Дэльфійскія гульні: нашы поспехі

Апублiкавана: 14 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: Аўтары

Чатыры залатыя, адзін срэбраны і два бронзавыя медалі. Такія трафеі прывезлі беларусы з Кыргызстана, дзе з 6 па 10 кастрычніка праходзілі ХVII Маладзёжныя Дэльфійскія гульні краін-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

У Бішкек ад Беларусі паехалі 17 удзельнікаў, якія былі прадстаўлены ў дзевяці намінацыях. Ансамбль народнага танца “Крокі” пад кіраўніцтвам Таццяны Шчучко адкрыў першы конкурсны дзень, задаўшы высокую планку ўсім выступленням нашай каманды. У выніку яна здабыла сем медалёў і два ганаровыя дыпломы. 

Золата атрымалі навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Данііл Лазарэнка (намінацыя “Фартэпіяна”) і Уладзіслаў Баевіч (“Скрыпка”), студэнтка гэтай акадэміі Айрыс Шадрына (“Фартэпіяна”), а таксама згаданы ансамбль “Крокі” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (“Народны танец”). 

Срэбраны медаль заваявала выхаванка Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Паліна Шэмагонава (“Выяўленчае мастацтва”). Бронзавыя ўзнагароды — у навучэнкі Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа Веранікі Закрэўскай (“Мастацкае рамяство”) і студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Іосіфа Нікіценкі (“Акадэмічны вакал”). 

Дыпломамі адзначаны студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Іршонак (“Народныя спевы”) і выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Ганна Рыбакова (“Эстрадныя спевы”).