Знішчыць дыстанцыю паміж аўтарам і спажыўцом

Апублiкавана: 17 верасня 2022 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

У Нацыянальным мастацкім музеі адбылася публічная дыскусія "Мастацтва. Погляд моладзі", прымеркаваная да пачатку навучальнага года. Падчас сустрэчы студэнты абмяркоўвалі пытанні арт-сталення, важнасць культуры для развіцця асобы, ролю творчай супольнасці ў гарадскім асяроддзі, праблемы элітарнасці і масавасці ў дзейнасці музеяў, а таксама дыгіталізацыю культуры. Спікерамі выступілі прадстаўнікі маладога пакалення творцаў: мастак, літаратар і музыка 20-23 гадоў.

У гутарцы ўдзельнічалі Цімур Кудзеліч — пісьменнік, аўтар зборніка прозы “Як”, прэзентаванага ўлетку, які цяпер працуе над сваёй наступнай кнігай, Дарыя Глас — мастачка-канцэптуалістка, арт-дызайнер, якая спецыялізуецца на развіцці актуальнага мастацтва і цікавіцца перформансам, а таксама Слава Кміт — музыка і кампазітар, які працаваў у складзе шэрагу гуртоў. Мадэратарам размовы выступіла загадчыца сектара маркетынгу аддзела навуковаасветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Марыя Фрунзэ.

ПАЧАТКІ БІЯГРАФІЙ

Першае пытанне, на якое спрабавалі адказаць маладыя аўтары, — калі да іх прыйшло ўсведамленне таго, што яны будуць займацца мастацтвам, што было пунктам адліку на іх творчым шляху і як менавіта яны гэта ўсвядомілі. Цімур Кудзеліч прызнаўся, што схільнасць да пісьма адчуваў з дзяцінства, але грунтоўна звязаць свой лёс з літаратурай вырашыў адносна нядаўна, хіба пару год таму. Сваю першую кнігу ён апісвае як кароткую аповесць пра вясковае жыццё з пункту погляду маладога гараджаніна, з адсылкамі да беларускай традыцыйнай міфалогіі.

Дарыя Глас зазначыла, што, хаця і не памятае, калі менавіта пачала схіляцца да мастацтва, сёння ўпэўніцца ў правільнасці выбару свайго шляху ёй дапамагаюць сустрэчы з людзьмі, якія натхняюць працягваць тварыць, а асноўнай ідэяй яе творчасці з’яўляюцца разважанні на тэму сувязі чалавека з прыродай.

Слава Кміт прыгадаў, што граць у першым гурце ён пачаў у чатырнаццаць, але заўважыў, што толькі цяпер, у свае дваццаць, адчувае сябе больш самастойным чалавекам, які можа планаваць свае фінансавыя выдаткі на творчасць, — бо занятак музыкай, калі да яго падыходзіць сур’ёзна, вымагае аплаты рэпетыцый і гуказапісу, а таксама догляду за музычнымі інструментамі. Гурт “The Belarus outfit”, у якім цяпер грае хлопец, неўзабаве плануе выпусціць альбом.

ШТО ВЫРАШАЮЦЬ ГРОШЫ

Разважаючы над матэрыяльным вымярэннем творчасці, моладзь паспрабавала адказаць на пытанне, ці можа быць мастацтва сродкам атрымання прыбытку, а плён творчага працэсу — прадуктам для продажу ў свеце, дзе дамінуюць матэрыяльныя каштоўнасці. Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся на тым, што пашыраная думка, нібыта мастак мусіць быць галодным, наўрад ці павінна стаць кіраўніцтвам да дзеяння ў сучасных умовах. У ідэале перад аўтарам увогуле не павінна паўставаць пытанне матэрыяльнага самазабеспячэння, але, вядома, такі погляд на гэтую праблему занадта ідэалізаваны і ўтапічны.

Разам з тым грошы і атрыманне прыбытку не адыгрываюць у творчым працэсе моладзі і вырашальнай ролі, хаця, вядома, іх наяўнасць значна спрыяе стварэнню мастацтва і спрашчае жыццё аўтара, ашчаджаючы час, які ён мог бы выдаткаваць на іншыя сродкі заробку і які, у выніку, замест гэтага можна прысвяціць творчасці. Выказваліся меркаванні, што творы мастацтва — гэта сацыяльна значны тавар, і ў ідэале, вядома, іх варта было б раздаваць на плошчах бясплатна, але хацелася б, каб затрачаныя на творчасць час, сродкі і высілкі хаця б акупляліся.

