Культурная карта

Апублiкавана: 07 мая 2024 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Пад такой назвай сёння стартаваў праект Міністэрства культуры Беларусі: тэатры рэспубліканскага падпарадкавання зладзяць паказы спектакляў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ў рэгіёнах. 

Ідэя праекта прагучала ў лютым, на пасяджэнні выніковай калегіі. У дакладзе “Культура са знакам якасці: вынікі працы і задачы галіны на 2024 год” Анатолій Маркевіч канстатаваў: “У абноўленым рэпертуары павінны заняць сваё месца спектаклі пра гісторыю і сучаснае жыццё Беларусі, пастаноўкі, якія прывіваюць павагу да традыцый і маральных каштоўнасцей нашага народа. У мэтах папулярызацыі сучасных дасягненняў тэатральнага мастацтва з 2024 года пачнецца рэалізацыя праекта «Культурная карта». Рэспубліканскія тэатры выступяць перад моладзевай аўдыторыяй у раённых цэнтрах краіны”. 

Сёння ў графіку акцыі — амаль 40 пляцовак, на якіх прадставяць творчасць вядучыя калектывы Беларусі. Сярод іх — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Маладзёжны тэатр эстрады, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”. 

Першым пунктам на “Карце” будзе Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, куды 7 мая завітаюць артысты Купалаўскага тэатра. Яны пакажуць спектакль “Двор майго дзяцінства”, падрыхтаваны пры дзяржаўнай падтрымцы: рэжысёр Данііл Філіповіч удастоіўся гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2023 год у сферы культуры. Пастаноўка, прысвечаная гораду-герою Мінску, захоўвае нацыянальныя каштоўнасці і ўзмацняе імідж тэатральнага мастацтва краіны як неад’емнай часткі сусветнай культуры. Твор Данііла Філіповіча — адлюстраванне яго асабістых дзённікаў і спатканне з нашай любімай сталіцай. “Давайце паглыбімся ва ўспаміны аб светлай пары, калі дрэвы былі вялікімі, эмоцыі шчырымі, а ўсе людзі блізкімі! Згадаем той самы двор дзяцінства разам!” — запрашаюць купалаўцы. 

Што прапануюць юнай публіцы іншыя ўстановы? Неўзабаве даведаемся: у маі праект ахопіць таксама Замастоцкі цэнтр вольнага часу, дзе 16-га выступяць артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, і Столінскі гарадскі Дом культуры, куды 29-га прыедзе Маладзёжны тэатр эстрады. Уражанні з месцаў падзей — у наступных нумарах газеты "Культура".