Ад "Маленькай гамяльчанкі" да "Міс Беларусь"

Апублiкавана: 23 верасня 2023 Стужка не указан Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Настасся

Нядаўна мы даведаліся імя самай прыгожай дзяўчыны Беларусі. Ёй стала 23-гадовая ўраджэнка Гомеля Элеанора Качалоўская. За званне галоўнай прыгажуні краіны змагаліся 24 дзяўчыны, якія на працягу некалькіх тыдняў нястомна рыхтаваліся да самага эфектнага шоу гэтага года. Як праходзіла падрыхтоўка да фіналу, якія стандарты прыгажосці заяўлены да сучаснай дзяўчыны і якую адказнасць ускладае тытул “Міс Беларусь”, распавяла газеце “Культура” пераможца конкурсу.

— Элеанора, віншуем вас з яркай перамогай! Ці марылі вы аб ёй, калі былі дзіцём?

— Вялікі дзякуй! Я ў раннія гады займалася спартыўнай гімнастыкай, але бліскучай будучыні ў гэтым відзе мне не прарочылі, бо адразу вызначылі, што я вырасту высокай. Як звычайнае дзіця, мяне захапляла ўсё. Шмат часу праводзіла на дачы, дзе мяне атачала прыгожая прырода, а цікавілі мяне каменьчыкі і звяркі. У шэсць гадоў упершыню зайшла размова аб мадэлінгу. У той час толькі пачалі зараджацца мадэльныя школы, і я трапіла ў адну з іх. Найбольш запомніўся ўдзел у конкурсе прыгажосці “Маленькая гамяльчанка”, дзе я ўпершыню перамагла. Мне падабалася ўвага навакольных і выступаць на сцэне. 

Памятаю, як зімой мы пайшлі з мамай на рынак, і я ўбачыла жанчыну ў вялікіх пальчатках, якая прадавала рыбу. У той момант я палічыла, што гэта прафесія мары, але крыху пазней вырашыла, што маё прызванне — стаць візажыстам.

— Нягледзячы на чароўную знешнасць, у вашым выпадку розум і прыгажосць выдатна сумяшчальныя. Чаму вырашылі атрымаць першую вышэйшую адукацыю ў сферы культуры?  

— У школьныя гады я была галоўным масавіком-забаўнікам, які мог і праспяваць, і станцаваць, і за дыджэйскім пультам пасядзець. Таму паступіла на факультэт культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКІ, спецыфіка якога была мне блізкая. У народзе мая прафесія гучыць як педагог-арганізатар. Яна мяне зачапіла адкрытасцю дзеянняў, бо я магу ствараць, што і калі захачу. Ва ўніверсітэце культуры вучоба была цікавай, маляўнічай, момантамі складанай, але менавіта там я навучылася выражаць сваю творчасць у розных аспектах. Пазней я прыйшла да ўсведамлення таго, што ў 16 гадоў выбраць прафесію на ўсё жыццё немагчыма, таму ў якасці другой вышэйшай адукацыі абрала псіхалогію ў БДПУ імя Максіма Танка.

— На працягу вашага шляху вы цесна звязаны з модай і цяпер працуеце ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Як туды трапілі?

— Працоўную дзейнасць пачынала яшчэ ў 18 гадоў. А першым і самым безразважным працоўным месцам была дыспетчарская служба 115, куды паведамляюць аб любой камунальнай праблеме. Там я прайшла праз агонь, ваду, медныя трубы і выразна ўсвядоміла: не трэба ўсё прымаць на свой рахунак. А ў Нацыянальную школу трапіла пяць гадоў таму самым банальным спосабам: убачыла вакансію ў інтэрнэце. Тут жа працавала пасля размеркавання і на дадзены момант з'яўляюся кіраўніком невялікага мадэльнага падраздзялення. У мяне процьма абавязкаў, таму раблю ўсё, пачынаючы ад падрыхтоўкі касцюмаў, заканчваючы дакументазваротам.

— Ці памятаеце вы, як з'явілася жаданне паўдзельнічаць у конкурсе "Міс Беларусь 2023"?

— Думак, што я пайду на кастынг, не было: ён праходзіў у сценах Нацыянальнай школы прыгажосці, і я нават дапамагала запаўняць у прыёмнай камісіі анкеты ўдзельніц. Калі я выходзіла са спартзалы, мяне спыніла дырэктар дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Анатольеўна Лобач. Яна сказала: “Дзяўчынка, ідзі паспрабуй”. І тут прачнуўся дух авантурызму. Але, стоячы перад камісіяй, упершыню за доўгі час адчула страх, бо я настолькі прывыкла да гэтай сферы, а тут поўны выхад з зоны камфорту і тое забытае адчуванне, як перад іспытам: калі ты павінен нешта расказаць, але не ведаеш нумар білета.

