, наколькі якаснае тое, за што бярэцца маэстра. Таму, калі прапанавалі паехаць у Маскву, парадавалася магчымасці атрымаць новы досвед. Вырашыла: зраблю ўсё, што ад мяне залежыць.
Аляксандр, якому таксама застаўся ўсяго год да выпуску, аповед пачынае натхнёна:
— Быў самы звычайны дзень, такі ж, як усе астатнія... І раптам званок — нечаканы, але вельмі патрэбны мне, каб палепшыць прафесійныя навыкі!
І вось 16 жніўня нашы героі селі ў машыну і ў суправаджэнні таты Уладзіслава выправіліся ў Маскву. Шлях няпросты: 10 гадзін дарогі. Але каго гэта спыняе, калі наперадзе музычныя прыгоды? Ехалі падрыхтаванымі: кожны рэпеціраваў сваю партыю яшчэ ў Мінску — матэрыялы маладым артыстам разаслалі загадзя. І хлопцы ды дзяўчаты шмат часу разбіралі ноты.
Сам фестываль праходзіў тры дні — з пятніцы па нядзелю. У праекце ўдзельнічалі аркестры з чатырох кантынентаў! Прайшло дзевяць канцэртаў. Але самы галоўны — апошні. Той, дзеля якога музыканты пераадолелі тысячы кіламетраў.
— Часу паглядзець Маскву, пагуляць не было, — распавядае Аляксандр. — Мы рэпеціравалі — як разам, калі грае цэлы аркестр, так і групамі, калі пэўныя інструменты праганяюць свае партыі. Па шэсць гадзін на дзень займаліся з педагогамі ды калегамі, а потым яшчэ індывідуальна “дабівалі” часткі, якія выклікалі складанасці.
У абмеркаванне шчыльнага працоўнага графіка крыху рамантыкі дадае Дар’я:
— І ўсё ж я ўбачыла Маскву, няхай і з вокнаў, і яна цудоўная! Усё велічнае, значнае, людзі рухаюцца ў нейкім вар’яцкім рытме. Захады і світанні, якія мы назіралі з гасцініцы, былі асабліва прыгожымі.
Хлопцы і дзяўчаты ўпарта рыхтаваліся, каб стаць першымі ўдзельнікамі Сусветнага юнацкага сімфанічнага аркестра. Юрый Башмет даўно хацеў арганізаваць калектыў, у якім аб’ядналася б моладзь з розных краін.
Для дэбютнага канцэрта былі абраны няпростыя творы — “Даведнік па аркестры” Кузьмы Бадрова і “Пеця і воўк” Сяргея Пракоф’ева для загалоўнага выканання. Чытальнікам выступіў вядомы расійскі акцёр Канстанцін Хабенскі.
— Дагэтуль я не была знаёмая з кампазіцыямі. Сам канцэрт у выніку заняў амаль гадзіну дваццаць. Але ці баялася я цяжкасцей? Не. Я была шчаслівая кожную секунду, бо мы рабілі тое, дзеля чаго жыве музыка, — гралі няспынна, — апантана дзеліцца ўражаннямі Дар’я.
Нечаканую асабістую перамогу здабыў Уладзіслаў:
— Я выпадкова раздрукаваў сабе ноты не для агульнага выкарыстання, а для сола. Гэта заўважыў адзін з кіраўнікоў і ўсміхнуўся: “Мабыць, гэта лёс? Хочаш быць сола?” Прапанова аказалася вельмі неспадзяванай і значнай, я адмаўляцца, канешне, не стаў. Быць другой скрыпкай у Сусветным сімфанічным аркестры — гучыць як мара.
Сам канцэрт праходзіў у парку “Зараддзе” пад адкрытым небам і сабраў велізарную колькасць гасцей. Нашы героі ў адзін голас сцвярджаюць: не перажывалі.
— Калі чалавек выступае ў аркестры і хвалюецца, яму гэта не на карысць. Апынуўшыся на сцэне і ўбачыўшы зіхатлівыя твары аркестрантаў і гледачоў, я захапіўся. Колькі было зроблена, каб мы ўсе сабраліся і сыгралі! — разважае Аляксандр.
Уладзіслаў падтрымлівае калегу:
— А я засяродзіўся на тым, каб усё выканаць правільна. У сімфанічным аркестры вучышся слухаць не толькі сябе і свой інструмент, але і навакольных. Я быў другой скрыпкай, таму адсочваў паскарэнні і запаволенні, хваляванні іншых музыкантаў. Часу перажываць не заставалася.
Дзеліцца эмоцыямі і Дар’я:
— Гэта хутчэй прадчуванне, чаканне цуду, разумееце? Мы ж прайшлі доўгі шлях: з нуля вывучылі новыя творы, аддалі ўсіх сябе рэпетыцыям і нарэшце ўбачылі вынік. Хвіліны на сцэне самыя каштоўныя!
У Мінск нашы героі вярнуліся поўныя ўражанняў. Фестываль дапамог зразумець, што нават у страхах чалавек не самотны. Маладыя музыканты пераканаліся, што равеснікі з іншых краін перажываюць і адчуваюць тое ж. Гэта выклікае жаданне падтрымліваць адзін аднаго, пасяляе надзею: усё будзе добра.
У кожнага з нашых герояў свая мэта. Дар’я марыць аб яскравым канцэртным жыцці. Аляксандр іранізуе: “Зазіраць занадта далёка наперад — недальнабачна”. Але хлопец упэўнены, што музыка з ім назаўсёды. Не плануе расставацца са скрыпкай і Уладзіслаў. Артысты шчыра вераць: іх не аднойчы напаткаюць падобныя творчыя прыгоды і новыя поспехі, а музыка — тое, што здольна запальваць сэрцы і аб’ядноўваць людзей.
Ксенія ЗАРЭЦКАЯ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА