Ка­лі пес­ні з сэн­сам

Яе кампазіцыя “Бацькава булка” стала гімнам хлебаробаў, а трэк “Беларускі Новы год”гучаў зімой на ўсіх святочных пляцоўках. Як ураджэнка Гродзенскага раёна стала знакамітай і чым здзівіла Андрэя Малахава? Фіналістка праекта “Акадэмія талентаў” на АНТ, лаўрэат конкурсу маладых выканаўцаў у Маладзечне Аліна Чыжык дзеліцца сакрэтамі поспеху.

“САРОМЕЛАСЯ СКАЗАЦЬ, АДКУЛЬ Я” 

— Мая малая радзіма — вёска Мількаўшчына. Гэта край, дзе з’явілася на свет пісьменніца Эліза Ажэшка. Там і мае карані, мая базавая школка. Памятаю, калі падлеткам паехала ў санаторый, саромелася сказаць, адкуль я. Хлусіла, што з Гродна. Цяпер ганаруся і лічу: людзі, якія нарадзіліся ў вёсцы, умеюць працаваць і дасягаць мэт. Такім асобам ніколі нічога проста не давалася. Цяжкасці на шляху робяць нас мацнейшымі. Гісторыя ведае шмат знакамітых людзей, якія прараслі з глыбінкі. 

У дзяцінстве мы ўгрызаліся ў любую магчымасць, каб развівацца. Кажу выхаванцам, што ў іх для гэтага ёсць усё. Музычныя школы пад бокам… Мяне бацькі вазілі ў Скідзель — а гэта за 17 кіламетраў, — чакалі чатыры гадзіны. І заўсёды падтрымлівалі. 

Аліна Чыжык падчас выступлення

Аліна Чыжык падчас выступлення

Ганаруся, што нарадзілася менавіта на гэтай зямлі. Яна адказвае ўдзячнасцю: я артыстка года Гродзеншчыны — 2022, яшчэ мяне занеслі ў энцыклапедыю жанчын нашага раёна. 

Я з музычнай сям’і. Цётка, бацькава родная сястра, — вядомы беларускі кампазітар Аліна Безенсон. Тата граў на сінтэзатары, мама ўдзельнічала ў фальклорным хоры. Былі гучныя святы, са спевамі, танцамі. Так што музыка жыве ў генах. 

І вось на вяселле маёй старэйшай сястры прыехала цётка, пачула, як выконваю “За четыре моря”, і сказала: “Аліну тэрмінова трэба аддаваць у музычную школу”. Я была пераросткам. Аднак цётка настаяла, і дырэктар пайшла насустрач. Давялося за год асвоіць праграмы трох класаў. Заўсёды чула пахвалы ад настаўніцы, якая хацела развіваць мяне па кірунку фартэпіяна. Але я марыла пра сцэну. Гэта мая стыхія. 

Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне. Чатыры гады вучобы падарылі мне розныя праекты, тэлевізійныя здымкі. Стала сябе актыўна праяўляць. Далей была завочная падрыхтоўка ў педагагічным універсітэце імя М. Танка. Крок за крокам пачала развівацца як артыстка. 

“БАЦЬКАВА БУЛКА” ПАЙШЛА Ў НАРОД 

— Каравай-фэст “Бацькава булка” з’явіўся дзякуючы нашаму Прэзідэнту два гады таму пасля яго візіту ў Свіслач. Мясцовая пякарня славіцца фірменнай “пляцёнкай”. Смак вырабу, які “плятуць” уручную, знаёмы з дзяцінства. Аляксандру Рыгоравічу таксама спадабаўся гэты хлеб, які пасля пачалі называць “Бацькавай булкай”. Старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі прапанаваў зрабіць яе брэндам і стварыць сацыяльна-культурны праект, падключыў рэжысёра. Вольга Багдановіч мае вялікі вопыт — праводзіць фестываль нацыянальных культур у нас у горадзе, абласныя “Дажынкі”. Мы распрацавалі канцэпцыю свята. Мне, аўтару-выканаўцу, прапанавалі напісаць музыку да гімна мерапрыемства. Словы склала Вольга Томашаўна. Мелодыя нарадзілася хутка. Калі я ўбачыла верш — села за фартэпіяна і прыдумала акорды. За тры дні зрабілі аранжыроўку і запісалі песню ў студыі. Твор пайшоў у народ — цяпер мяне ўсе пазнаюць па гэтай кампазіцыі. 

Аліна Чыжык на шоу Андрэя Малахава

Аліна Чыжык на шоу Андрэя Малахава

Ездзіла з ёй на тэлешоу да Андрэя Малахава, прадстаўляла краіну. Тэма праграмы — “Сяброўства народаў”. Госці былі з розных дзяржаў, кожны з песнямі і падарункамі. Прыём — на найвышэйшым узроўні. Расіяне нас вельмі любяць. Гэта ўзаемна, мы ж братнія народы. Суседзі паважаюць нашага Прэзідэнта. Беларусь у іх асацыіруецца з зычлівымі, хлебасольнымі людзьмі. У студыі было цёпла і душэўна. Малахаў падаўся шчырым, добрым і сапраўдным. Здымкі прайшлі на адным дыханні. Рэдактары казалі: гэта была найлепшая праграма за сезон. 

Вярнуўшыся дадому, адчула эйфарыю. На сабе праверыла, як гэта — прачнуцца знакамітай. Хадзіла зараджаная, і хацелася дзяліцца натхненнем з усімі. Пасля эфіру мне патэлефанавалі з Расіі і запрасілі паўдзельнічаць у канцэрце, прысвечаным Дню народнага адзінства. У TikTok убачыла пад 500 тысяч праглядаў і толькі станоўчыя водгукі. Прыхільнікі пісалі, што я годна прадставіла нашу краіну. 

“МУЗЫКА ПАВІННА ВЫХОЎВАЦЬ” 

— Кампазіцыі “Mi amor”, “Чай земляничный”, “Ловили лето”, “Из- за него”, “Беларускі Новы год”, “Туда, где мама ждёт”, “Лістапад развітальны”, “Простуда” гучаць на радыё, але многія не здагадваюцца, што гэта я (усміхаецца). Песні можна паслухаць на ўсіх лічбавых пляцоўках. Ёсць восем рэлізаў. На YouTube — кліпы. Актыўна раціруюся на каналах АНТ, БТ, RU.TV, Europa Plus TV Belarus, ТНТ-International (Беларусь). Днямі прадстаўлю кампазіцыю, якую прысвяціла гораду Гродна. Будзем рабіць кліп. Гэтую песню я ўжо прэзентавала на аўтарскіх канцэртах. 

Мае апекаванцы ў вакальнай школе-студыі кажуць, што хочуць быць падобнымі да мяне, таму не маю права нікога падвесці. І пачуццё адказнасці навісае, як хмара. Трэба трымаць марку. Публічны чалавек не ў праве расслабляцца, так што лёс артыста нялёгкі. 

Музыка — тое, што павінна выхоўваць. На музыцы людзі растуць, дзякуючы ёй напаўняюцца святлом. Таму ва ўсе песні, нават поп-кірунку, укладаю сэнс. Стараюся, каб была прыгожая мелодыя. Заставацца ў трэндзе — добра, аднак для мяне важна і каб тое, што спяваю, падабалася слухачам. Я больш канцэртны артыст, чым радыйны, бо люблю камунікаваць з гледачом. 

“АДЧУВАЦЬ СЯБЕ ШЧАСЛІВАЙ” 

— У мяне часта пытаюцца, як усё паспяваю. Самадысцыпліна, напэўна. А яшчэ Бог дапамагае — ва ўсім дае энергію. Як нармальны чалавек, дазваляю сабе і паленавацца. Я жанчына-генератар, аднак часам трэба зараджацца (смяецца). Усё складваецца, бо сустракаюцца добрыя людзі, пераплятаюцца падзеі. Калі ты ў гармоніі з сабой, са светам, калі ты чысты знутры, то Бог вядзе і ўсё паспяваеш. 

Аліна Чыжык падчас выступлення

Аліна Чыжык падчас выступлення

Жыву творчасцю. Я не толькі выступаю на сцэне, але і выкладаю ў школе-студыі “Логас”. Ад дзяцей зараджаюся, напаўняюся іх святлом. Галоўны сакрэт — адчуваць сябе шчаслівай унутры. Калі лезуць дакучлівыя думкі — пераключаюся. Стрэс стараюся прыбіраць, бо ад яго хутка старэеш. Калі назапашваеш радасць — то застаешся маладым. Гэтага ўсім жадаю! 

Надзея ЗУЕВА 

Фота з архіва спявачкі