Музыка без меж

Апублiкавана: 09 мая 2024 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Міністэрства культуры і пасольства Пакістана ў Беларусі прымеркавалі дзве знакавыя падзеі да 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных зносін паміж краінамі.

Пакістанскі культурна-адукацыйны цэнтр адкрыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. А ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі зладзілі канцэрт “Музыка без меж: Беларусь і Пакістан”. Мерапрыемствы былі аб’яднаны мелодыямі ў стылі ф’южн. Іх выконвалі артысты з абедзвюх дзяржаў: з боку гаспадароў — студэнцкая і навучэнская моладзь, ад гасцей — прызнаныя мэтры. 

У культурна-адукацыйным цэнтры прадстаўлены творы вядомых пакістанскіх мастакоў і фатаграфіі, на якіх адлюстраваны маляўнічыя пейзажы гэтай краіны. Тут прапануюць убачыць нацыянальнае адзенне, сумкі і кашалькі, прадметы ручной працы з оніксу, медзі, дрэва — рэчы дэманструюць традыцыйны побыт Пакістана і майстэрства яго рамеснікаў. 

Прарэктар па навуковай рабоце БДУКМ Алена Корсакава адзначыла, што ўніверсітэт супрацоўнічае з пасольствам не першы год. Адкрыццё цэнтра — прыклад плённага ўзаемадзеяння, дзякуючы якому студэнты могуць пазнаёміцца з аўтэнтычнай культурай і прыродай Пакістана, з творамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і адметнай тэхнікай акварэльнага жывапісу. 

Больш за 250 чалавек былі сведкамі свята міжнароднага сяброўства ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы. Разыначка мерапрыемства — сумеснае выступленне вядомых пакістанскіх інструменталістаў Ашрафа Шарыфа (сітара) і Шахбаза Хусейна (табла) з выкладчыкамі і навучэнцамі ўстановы. 

Цікава, што пакістанскія музычныя звычаі характарызуюцца значнай доляй імправізацыі. Кожнае выступленне ўнікальнае, нот няма. Таму граць разам з зоркамі традыцыйнай пакістанскай музыкі — адказнае выпрабаванне. З ім прадстаўнікі гімназіі-каледжа справіліся бліскуча. Ансамбль, у склад якога ўвайшлі сітара, таблы, акардэон, цымбалы, раяль і перкусія, прагучаў зладжана і моцна. А калі Ашраф Шарыф папрасіў залу падтрымаць выступленне вакалам, гэта з задавальненнем зрабілі і навучэнцы, і выкладчыкі, і прадстаўнікі дыпламатычнай місіі. Здарылася чароўнае яднанне людзей розных культур праз універсальную мову — музычнае мастацтва.