Навошта спеваку люстэрка?

Андрэй Кот — адзін з васьмі прадстаўнікоў Беларусі на Міжнародным конкурсе выканаўцаў маладзёжнай песні ў рамках фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, які прйшоў з 5 па 9 верасня ў Смаленску. Сёлета спевак атрымаў званне лаўрэата і дыплом другой ступені гэтага конкурсу.

ВАКАЛЬНЫ ТАЛЕНТ У СЯМ’І ЧЫГУНАЧНІКАЎ 

Вакалам Андрэй захапіўся яшчэ ў канцы восьмага класа. Але спевы заставаліся хобі, пакуль хлопцу не прапанавалі паўдзельнічаць у раённым конкурсе навучэнскай моладзі “Аршанскі першацвет”. 

— Гэты дэбют стаў шчаслівым білетам у свет вакалу. На конкурсе мяне заўважыла дырэктар Гарадскога Палаца культуры “Орша” Алена Валер’еўна Дземух і запрасіла ў сваю студыю. За чатыры гады педагог стала не толькі творчым спадарожнікам, але і другой маці. 

Пяць пакаленняў сям’і Андрэя Ката прысвяцілі сябе чыгунцы. Па словах артыста, яго заява пра сыход з тэхнічнага каледжа ў мастацтва была ўспрынятая балюча: 

— З вялікімі спрэчкамі, але бацькі і сямейнікі зразумелі і прынялі мой выбар. І цяпер яны дзеляць са мной радасць перамог. Аднак дасюль сям’я не можа паверыць, што за такі кароткі прамежак часу можна было дабіцца прызнання. Ды плён не прыходзіць проста так: пастаянныя рэпетыцыі і ўдзел у адборачных спаборніцтвах патрабуюць шмат намаганняў, таму поспех хоць і скоры, але заслужаны. 

БЕЗ ТВОРЧАСЦІ ЖЫЦЦЁ ЗГУБІЦЬ СЭНС 

Культура акружае нашага героя ва ўсіх сферах: працуе ў родным Палацы культуры, вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на рэжысуры абрадаў і свят, а ў вольны час займаецца вакалам ці атрымлівае асалоду ад архітэктуры любімай Оршы. 

— Шчыра скажу, пры выбары спецыяльнасці доўга не думаў, з вакальных напрамкаў былі толькі харавыя спевы, што не зусім мне блізка. Таму, убачыўшы рэжысуру абрадаў і свят, вырашыў спыніцца на ёй, — распавядае Андрэй Кот. — Артысту неабходна мець сцэнічнае мысленне, каб ведаць, дзе і якім чынам дапрацаваць уласны нумар. Звесткі, атрыманыя ў каледжы, змагу выкарыстоўваць пры пастаноўцы сваіх нумароў у будучыні. 

Акрамя тэарэтычных ведаў, Андрэй атрымлівае і практычныя навыкі — пасля працы дапамагае рэжысёру ў Палацы культуры ці піша новыя праекты ды сцэнарыі. Нягледзячы на напружаны графік, наш герой знаходзіць час і для хобі: 

— Увечары імкнуся сабраць рэшткі энергіі і сіл, каб прайсціся па вуліцах любімага горада ці крыху памаляваць. Хоць творчасцю працята ўсё маё жыццё, мастак з мяне не атрымаўся (смяецца), таму спыніўся на карцінах па нумарах. Мне падаецца, калі я не буду ствараць, то маё жыццё страціць сэнс. Не магу ўявіць сваё жыццё за манатоннай працай, нягледзячы на шматлікія прапановы работы як у культуры, так і ў іншых сферах. Жаданне ўстаць, нешта прыдумаць, пайсці пагаварыць з дзецьмі ў вакальнай студыі ўзнікае нават у час напісання сцэнарыяў ці справаздач. 

Парады маладым выканаўцам:

Не бойцеся сцэны, “ідзіце” ў свой страх — і толькі так зможаце яго перамагчы. Заняткі ў класе не дадуць разумення, як выступаць перад гледачом.