Прытым, адказваючы на пытанне, ці арыентуюцца творцы на канкрэтнага чытача, гледача ці слухача, маладыя аўтары прызналіся, што часам ведаюць сваю аўдыторыю ледзь не пайменна, але гэта не азначае, што пры стварэнні мастацтва трэба абавязкова мець на ўвазе, чаго людзі чакаюць ад мастака. Галоўная мэта на сённяшні момант, як адзначылі суразмоўцы, — знішчыць дыстанцыю паміж аўтарам і спажыўцом культуры, што ў тым ліку дапаможа зменшыць рызыку неадпаведнай інтэрпрэтацыі твораў.

 

МАСТАЦТВА Ў ВЯЛІКІМ ГОРАДЗЕ

Наступнае пытанне, над якім паспрабавалі паразважаць удзельнікі дыскусіі, — як гарадская прастора ўплывае на творчасць. Была звернутая ўвага на тое, што арт-дзейнасць у нашай краіне засяроджаная пераважна ў Мінску, што, на думку суразмоўцаў, не зусім правільна, бо не дае роўных магчымасцей творцам з іншых гарадоў і рэгіёнаў. Акрамя таго, для сталіцы ўласцівае існаванне пэўных культурных тусовак на лакальным узроўні пры адсутнасці цэльнай супольнасці, а таксама якой-кольвек адзінай пляцоўкі для самарэалізацыі. Тым часам існаванне такіх творчых супольнасцей мае важнае значэнне для станаўлення і развіцця творчай моладзі, бо менавіта тут яна можа знайсці падтрымку сярод аднадумцаў.

Разважаючы аб элітарнасці ці масавасці мастацтва, выступоўцы таксама ўзнялі праблему пэўнай закрытасці гарадской прасторы, маючы на ўвазе як адсутнасць камунікацыі паміж гараджанамі, так і пытанне даступнасці грамадскіх памяшканняў і пляцовак — пачынаючы ад платы за ўваход і да лагістычнай аддаленасці асноўных цэнтраў і асяродкаў культуры ад жылых раёнаў на гарадскіх ускраінах, што таксама замінае фарміраванню мастацкага асяроддзя. Каб прывабіць моладзь у музей, безумоўна, патрэбныя інтэрактыўныя мерапрыемствы, накшталт самой гэтай дыскусіі, каб наведвальнікам не толькі паказвалі мастацтва, але і цікавіліся іх меркаваннем аб пабачаным.

У ПОШУКАХ ЖЫВОГА ДЫЯЛОГУ

Маладыя творцы пагадзіліся і наконт непазбежнай дыгіталізацыі культуры ў сувязі з развіццём тэхнічнага прагрэсу. Новыя фарматы і тэхнічныя сродкі дазваляюць зрабіць усе віды мастацтва больш даступнымі, аблегчыць шлях да яго спажыўца, а таксама дапамагаюць пашырыць аўдыторыю. Тым не менш традыцыйныя носьбіты і шляхі распаўсюду мастацтва, жывыя сустрэчы з аўдыторыяй таксама застаюцца важнымі, што прадэманстравала нават сама гэтая размова ў музеі.

Дыскусія выйшла надзіва актыўнай і выклікала ў аўдыторыі безліч пытанняў, ніхто і не думаў спыняцца — дарма, што амаль усе госці, як і выступоўцы, таксама прадстаўлялі студэнцтва. Сімвалічна, што размова аб мастацтве ў Дзень ведаў была абарваная своеасаблівым “фінальным званком” — аб’явай аб хуткім набліжэнні заканчэння рабочага дня музея, на якую слухачы адрэагавалі дружнымі апладысментамі і разыходзіліся неахвотна. Выглядае, што знаходзіць адказы на ўзнятыя пытанні аб пошуку ўласнага шляху ў мастацтве гэтая моладзь працягне і за сценамі музея, у сваім далейшым творчым і прафесійным жыцці.

Антон РУДАК