З днём бібліятэк Рэспублікі Беларусь!

Апублiкавана: 15 верасня 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск

Аўтар: Аўтары

Урачыстасці, прысвечаныя прафесійнаму святу, распачаліся 14 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. 

Для найлепшых супрацоўнікаў галіны галоўная кніжная скарбніца краіны падрыхтавала шэраг мерапрыемстваў. Лекцыі, выступленні, экскурсіі, выставы, канцэрт — тэматычная праграма, накіраваная на развіццё бібліятэчнай сферы, разлічана амаль на два дні. 

Сярод галоўных падзей — узнагароджанне пераможцаў XXXI Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. 

Гэтае творчае спаборніцтва праводзіцца штогод сярод кніжных скарбніц з мэтай павышэння іх ролі ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва, папулярызацыі айчыннай культуры, гісторыі, літаратуры, мовы, народных промыслаў, а таксама з мэтай падтрымкі і развіцця чытання. 

У чатырох намінацыях (“За значны ўклад у выхаваўчую работу з новым пакаленнем”, “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”, “За пошукавую і даследчую работу”, “За падтрымку і развіццё чытання”) пераможцамі сталі 22 публічныя бібліятэкі. 

Пазнаёміцца з іх праектамі можна было на выставе — адмыслоўцы, якія з’ехаліся з розных куткоў краіны, з цікавасцю разглядалі праграмы ды рэкламна-інфармацыйную прадукцыю калег. 

— Падобныя сустрэчы — выдатная магчымасць для спецыялістаў абмяняцца вопытам, даведацца аб новых тэндэнцыях і дасягненнях у бібліятэчнай справе, — дзяліліся ўражаннямі ўдзельнікі мерапрыемства. Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

(Працяг тэмы — у газеце "Культура" №36 ад 15 верасня)