Чаму чытачы са Светлагорска любяць і сельскую бібліятэку

Бібліятэка — сховішча інфармацыі. Але ў другую чаргу. У першую гэта, як падаецца, збор дабрыні, любові, спагадлівасці. І не толькі ад літаратурных герояў, але і ад супрацоўнікаў кніжнай скарбніцы. Тыя чалавечыя праявы — гаючыя, аднак яшчэ і выхаваўчыя ўласцівасці маюць. Прыкладаў шмат. І ў Светлагорскім раёне таксама.

Сям’ю гэтага хлопчыка прынята называць не надта бяспечнай у сацыяльным плане. Не стае дзіцяці душэўнай цеплыні. Едзе з горада ў сельскую бібліятэку. Чаму? Бо там яго чакаюць. Не адмовілі б і ў гарадской, але мы самі абіраем, каго любіць… Дык вось, вітаецца той падлетак з сельскім бібліятэкарам, як з родным чалавекам: “Добры дзень, цёця Света!” Гэта Святлана Обух з Якімавай Слабады… 

ПАЧЫТАЕМ? БЯССПРЭЧНА! 

Сетку кніжных скарбніц у раёне ўзначальвае Вікторыя Бусел. Размаўляць з ёй прыемна. І не толькі таму, што яна добра арыентуецца ў фактах. Высокі прафесіяналізм кіраўніка адчуваецца яшчэ і ў тым, з якой пяшчотай Вікторыя Станіславаўна распавядае пра калег… 

Але спачатку пра лічбы. У бібліятэчнай сістэме Светлагорскага раёна амаль тры дзясяткі ўстаноў, з іх сем — гарадскіх (бібліятэцы № 1 споўнілася аж сто гадоў!), некалькі гарпасялковых, 17 — сельскіх. Больш за 300 тысяч — гэта паказчык штогадовых наведванняў. У раённых фондах 365 тысяч кніг. Колькасць чытачоў пастаянна павялічваецца. 

Майстар-класы супрацоўніка Якімаваслабадской сельскай бібліятэкі Святланы Обух сталі часткай праекта "Канікулярныя ART-вакацыі ў бібліятэцы

Бібліятэкары ставяць на маладое пакаленне. Вікторыя Бусел пераканана, што юнакоў і дзяўчат трэба ратаваць ад камп’ютарнай залежнасці. Атрымліваецца? Напэўна, так, мяркуючы па актыўнасці гэтай узроставай катэгорыі наведвальнікаў. Паспрабую давесці, што свой хлеб мясцовыя работнікі культуры ядуць недарэмна. І маюць досыць сур’ёзную матывацыю — ратуюць свет ад абыякавасці і невуцтва. Не бяруся спрачацца. 

ЗОНА АСАБЛІВАЙ УВАГІ 

Самы час спыніцца на бібліятэчных праектах. Не буду распавядаць пра выставы, вечарыны і літаратурныя сустрэчы. Усе гэтыя творчыя варункі на сёння — будзённы клопат бібліятэкара. Пагаворым пра тыя кірункі дзейнасці, у якіх мясцовыя супрацоўнікі — першапраходцы. 

Адзін з праектаў называецца “Нашы падлеткі”. Ён папулярызуе чытанне. Справа, пагадзіцеся, не вельмі простая. Тут асабістым прыкладам варта. Удзельнічаюць у справе ўсе гарадскія філіялы. У інтэрнэце грунтоўна расказваюць пра літаратурны твор, варты ўвагі. Анатацыя рыхтуецца так, каб зачапіць маладога чалавека за жывое. Невыпадкова для прэм’еры акцыі быў абраны раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” — твор лірычны і ўзнёслы. Бяспройгрышны варыянт, карацей. Сюжэт праглядзелі паўтысячы разоў. Досвед удасканальваецца. 

Наступная акцыя — “Зона асаблівай увагі”. Стартавала яна летась. Распачата работа сярод пацыентаў лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Аўдыторыя таксама не з простых. Але прычыненне да прыгожага пісьменства адбываецца па плане. Ёсць ва ўстанове зала на 400 месцаў. Гутарка пра здаровы лад жыцця на прыкладах з літаратурных твораў прайшла з аншлагам. Яшчэ адна праява гаючай кніжнай сілы і шчырай бібліятэчнай дабрыні. 

ДУБРОВА, КАЗЛОЎКА, ЯКІМАВА СЛАБАДА

А цяпер пра тых, хто ратуе свет ад няўмення думаць. 

Пра Людмілу Бусел з вёскі Дуброва шмат разважаць не стану: мы з ёй, можна сказаць, даўнія сябры, шмат пісаў пра яе, калі дасць Бог, шмат яшчэ напішу. Людміла Фёдараўна — музейшчык, блогер, пошукавік. Вакол яе заўжды віруе грамада няўрымслівых. Спадарыня Людміла, я ганаруся вамі! 

Пошук прозвішчаў воінаўвызваліцеляў, што загінулі ў баях за Светлагоршчыну, — частка вялікага краязнаўчага праекта, якім занята і Валянціна Пятрова з Казлоўкі. Тут пры бібліятэцы таксама дзейнічае музейны пакой. А дзевяць непаўнагадовых чытачоў супрацоўнічаюць з пошукавым атрадам з суседніх Парычаў. 

Святлану Васільеўну з Якімавай Слабады я згадаў напачатку. Заўважце, мясцовая сельская бібліятэка заняла другое месца на Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Гэта спадарыню Обух цудоўна ведаюць чытачы са Светлагорска. Хтосьці скажа: “Ну дык Якімава Слабада, лічы, — прыгарад раённага цэнтра!” Усё гэта так. Але ў кожнага бібліятэкара — свой чытач. Калі першы — прафесіянал, дык ён усё зробіць, каб узяць другога ў “палон”. Узяць дабрынёй, шчырасцю, неардынарнасцю. Святлана Васільеўна такім дарам валодае. Як, зрэшты, і большасць бібліятэкараў краю. 

Работнік Дуброўскай сельскай бібліятэкі Людміла Бусел падчас экскурсіі ў Музеі гісторыі вёскі Дуброва

“Цёця Света” і пра кніжкі ўсё раскажа-падкажа, і незвычайнай справай зацікавіць. Да прыкладу, навучыць, як традыцыйную ляльку можна зрабіць, як увогуле жыць трэба. Ад усяго таго і цяплее на душы. 

СЛОВА ПРА КАТЛЯРОВА 

Мо я памыляюся, але людзі, якія жывуць не па Боскіх законах, не вельмі любяць чытаць. Для гэтага светлая душа патрэбная. Таму вакол добрых літаратуры і бібліятэкараў толькі добрыя людзі і гуртуюцца. 

Верным сябрам, дарадцам і памочнікам Светлагорскай раённай бібліятэкі быў Ізяслаў Катляроў — паэт, публіцыст, мастацтвазнаўца. Ён з’яўляўся і актыўным пазаштатным аўтарам нашай “Культуры”. У гэтым чэрвені ён пайшоў з жыцця. 

На бібліятэчным сайце дзейнічае віртуальны музей “Два таленты, два лёсы” пра Ізяслава Катлярова і Соф’ю Шах… 

Ізяслаў Рыгоравіч паспяваў усё: супрацоўнічаць са СМІ, займацца мастацтвам, дапамагаць бібліятэкарам. Ён быў адным з тых, хто адбіраў чытацкія артыкулы для кнігі “Самавыражэнне”. Выданне выпусцілі бібліятэкары Светлагоршчыны. 

ТРАДЫЦЫІ СТАРЫЯ І НОВЫЯ 

Не вы ідзяце ў бібліятэку, а бібліятэка ідзе да вас. Прынцып дзеяння вельмі актуальны і ў раёне даўно апрабаваны. Больш становіцца не толькі чытачоў. Мне распавялі, як маладая супрацоўніца кніжнай скарбніцы пасля шматлікіх агітацыйных паходаў у вайсковую часць знайшла не толькі чытача, але і мужа. Ухвальная практыка! 

Са старых традыцый тутэйшых работнікаў культуры назаву яшчэ вось якую. У вітрынах Цэнтральнай раённай бібліятэкі заўжды выстаўляюцца фота пра горад ці творчыя работы вучняў мясцовай школы выяўленчага мастацтва. Такая рэклама збірае мінакоў і стварае ўстанове спрыяльны імідж. 

Новы звычай — частка ўдасканалення сталага. Прафесійная вучоба — норма для сумленнага супрацоўніка культурнай сферы. На Светлагоршчыне ў дадатак да ўсяго пачалі практыкаваць ролевыя гульні. Разбор самых розных рабочых сітуацый, у якія трапляюць бібліятэкары і наведвальнікі ўстановы, дапамагаюць узвесці такія стасункі ў ранг узаемакарыснага сяброўства. 

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ 

Я памятаю Светлагорск, які толькі “прарос” з Шацілак і дзе на месцы новых будынкаў саджанцы толькі пачыналі станавіцца дрэўцамі. Першае ўражанне было такое: на светлай зямлі жывуць светлыя людзі. З гадамі, дзякаваць Богу, уражанне гэтае толькі ўмацоўваецца. “Цёця Света” і іншыя — цудоўны таму доказ. 

Яўген РАГІН 

Фота з архіва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Светлагорскага райвыканкама