— Які этап падчас рэпетыцый, на вашу думку, быў самым складаным?

— У працэсе падрыхтоўкі ў нас не было выхадных. Час успрымаўся як адзін доўгі панядзелак, які ніколі не скончыцца. Але калі браць кожны этап паасобку, то ўсё было спланавана камфортна і разумна, таму што мы паспявалі ўсюды і заўсёды. Наогул гэта была каласальная фізічная і маральная нагрузка.

— Разам з канкурсанткамі вы наведалі мноства культурных і сацыяльна-значных мерапрыемстваў. Якое ўразіла больш за ўсё?

—  Я не ўпершыню наведвала Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў, але гэтая паездка запала ў душу. Гэта гісторыя не пра драму, а больш пра абмен вопытам. Я выдатна разумела, што для гэтых людзей створаны максімальна камфортныя ўмовы, але ім банальна не хапае камунікацыі з моладдзю, якая б прынесла ім свае ідэі, а яны ў сваю чаргу падзяліліся досведам. Бо пажылыя людзі маюць велізарны жыццёвы багаж, і для іх важна расказаць пра мінулае, а нам — карысна паслухаць. 

— На працягу двух месяцаў вы поплеч знаходзіліся з іншымі фіналісткамі. Ці адчувалася канкурэнцыя?

— Бясспрэчна, жаночы калектыў захоўвае ў сабе шмат таямніц. Я не магу сказаць, што прысутнічала зайздрасць, проста нам стваралі ўмовы, у якіх мы супернічалі. Але магу запэўніць: кожная дзяўчына сапраўды выяўляла свае найлепшыя якасці.

— Наколькі моцным было жаданне атрымаць запаветную карону?

— Я па натуры не той чалавек, які гатовы ісці па галовах і іншых частках цела сваіх канкурэнтаў. Стаўлю перад сабой мэты, якіх рана ці позна дасягаю. Не давала сабе ўстаноўку перамагчы любой цаной, але ў выніку лёс падарыў мне гэты тытул.

— Калі ўспомніць дзень фіналу, што вы адчулі, калі вышлі на сцэну Палаца спорту?

— Нам разам з арганізатарамі здавалася, што гэты кругазварот падзей ніколі не скончыцца. Але калі пачаў набліжацца вечар, адчуванне страху накатвала ўсё мацней. З боку гледачоў усё падаецца лёгка і маляўніча: дзяўчатам трэба толькі прыгожа прайсціся па подыуме. Але больш за ўсё я баялася ўпасці, бо ў нейкі момант пачала лавіць зорачкі ад галавакружэння, арганізм знаходзіўся ў жахлівым стрэсе. Самым страшным момантам для мяне быў нават не інтэлектуальны конкурс, а апошні этап, калі мы выйшлі на ўзнагароджанне, і час спыніўся…

— Які з пяці фінальных вобразаў на конкурсе стаў вашым любімым?

— Абсалютна дакладна — у народным убранні. Я вельмі праніклася вобразам, бо на працягу сямі гадоў танчыла народныя танцы. І ў мяне з гэтымі касцюмамі асаблівая любоў.

— Як вы адрэагавалі на ўзлёт папулярнасці ў сацсетках?

— Заўсёды актыўна вяла профіль Instagram і працягваю гэта рабіць. У цэлым я прыхільніца адкрытасці, вядома, не распавядаю ў інтэрнэце гісторыі негатыўнага характару, але з задавальненнем паказваю сваё жыццё.

А ў ноч пасля перамогі я злавіла вялізную хвалю папулярнасці і хейту. Мне прыемна чытаць пазітыўныя каментарыі, але таксама часам сустракаюцца і негатыўныя. Стараюся на гэтым не факусіравацца, бо колькі людзей, столькі і меркаванняў, усім дакладна не спадабаешся. Першы час лічыла, што мой святы абавязак — прачытаць кожны каментарый, але цяпер з-за працы і новых абавязкаў у мяне проста не хапае на гэта часу.

— У адным з інтэрв'ю вы згадвалі, што пішаце вершы. Дзе ўдаецца знайсці сваю музу?

