Час чытаць!

Апублiкавана: 07 кастрычнiка 2023 Нам пішуць Афіцыйна Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Апошні дзень верасня выдаўся цёплым і ласкавым. Усё лета каля помніка нашаму знакамітаму земляку Якубу Коласу гучалі вершы. Вучні школ і жыхары горада аддавалі даніну памяці таленту песняра. Біблятэкары раёна таксама вырашылі ўнесці свой уклад ва ўшанаванне знакамітага земляка.

Адзначыць закрыццё чытанняў на свежым паветры было вырашана правядзеннем бібліятэчнага фестывалю “Час чытаць!”. Вопытныя супрацоўнікі разам з маладымі спецыялістамі падрыхтавалі для наведвальнікаў шмат цікавых лакацый. Землякі паэта сустракалі наведвальнікаў смажанымі блінамі, хрусткімі грыбочкамі, смачным печывам. Прысмакі з “Новай зямлі” былі ілюстрацыяй шчодрасці нашай зямлі і шырыні яе душы. 

Падсілкаваўшыся, наведвальнікі апыняліся ў віры самых розных падзей. Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю ўсе жадаючыя маглі пачытаць вершы знакамітага паэта. Школьнікі,  маладыя пісьменнікі і паэты чыталі вершы, удзельнічалі ў самых розных віктарынах, конкурсах, квэстах, якія падрыхтавалі для іх нашы супрацоўнікі.

Усе прысутныя маглі пазнаёміцца з самымі цікавымі навінкамі літаратуры беларускіх выдавецтваў, наведаць літаратурнае кафэ,  каб “пакаштаваць” унікальныя стравы: самая старая кніга, самая тоўстая, самая маленькая, самая вялікая, самая запатрабаваная. Асаблівая цікаўнасць у наведвальнікаў была да кулінарных шэдэўраў ад розных літаратурных герояў. Кожны мог атрымаць сакрэт прыгатавання кулебякі ад А. П. Чэхава, пончыкаў ад Мэры Поппінс і яблычнага пірага ад Гары Потэра.

Шмат гадоў сябруе з бібліятэкай Сімакова В.Г. Невыпадкова, што дыплом “Самы адданы чытач” быў прызначаны менавіта ёй.  

Амаль кожны тыдзень наведвае бібліятэку Абрамовіч В.А. Супрацоўнікі заўсёды стараюцца падрыхтаваць для яе падборку цікавых навінак. “Самы актыўны чытач” – гэта заслужаная адзнака!

 “Мецэнат – дарыцель” – так мы называем Дубатоўку Г.Э. Яна не толькі актыўна наведвае бібліятэку, але і шчодра дзеліцца кнігамі з іншымі. Складана падлічыць, колькі кніг з уласнай бібліятэкі перадала ў наш фонд гэта сціплая жанчына.

 “У бібліятэку ўсёй сям’ёй!”- пад такім дэвізам жыве шматдзетная сям’я Калкоўскіх. З самага маленства дзеці прывучаюцца любіць і шанаваць кнігу. Таму мы з задавальненнем уручылі гэтай  цудоўнай сям’і дыплом “Самая чытаючая сям’я”. 

Для ўсіх намінантаў бібліятэкары падрыхтавалі дыпломы і невялікія памятныя падарункі.

Алена АСАЁНАК,

загадчык аддзела па рабоце з дзіцячым чытачом ДУК “Стаўбцоўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Якуба Коласа”