Працуйце перад люстэркам. Аддаваць эмоцыі — вось дзеля чаго жывуць артысты. Але перад тым, як выйсці на сцэну, ты павінен спасцігнуць, што хочаш аддаць найперш сабе, а потым ужо аўдыторыі.

 

Будзьце сумленныя з самім сабой. Перш чым стаць на творчы шлях, задайце пытанне: гэта сапраўды мая мэта ці гэта мара кагосьці іншага?

Падчас інтэрв’ю артыст некалькі разоў згадвае пра родны горад. І на пытанне, ці гатовы ён з’ехаць з Оршы дзеля заваявання сталіцы, адназначна адказвае: “Не”. 

— Не перастану паўтараць, як і мой зямляк Самір Ёлчыеў, лаўрэат першай ступені выканаўцаў эстраднай песні на “Славянскім базары — 2023”: мы прымусім усіх пачуць пра Оршу. Тут шмат таленавітай моладзі. А для таго, каб выступіць на мінскай сцэне, мне патрабуецца ўсяго дзве гадзіны на цягніку. 

ЭМОЦЫІ МУЗЫКІ І ФЕСТЫВАЛЮ 

Леташні ўдзел у фестывалі “Моладзь — за Саюзную дзяржаву” для Андрэя быў больш хвалюючым, чым іншыя конкурсы: 

— На ўсім маім творчым шляху са мной поплеч ідзе педагог, ён падкажа, падтрымае і пакажа на памылкі. А ў Расію Алена Валер’еўна не мела магчымасці паехаць. Але пачуццё трывогі знікла, калі я прыехаў у Смаленск. На фестывалі пануе асаблівая атмасфера сяброўства народаў ці нават сямейная. Ды і ад Беларусі паехала каманда: удзельнікі былі з розных устаноў і населеных пунктаў. Мы хутка пазнаёміліся і знайшлі агульныя тэмы. 

ЁСЦЬ МЭТА ВЫШЭЙ 

— Мяне зачапіла атмасфера мінулага фестывалю, таму пытання пра ўдзел сёлета не стаяла. Ды і сустрэча са старымі сябрамі, абмен ведамі, натхненне ад працы рэжысёраў і пастаноўшчыкаў — усё гэта зараджае на творчы лад. І буду сумленны: летась было прыемна атрымаць спецыяльны прыз, але гэтым разам стаўлю мэту вышэй, — дзеліцца планамі артыст. 

Нягледзячы на шматгадовы вопыт, Андрэй хвалюецца перад выхадам на сцэну. Вакаліст падкрэслівае, што ён не можа дазволіць сабе выступіць горш, чым папярэднім разам, таму перад конкурсамі шмат часу аддае рэпетыцыям. 

— Падрыхтоўка да фестывалю супала з распрацоўкай новай праграмы будучага сезона ў Палацы культуры. Але я стараўся займацца вакалам амаль штодзённа. У мяне ёсць невялікі рытуал перад выхадам на сцэну: я шукаю люстэрка і за некалькі нумароў узіраюся ў сябе, каб пранікнуць ва ўласную душу. Бо мая задача — данесці эмоцыі, а потым ужо вакальныя дадзеныя. 

Песні для конкурснай праграмы былі абраныя не выпадкова. 

— Кампазіцыя “Святая Асветніца” напісана адным з вялікіх сучасных беларускіх кампазітараў Аленай Атрашкевіч. Ужо пры першым праслухоўванні гэтая песня закранула мяне да глыбіні душы, таму вырашыў прапусціць яе праз сябе і выканаць для гледача, — распавядае Андрэй Кот. — Магу сказаць, што яна дае мне не столькі вакальнае задавальненне, колькі душэўную асалоду. Маючы глыбокі сэнс і даволі простыя словы, яна здольная даходзіць да самага сэрца. Другая песня — “Гараць агні” — трапілася мне выпадкова, але таксама закранула. Асабліва выдатны радок: “Усе войны толькі ў галаве”. Ён не толькі пра міжнародныя абставіны, але і пра кожнага чалавека: пра барацьбу з самім сабой. 

Ульяна КАСЦЮНІНА