— Да прыкладу, у мяне няма звычкі кожную пятніцу садзіцца за стол і пачынаць тварыць. Часцей за ўсё гэта атрымліваецца вельмі спантанна і ў момант, калі мне трэба выразіць эмоцыі.

— Ці прысутнічае ў вашым жыцці фігура для пераймання?

— Скажу дакладна, што я не ствараю сабе ідалаў. Кожны чалавек, які сустракаецца на маім шляху, нечаму вучыць. Памятаю, як гуляла раніцай з сабакам у парку. У нас ужо з'явілася традыцыя: качацца там на лаўцы-арэлях. Я ішла па звыклым маршруце і ўбачыла на "сваім месцы" бабулю ў яркім капелюшы і з яркай сумачкай. Праходжу міма і з нейкім сумам гляджу на гэтую лаўку. А бабуля мне кажа: "Дзяўчына, я ведаю, што вы на ёй катаецеся. Сядайце да мяне". Мы гутарылі з маёй новай знаёмай цэлую гадзіну. А гэта якраз быў перыяд падрыхтоўкі да конкурсу, і я пачула вельмі патрэбную ў той момант фразу. Яна сказала наступнае: "Каб супакоіць сябе, трэба спяваць песні. Давайце паспрабуем разам". А сёмай раніцы я гайдалася на арэлях разам з бабуляй у яркім капелюшы і спявала песеньку "Салавей". Тады наша размова падарыла мне неверагодную ўнутраную лёгкасць.

— Якія патрабаванні кладуцца на плечы ўладальніцы кароны?

— Максімальна актыўнае сацыяльнае жыццё. Першы час ты павінна быць на вачах ва ўсіх гаваркой і яркай персонай. Правілы часам здаюцца дзіўнымі, бо ніхто не адмяняў чалавечы фактар. З цікавага: яшчэ два гады пасля перамогі нельга выходзіць замуж.

— У наш час дзяўчаты часта чуюць неабгрунтаваную крытыку з-за знешнасці, а потым губляюць упэўненасць у сваіх сілах. Што б вы маглі параіць у такой сітуацыі?

— Крытэрыі да дзяўчат, як і да мужчын, працягваюць расці. Мы цяпер на роўных пазіцыях, калі мы патрабуем шмат і ад нас патрабуюць у адказ. Тут у сучасных рэаліях няма ніякага балансу. На жаль, жаночы пол больш уразлівы ў такіх сітуацыях. Я ведаю выпадкі і сама праходзіла перыяд, калі трапляла пад моду моцнай худзізны. Парада адна: калі ты сапраўды знаходзішся ў крытычным стане, звярніся да доктара. Ніякія курсы па самаўпэўненасці, варажбіткі, гараскопы, карты таро не дапамогуць. Зараз шмат добрых спецыялістаў: псіхолагі, псіхатэрапеўты, дыетолагі, якія дапамогуць табе разабрацца тут і цяпер з гэтай праблемай. Стаўцеся да сябе з клопатам і не займайцеся самалячэннем.

— У хуткім часе вы прадставіце нашу краіну на міжнароднай арэне. Ці пачаўся працэс падрыхтоўкі да “Міс Свету”? І якой бачыце сваю будучыню ў бліжэйшы час?

— У мяне ўжо былі два замежныя кантракты: у Мілан і ў Стамбул, таму я разумею спецыфіку міжнароднага і беларускага кантэнту. Вельмі хачу годна прадставіць сваю краіну на сусветнай пляцоўцы. Дакладныя даты “Міс Свету” невядомыя, але мы ўжо пачынаем рыхтавацца. На шчасце, усе дзяўчаты, якія прымалі ўдзел у конкурсе такога маштабу, заўсёды на сувязі. Марыя Васілевіч і Анастасія Лаўранчук апрабавалі свае сілы ў гэтым спаборніцтве. Зусім неўзабаве ў нас запланаваная сустрэча, дзе мы абмяркуем спецыфіку такога мерапрыемства. 

Калі казаць пра асабістыя планы, то хачу атрымаць правы кіроўцы і пракаціцца на новым аўто па беларускіх дарогах. І хацелася б з'ездзіць на адпачынак у Налібоцкую пушчу. Вядома, нягледзячы на ўсе апошнія падзеі, хачу не страціць сябе: застацца такой жа простай і адкрытай дзяўчынай!

А мы зычым нашай гераіні пабольш энергіі і натхнення, якое зарадзіць яе на новыя перамогі!

Настасся Юркевіч