Дзмітрый Шастаковіч. Беларускі след у радаводзе знакамітага кампазітара

Апублiкавана: 07 мая 2024 Стужка Музыка Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

29 чэрвеня 1808 года ў маленькім мястэчку Шэметава ў сялян Міхала і Кацярыны Шастаковічаў нарадзіўся сын, якому пры хросце далі імя Пётр. Ці маглі тады бацькі падумаць, што праўнук Пятра Дзмітрый, які з’явіцца на свет праз сто гадоў у Санкт-Пецярбургу, стане адным з самых вядомых кампазітараў? А што яшчэ праз сто гадоў у гонар іх сям’і будзе ладзіцца міжнародны музычны фестываль “У Шэметаве ў Шастаковічаў”? Пытанні рытарычныя. Але так сталася.

Сёння мы распавядзём пра карані сямейнага дрэва Шастаковічаў і, як звычайна, звернемся да архіўных крыніц. 

Дзмітрый Шастаковіч

Дзмітрый Шастаковіч

Год таму даволі выпадкова я зацікавіўся асобай таленавітага графіка, аднаго з піянераў беларускай літаграфіі Казіміра Бахматовіча, жыццё якога прамільгнула яркай зоркай на пачатку ХІХ стагоддзя. У выніку маіх пошукаў з’явіўся цыкл публікацый, прысвечаных творцу і яго мясцінам (гл. “К” №№ 29, 30, 45, 2023). Збіраючы інфармацыю пра Бахматовіча, натрапіў на яшчэ аднаго беларускага мастака, майстра партрэтнай мініяцюры Генрыка Жукоўскага, зусім забытага на радзіме (гл. “К” № 12, 2024). Завяршаючы артыкул пра яго, я ўжо ведаў, хто будзе героем наступнай публікацыі: Дзмітрый Шастаковіч (1906—1975) — кампазітар, чые працы я слухаў у дзяцінстве (мае бацькі — музыканты) і пазней. Цяпер, калі ўзяўся за гэтыя радкі, падсвядомасць абрала саўндтрэкам творы мэтра са старых фільмаў “Гамлет” (1964) і “Кароль Лір” (1970). Што ж такога агульнага паміж імі, Бахматовічам, Жукоўскім і продкамі кампазітара, акрамя таго, што я пра іх пішу? Усе яны ў адзін час жылі ў маляўнічых ваколіцах Свіры, найпрыгажэйшага беларускага возера, хадзілі ў адны і тыя ж касцёлы ў мястэчках Свір і Шэметава, дзялілі адно і тое ж высокае беларускае неба. 

ЯК ПАВЯЛОСЯ 

У літаратуры, прысвечанай слыннаму савецкаму кампазітару, музыка якога і сёння папулярная ў свеце, пра пачаткі роду гаворыцца сціпла. Часцей за ўсё — “прадзед Пётр нарадзіўся ў Шэметаве ў 1808-м”. Дзе-нідзе, праўда, мільгала, што бацьку Пятра звалі Міхал. Часам можна напаткаць сцвярджэнні, што род Шастаковічаў такі ж стары, як само Вялікае Княства Літоўскае, што Шастаковічы паходзяць са шляхты. Але ж Шастаковічы, прынамсі гэтыя, — сяляне, парафіяне Шэметаўскага касцёла. У 2021 годзе краязнаўцы, праштудзіраваўшы метрычныя кнігі храма, змаглі адказаць на многія пытанні. Прыкладам, кім былі бацькі Пятра, ці меў ён братоў або сёстраў. Мясцовыя адмыслоўцы адшукалі і метрыку шлюбу Пятра. І гэтыя дакументы істотна карэкціруюць ранейшыя “неаспрэчныя факты”. На жаль, такія неймаверна важныя знаходкі нікога не зацікавілі і адразу забыліся. Не даведаўся б пра іх і я, калі б не прайшоў тым жа шляхам. І добра, бо адзначыў тое, што краязнаўцы прапусцілі. 

ПОШУКІ І ВЫНІКІ 

Вось якія цікавінкі хавалі даўнія дакументы. 

У адрозненне ад людзей з іншымі прозвішчамі, якія ў метрычных кнігах упамінаюцца вельмі часта, Шастаковічы — амаль не. Толькі сям’я Міхала Шастаковіча. Першая згадка самога Міхала адносіцца да 1797 года, калі мужчына быў запрошаны на хрэсьбіны ў вёску Янавічы. Але пасля вяселля каля 1802-га з сялянкай Кацярынай Мазай сітуацыя змянілася. Дзеці нараджаліся адно за адным — Вінцэнт (1803), Станіслаў (1806—1807), Пётр (1808—1871, Перм), Ганна-Разалія (1810—1816), Разалія (1817—1816), Канстанцыя (1820— 1899) і Схаластыка (1827—1897). Некаторыя памерлі малымі, дзяўчаты выйшлі замуж і змянілі прозвішча, лёс Вінцэнта застаецца нявысветленым. Ці быў бацькам Міхала Тэадор Шастаковіч, які сканаў у кастрычніку 1810-га ў Шэметаве ва ўзросце 70 гадоў? Магчыма. 

СУПАДЗЕННЕ 

У 1834-м селянін Пётр Шастаковіч падае прашэнне аб залічэнні вольным слухачом у Віленскую медыка-хірургічную акадэмію. Скончыўшы яе са званнем ветэрынарнага ўрача ў 1837-м, хлопец уладкоўваецца на працу асістэнтам да лекара і напрыканцы лістапада жэніцца. Абранніцай 30-гадовага Пятра Шастаковіча, ужо шляхетнага (так напісана ў метрыцы), становіцца шляхцянка Юзэфа (27 гадоў), дачка Мікалая Ясінскага і Марыяны Радзевіч. Высветліць, кім былі бацькі Юзэфы (Юзэфы-Марыяны), пакуль не ўдалося. Але маем цікавае супадзенне, звязанае з Радзевічамі. На пачатку ХІХ стагоддзя шляхетныя Радзевічы сустракаюцца ў Шэметаўскай парафіі і некаторы час жывуць у маёнтку Шэметава (не блытаць з аднайменным мястэчкам). Недзе ў першай палове 1840-х маладая сям’я пераязджае ў Екацярынбург. На гэтым мы спынімся. 

СУПРАЦОЎНІЦТВА 

У надзеі знайсці дадатковую інфармацыю пра вытокі згаданага роду я напісаў у архіў Д. Д. Шастаковіча (Масква) і атрымаў адказ ад удавы кампазітара Ірыны Антонаўны. Пасля кансультацыі з адмыслоўцамі спадарыня Шастаковіч паведаміла, што патрэбных мне звестак ва ўстанове, на вялікі жаль, няма. Найбольш даўні і важны дакумент у архіве — гэта метрыка хросту самога Дзмітрыя Шастаковіча. У сваю чаргу, усё знойдзенае мной я перадаў установе. 

Шэметава. Касцёл з плябаніяй. Малюнак 1916 года

Шэметава. Касцёл з плябаніяй. Малюнак 1916 года

Дарэчы, аказалася, што бацькі Ірыны Антонаўны паходзяць з Беларусі. Яе тата, Антон Супінскі, які нарадзіўся ў Дастоеве, на Піншчыне, быў вядомым беларускім этнографам, фалькларыстам і археолагам. 

З’яўляецца пачуццё, што серыял, які “ініцыяваў” Казімір Бахматовіч, працягнецца. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