Ума­ца­ваць гіс­та­рыч­ныя су­вя­зі

Апублiкавана: 24 лiстапада 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Роля музеяў у культурнай інтэграцыі і перспектывы супрацоўніцтва між скарбніцамі розных краін — гэтыя ды іншыя актуальныя пытанні галіны абмеркавалі ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД”.

Падчас пленарнага пасяджэння начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч адзначыла, што музеі ўмацоўваюць ідэнтычнасць нашых народаў, падтрымліваюць сацыяльную згуртаванасць і з’яўляюцца медыятарамі міжкультурнага ўзаемадзеяння. 

ГУМАНІСТЫЧНЫ ПАДМУРАК 

Супрацоўніцтва краін Садружнасці ў музейнай справе дынамічна развіваецца на двух- і шматбаковай аснове, што спрыяе захаванню культурнай еднасці народаў і паглыбленню інтэграцыі. Такое меркаванне выказаў дырэктар Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Аляксей Сазонаў. На яго думку, сёння складана пераацаніць ролю музеяў як інструментаў камунікацыі і як захавальнікаў культурна-гістарычнай памяці, што фарміруюць светапогляд насельніцтва, асабліва маладога пакалення. Гэтыя ўстановы развіваюць цікавасць людзей да спадчыны, робяць унёсак у пабудову гуманістычных падмуркаў сучаснага грамадства. 

Агульныя падыходы і парадак сумеснай работы краін — удзельніц СНД у музейнай справе замацаваны Пагадненнем у сферы культуры і Пагадненнем аб гуманітарным супрацоўніцтве, якія дзейнічаюць ужо шмат гадоў. У 2019-м падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы музейнай справы. Яго ратыфікавалі Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. 

КАШТОЎНАСЦІ Ў ФАРМАЦЕ АНЛАЙН 

Сярод перспектыўных міжнародных праектаў Аляксей Сазонаў назваў распрацоўку віртуальнага музея культурнай спадчыны дзяржаў — удзельніц СНД. З такой ініцыятывай выступіла Рэспубліка Узбекістан. Паводле канцэпцыі, унікальны рэсурс мусіць акумуляваць інфармацыю пра музеі і іншыя ўстановы, дзе зберагаецца спадчына, пра значныя калекцыі і мерапрыемствы. 

На першым этапе на афіцыйным сайце Выканкама СНД створаны адмысловы раздзел. У ім размешчаны спасылкі на віртуальныя экспазіцыі звыш 150 музеяў Садружнасці. Па словах Аляксея Сазонава, падобная пляцоўка стала вельмі карыснай у няпросты перыяд пандэміі. 

МІСІЯ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ 

Удзельнікі канферэнцыі звярнуліся і да пытання сацыяльнай місіі музеяў. Генеральны дырэктар Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра “РОСИЗО” Вольга Галакціёнава заявіла, што культурны прадукт — інструмент для выпрацоўкі ідэалогіі, а місія сучаснага музея заключаецца ў прывабнай для новага пакалення прэзентацыі мастацтва. 

— Сярод задач асветніцкай дзейнасці вылучаюцца фарміраванне базавых этычных каштоўнасцей, падтрымка гістарычнай памяці, патрыятычнае выхаванне, развіццё творчага патэнцыялу дзяцей і моладзі. Гаворачы простай мовай — прапаганда. На жаль, апошнімі гадамі ў гэтага слова з’явілася адмоўная канатацыя, — сказала Вольга Галакціёнава. 

Ролю музеяў у асветніцкай рабоце ахарактарызавала генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Ганна Конанава. Яна падкрэсліла, што ўстановы сёння закліканы даваць пэўныя апоры для ўнутранай стабілізацыі грамадзянскай супольнасці нашых краін. 

Выстава "Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя"

Выстава "Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя"

— Калі ў адпаведнасці з сучаснай сітуацыяй перадзелу свету абазначыць дыпламатыю як актыўны фронт, то культура з’яўляецца актыўным тылам, — лічыць Ганна Конанава.— Духоўна-культурнае супрацоўніцтва між нацыямі можна назваць такім вайсковым тэрмінам, як зладжванне суб’ектаў сумесных дзеянняў у адзінай барацьбе. 

ПОШУКІ АГУЛЬНЫХ МАТЫВАЎ 

З 2014 года рэалізуецца маштабная комплексная праграма “Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні”, ініцыяваная Усерасійскім музеем дэкаратыўнага мастацтва. Як тлумачыць дырэктар установы Алена Цітова, праект прапануе інтэгральны падыход да вывучэння і асэнсавання набыткаў дзяржаў, што доўгі час працавалі ў агульным культурным полі. Праграма мае на мэце актуалізаваць магутны пласт спадчыны і ўмацаваць гістарычныя сувязі паміж краінамі СНД. 

Пры актыўным удзеле музеяў, навучальных устаноў і творчых аб’яднанняў праведзены мастацкія экспазіцыі, міждысцыплінарныя канферэнцыі і круглыя сталы, выдавецкія праекты і адукацыйныя мерапрыемствы. “Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні” садзейнічае абмену досведам і распаўсюджанню карысных методык, развівае выставачны абмен, навукова- даследчую і асветніцкую працу. На думку Алены Цітовай, непасрэдны кантакт прадстаўнікоў культурных інстытуцый з розных краін — найбольш каштоўны вынік праграмы. 

Ранейшыя этапы праекта ладзіліся ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Таджыкістане і Узбекістане. 

Нагадаем, у лістападзе 2020-га Музей гісторыі беларускага кіно (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея) прыняў выставу “Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя” Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва. Мінская публіка ўбачыла тэкстыльныя творы вядучых аўтараў краіны-суседкі. 

Па словах Алены Цітовай, установа гатова працягнуць супрацоўніцтва і маштабіраваць праект. Падмуркам для новых экспазіцый могуць паслужыць выдатныя работы беларускіх аўтараў з фондаў Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва. Прыкладам, у калекцыі ёсць працы Уладзіміра Мурахвера. 

Паказальны этап — расійска-казахстанскі праект “Арнаментальныя рытмы Еўразіі”, у рамках якога адбылася буйная мастацкая выстава. Экспазіцыя аб’яднала калекцыі розных музеяў. Увазе гледачоў прадставілі сотні прадметаў народнага мастацтва і твораў сучасных аўтараў. 

— Падобныя міжінстытуцыйныя і міждысцыплінарныя ініцыятывы ўмацоўваюць узровень культуры і мастацтва, павышаюць узровень крэатыўнага мыслення ў розных сферах жыцця. Таму мы запрашаем калег з краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў да ўзаемадзеяння, — адзначыла Алена Цітова і анансавала: — Налета наш музей плануе вялікі праект, прысвечаны ткацтву дываноў. Было б выдатна разнастаіць экспазіцыю работамі сучасных аўтараў з дзяржаў Садружнасці. Прапануем калегам, якія маюць адпаведныя творы ў фондах, далучыцца ў зручным фармаце. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота з архіваў устаноў культуры