Па­мяць дзе­ля мі­ру

Апублiкавана: 17 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Тэма

Аўтар: РУДАК Антон

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў снежні адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да 75-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.

Як падкрэсліў у сваім вітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне сёння робіцца пытаннем нацыянальнай бяспекі дзяржаў і народаў, якія з’яўляюцца спадкаемцамі пераможцаў. Ён выказаў упэўненасць, што сёння трэба як мага больш казаць пра герояў, якія спынілі нацысцкую машыну смерці, бо гэтая памяць робіць нас моцнымі. 

ПЫТАННЕ БЯСПЕКІ 

Мерапрыемства пачалося з прэзентацыі выдання “Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі”. Як паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед, у першай кнізе апісаныя агульныя дакументы, пакладзеныя ў аснову правядзення карных аперацый, і прадстаўленыя звесткі аб агульнай колькасці гэтых акцый, якіх было праведзена не менш за 187. У другой частцы, якая выйдзе пазней, будзе змешчаная інфармацыя аб усіх карных падраздзяленнях з указаннем іх найменняў, спісу камандзіраў і, па магчымасці, звесткі аб жывых карніках і захадах, якія прымаюцца Генпракуратурай для таго, каб яны панеслі пакаранне. Першыя дзве кнігі былі прысвечаныя агульным пытанням, звязаным з генацыдам беларускага народа, і аналізу дакументаў нацысцкай Германіі, якая яшчэ задоўга да нападу на Савецкі Саюз распачала юрыдычнае абгрунтаванне масавага знішчэння яго насельніцтва. 

Па задумах нацыстаў, на працягу паўтара-двух гадоў неабходна было вынішчыць да 75 % насельніцтва, а астатніх забраць у рабства. З гэтай жа мэтай напярэдадні нападу на Савецкі Саюз былі створаныя карныя падраздзяленні і закладзеная прававая база, якая вызваляла вайскоўцаў вермахта ад адказнасці за злачынствы супраць мірных грамадзян. Кнігі серыі выдадзеныя на рускай ды англійскай мовах і накіраваныя амаль у 180 дзяржаў, у тым ліку па лініі Міжнароднай асацыяцыі пракурораў, а таксама па лініі парламента і Міністэрства замежных спраў. Асноўная задача — данесці да сусветнай грамадскасці інфармацыю аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

НЕСТАНДАРТНАЕ РАССЛЕДАВАННЕ 

Як паведаміў Андрэй Швед на адкрыцці пленарнага пасяджэння, Генпракуратура распачала крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны болей чым два з паловай гады таму і за гэты час накіравала ў амаль 30 краін свету запыты па гэтай справе. Па словах генеральнага пракурора, актыўную дапамогу ў гэтым кірунку аказвае расійскі бок, вядзецца актыўная перапіска з краінамі Лацінскай Амерыкі. Прытым шэраг заходніх краін адмовіў Мінску ў прававой дапамозе па крымінальнай справе аб генацыдзе. Тым не менш ужо атрыманыя звесткі дазваляюць сцвярджаць, што на тэрыторыі БССР было знішчана не менш за тры мільёны грамадзян і ваеннапалонных і забрана ў рабства не менш за 380 тысяч чалавек. 

Генеральны пракурор нагадаў, што Нюрнбергскі трыбунал стварыў прававую аснову асуджэння за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, а лагічным яго працягам зрабілася прыняцце Канвенцыі ААН, якая ўпершыню дала нарматыўнае вызначэнне генацыду і яго формам. Найбольшыя страты, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва, у гады Другой сусветнай вайны панёс Савецкі Саюз, і асабліва БССР, дзе загінуў кожны трэці жыхар. 

Сёння праводзіцца нестандартнае расследаванне, у якім цесна перапляліся пытанні крымінальна-прававой, гістарычнай і маральнай ацэнкі дзеянняў нацысцкіх захопнікаў і іх памагатых. Упершыню факты генацыду мірнага насельніцтва расследуюцца ў такім маштабе. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай тэрыторыі Беларусі разгарнулася непрымірымае супрацьстаянне беларусаў з захопнікамі і іх памагатымі. Гэта быў добраахвотны патрыятычны парыў, у якім заключаны дух свабоды беларускіх людзей. Усенародны рух супраціўлення, накіраваны на абарону Айчыны, стаў значным унёскам у агульную барацьбу народаў супраць нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў. 

ПРЫЯРЫТЭТНЫ НАПРАМАК 

Старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара падкрэсліў, што генацыд — гэта злачынства без тэрміна даўнасці, і вінаватыя ў ім мусяць несці пакаранне незалежна ад узросту і месцазнаходжання. Тэматыка генацыду і дагэтуль як ніколі актуальная. Гэтая трагедыя з болем аддаецца ў сэрцы кожнага чалавека, асабліва тых, чыя памяць захоўвае асабіста перажытыя падзеі або ўспаміны родных і блізкіх людзей. На думку старшыні Следчага камітэта, такія канферэнцыі даюць магчымасць на міжнародным узроўні кансалідаваць намаганні ў пытаннях захавання гістарычнай праўды, прафілактыкі і недапушчэння злачынстваў супраць чалавецтва. Важны абмен ведамі і досведам для захавання памяці аб ахвярах нацызму і прадухілення спроб яго адраджэння ў сучасных умовах. 

Для Следчага камітэта работа ў рамках узбуджанай Генеральнай пракуратурай Беларусі крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці. Следчыя сумесна з супрацоўнікамі органаў пракуратуры, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і іншых дзяржаўных органаў праводзяць шырокі спектр следчых дзеянняў, у тым ліку вывучаюць архіўныя крыніцы, фота- ды відэаматэрыялы і іншыя дакументы. Праводзіцца агляд месцаў злачынстваў, дапытваюцца пацярпелыя. 

АБ БУДУЧЫНІ ЧАЛАВЕЦТВА 

Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што ва ўмовах эскалацыі глабальнай напружанасці досвед гістарычнага ўзаемадзеяння нацый, якія перамаглі нацызм, мае безумоўную актуальнасць і гістарычнае значэнне. Тады, амаль восем дзесяцігоддзяў таму, дасягнуць перамогі ўдалося дзякуючы намаганням усіх народаў, якія аб’ядналіся ў антыгітлераўскую кааліцыю. Мы памятаем аб іх подзвігу і аддаём даніну павагі мудрасці кіраўнікоў дзяржаў, якія ва ўмовах амаль непрымірымых супярэчнасцей здолелі аб’яднацца ў барацьбе з агульным ворагам. Як адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства, галоўным вынікам перамогі над фашызмам сталі стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а таксама Нюрнбергскі працэс, калі ўпершыню ў гісторыі чалавецтва была зробленая спроба спыніць войны і дамовіцца ў міжнародным маштабе аб будучыні чалавецтва. 

Антон РУДАК