Гран-пры VII Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму “Крокі” паехаў у Кішынёў. Але гэта далёка не ўсе вынікі фестывалю, што завяршыўся 27 сакавіка.
Назва свята невыпадковая. Яна сімвалізуе першыя крокі дзяцей у чароўны свет тэатра — у якасці не проста гледачоў, а артыстаў. Хтосьці з удзельнікаў форуму папоўніць шэрагі дасведчанай публікі. А хтосьці звяжа з тэатрам творчы лёс і жыццё. У кожным выпадку ў выйгрышы застаюцца ўсе — і ў першую чаргу грамадства, што вырошчвае таленты ды, шырэй, выхоўвае праз мастацтва найлепшыя чалавечыя якасці.
Удзельнікі Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму "Крокі"
— Вельмі ўразіла геаграфія фестывалю, — гаворыць член журы, актрыса тэатра і кіно, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Анжаліка Чумакова. — У форуме ўдзельнічалі калектывы з Ташкента, Кішынёва, Уладзівастока, Белгародскай вобласці, Смаленска, Масквы, з якой — адразу два тэатры-студыі: “Залаты ключык” і “Дзверы”. Вельмі высокі ўзровень акцёрскага майстэрства, руху, пластыкі, сцэнічнай мовы паказалі мінчане. Лялечна-драматычная студыя “Галактыка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі атрымала прыз глядацкіх сімпатый і дыплом “Акцёрскі дуэт”. Сталічная ДШМ № 2 — дыпломы “За ўвасабленне вострасацыяльнай тэмы” (гэта быў школьны булінг) і “Найлепшая жаночая роля другога плана”. На форуме панавалі цудоўная, папраўдзе фестывальная атмасфера, сяброўства, прыязнасць да ўсіх удзельнікаў. Арганізатары паклапаціліся і пра ўмовы для паказаў (выдатна абсталяваная сцэна, добрае тэатральнае святло), і пра асветніцка-забаўляльную пазаконкурсную праграму (нават з дэгустацыяй марозіва). Пасля спектакляў ці ў канцы кожнага дня ладзіліся круглыя сталы, абмеркаванні ўбачанага, падчас якіх кіраўнікі калектываў маглі пачуць, як ацэньваюцца працы. Усё адбывалася адкрыта, празрыста, у дыялогу. Але хацелася б, каб надалей з дзецьмі працавалі не толькі педагогі, але і рэжысёр. Ён забяспечыць належную якасць сцэнічнага дзеяння, адпаведныя тэмпарытм, акцёрскае апраўданне. Яшчэ адна праблема — зварот да слабай драматургіі, што здараецца і з прафесійнымі тэатрамі. Магчыма, варта пашырыць намінацыі форуму. Цяжка параўноўваць пластычны спектакль з драматычным ці з літаратурнамузычнай кампазіцыяй, спектаклі для маленькіх і для падлеткаў. А перамог малдоўскі “Кадзіш”, які пры ўсёй простасці выразных сродкаў крануў эмацыйна.
Падчас Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму "Крокі"
— Якія ж таленавітыя ў нас дзеці! — распавяла член журы прэсы Настасся Таранка. — Я ўпершыню на такім форуме. Вельмі ўражана яго арганізацыяй, мастацкім узроўнем, шырынёй жанравай палітры і рэпертуару. Разглядаюцца не толькі казкі і фантазіі, але і падлеткавыя пытанні — той жа булінг, калі дзеці жорстка цкуюць кагосьці. Гэтая з’ява была адлюстравана ў спектаклі “Яна ўсім падабаецца (не)” мінскай ДШМ № 2. Разам з тым фестываль акрэсліў праблемы сучаснай драматургіі, уласцівыя тэатральнаму мастацтву ўвогуле. Што ж да перспектыў форуму, дык надалей было б няблага вызначыць часавыя межы стварэння конкурсных спектакляў. Перамог “Кадзіш”, але ён быў пастаўлены больш як 10 гадоў таму і раней ужо дэманстраваўся на “Кроках” — хай і не жыўцом, а ў запісе. Вядома, добрыя спектаклі павінны захоўвацца ў рэпертуары гадамі, складаць залаты фонд. Але такія працы належыць уключаць у гасцявую праграму. Конкурс — гэта ўсё ж агляд таго, што з’явілася сёння і зараз, чагосьці новага. Сярод цікавых спектакляў назаву казкупрыпавесць “Як Настачка ледзь кікімарай не стала” з расійскага пасёлка Дубавое пад Белгарадам (дыплом “За адданасць тэатральным традыцыям”). Дзяўчынкі ў гэтай пастаноўцы быццам выйшлі з савецкіх фільмаў, дзякуючы чаму ўзялі дыплом “Творчая надзея”, а Бабу Ягу іграў хлопчык. Спектакль “Фантазёры” з Масквы, у якім дзеці разважалі на дарослыя тэмы, быў вылучаны за найлепшае рэжысёрскае вырашэнне і найлепшую мужчынскую ролю другога плана. “Дзіўнае падарожжа труса Эдварда” мінскай студыі “Галактыка” працягвалася больш за дзве гадзіны, і ўвесь гэты час юныя артысты трымалі глядацкую ўвагу і пластыкай, і добра пастаўленай сцэнічнай мовай. Публіка вельмі ўпадабала таксама смаленскі спектакль “Гандзі маўчаў па суботах”, адзначаны за найлепшую сцэна- графію і разнастайнасць выразных сродкаў. Не менш запамінальнай аказалася сцэнаграфія ў спектаклі з Уладзівастока “Мора сніла дзяўчынку”: тут і медузы, і маяк. Але быў яшчэ глыбокі гістарычны падтэкст — падстава для дыплома “За ўвасабленне гістарычнай тэмы роднага краю”. Можна бясконца распавядаць пра ўсе спектаклі, бо выпадковых на форуме не было.
Падчас Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму "Крокі"
Заўважная і яшчэ адна тэндэнцыя — рознае разуменне таго, што такое сёння дзіцячыя спектаклі. Цяперашнія хлопчыкі і дзяўчынкі сталеюць раней, чым іх аднагодкі ў “далічбавую” эпоху. Адпаведна, сталее і рэпертуар, што відавочна на тых жа песенных конкурсах, асабліва пры звароце да сусветных хітоў. Але ў тэатральных кулуарах, на разнастайных круглых сталах і абмеркаваннях працягваюць гучаць заклікі пакінуць юным артыстам выключна бязвоблачнае, бесклапотна-беспраблемнае дзяцінства. Можа, яно б і няблага, ды такое абмежаванне не навучыць новае пакаленне выходзіць з няпростых сітуацый, з якімі яно сутыкаецца ў рэальнасці. А мастацтва — здольнае навучыць. На чужым прыкладзе, што вельмі важна.
Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА