Узвысіць голас у імя міру

Апублiкавана: 09 мая 2024 Стужка Афіцыйна не указан

Аўтар: Аўтары

Культура сёння павінна ўзвысіць свой голас у імя міру. Аб гэтым міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч заявіў падчас VI Сусветнага форуму па міжкультурным дыялогу “Дыялог дзеля міру і глабальнай бяспекі: супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне”. 

Прэстыжнае міжнароднае мера- прыемства праходзіць у Азербайджане з 1 па 3 мая. На форум з’ехалася амаль 700 гасцей, якія прадстаўляюць больш за 100 краін свету. Дзяржаўныя дзеячы высокага ўзроўню, парламентарыі, рэлігійныя лідары, вучоныя, журналісты, прадстаўнікі розных этнічных, моўных і культурных груп сабраліся ў Баку, каб праз канструктыўны дыялог унесці ўклад у пашырэнне міру і глабальнай бяспекі. 

У трохдзённай праграме — чатыры сесіі і 12 панэльных дыскусій. Сярод тэм, якія запланавана абмеркаваць, — пытанні адукацыі, моладзевай палітыкі, экалогіі, штучны інтэлект, ахова культурнай спадчыны, незаконная міграцыя ды іншыя. 

Дэлегацыя Міністэстэрства культуры

Дэлегацыя Міністэстэрства культуры

У ліку ўдзельнікаў форуму — прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі. Падчас пленарнага пасяджэння “Гармонія ў разнастайнасці: садзейнічанне міжкультурнаму дыялогу для ўсеагульнага культурнага адраджэння” выступіў Анатолій Маркевіч. 

У дакладзе міністр падкрэсліў: “Мір — галоўнае багацце і найвышэйшая каштоўнасць на Зямлі”. Паводле слоў кіраўніка галіны, беларусы, якія страцілі ў агні Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга, добра разумеюць гэта. На працягу 80 гадоў мы робім усё, каб наша краіна заставалася тэрыторыяй міру, дзе забяспечаны міжнародны дыялог. 

Як адзначыў Анатолій Мечыслававіч, Беларусь гістарычна сфарміравалася і развіваецца як шматнацыянальная краіна, у якой пражываюць прадстаўнікі 130 этнасаў. Адказнасць дзяржавы за свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных суполак замацавана ў Канстытуцыі. Зберагаючы разнастайнасць моў, рэлігій і культур, мы падтрымліваем адзінства народа. 

Анатолій Маркевіч канстатаваў: “Прадстаўнік любой нацыянальнасці і веры, калі ён прафесіянал і патрыёт, можа дасягнуць вяршынь кар’еры і дзелавога поспеху ў нашай краіне”. Разам з тым міністр прыгадаў, што сяброўства і ўзаемная павага розных народаў паўсталі не самі па сабе. Гэта — вынік шматгадовай працы па збліжэнні і ўзаемным узбагачэнні культур нацыянальных суполак і падтрымцы суайчыннікаў за мяжой. 

Анатолій Мечыслававіч зрабіў акцэнт на захаванні гістарычнай памяці як падмурка міру. “Беларусь усюды адстойвае простую ісціну: на Зямлі існуе адна вечная каштоўнасць — мір, за які ў адказе кожны”, — лічыць міністр. Кіраўнік галіны таксама падкрэсліў: “Культура сёння павінна ўзвысіць свой голас у імя міру”.