Анталогія мастацкага жыцця

Апублiкавана: 19 кастрычнiка 2023 Стужка Анонс Мінск

Аўтар: Аўтары

На дварэ —багацце фарбаў, а ў культурным жыцці — вір падзей.Кастрычніцкі нумар часопіса“Мастацтва”прапануе акунуцца ў некаторыя з іх. 

  • Аглядальнік Пятро Васілеўскі наведаў выставу “Шлях” Льва і Сяргея Гумілеўскіх, прымеркаваную да 60-годдзя апошняга. 
  • Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн робіць накіды да творчага партрэта Ніны Пілюзінай, якой падуладны і габелен (найперш), і акварэль, і батык, і нават метал. 
  • Творчасць Рыгора Данеляна, на жаль, не была шырока прадстаўлена ў беларускай культурнай прасторы. Выправіць сітуацыю мелася выстава мастака, арганізаваная ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Дар’я Герасімовіч звяртаецца да спадчыны Рыгора Данеляна з дапамогай куратара выставы Алесі Іназемцавай і сямейнікаў майстра. 
  • Традыцыйны беларускі касцюм — гэта прыгажосць і практычнасць, сімвалізм і сакральнасць. Наталіцца “музыкай” строяў, а таксама прыадкрыць некаторыя іх таямніцы на выставе “Анталогія прыгажосці” ў Нацыянальным мастацкім музеі запрашаюць Настасся Касцюковіч і кандыдат мастацвазнаўства Марыя Віннікава. 
  • Валянцін Елізар’еў паўстагоддзя служыць беларускаму мастацтву. Да знамянальнай даты Вялікі тэатр Беларусі падрыхтаваў для свайго мастацкага кіраўніка падарунак — на працягу кастрычніка гледачы могуць убачыць самыя выбітныя балеты выдатнага харэографа. А чытачы “Мастацтва” — даведацца з першых вуснаў пра нараджэнне спектакляў, творчасць, музыку, сустрэчы. Успаміны Маэстра запісала Алена Балабановіч. 
  • Яўгенія Бачыла наведала чытку драмы Аляксея Дударава “Вечар” у Цэнтры беларускай драматургіі на сцэне РТБД. Сваімі ўражаннямі яна дзеліцца на старонках часопіса. 
  • Два тыдні на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы ішлі гастролі Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя В. Качалава. Аглядальнік Надзея Бунцэвіч дзеліцца тым, што скарыла ў пастаноўках. 
  • Фестываль “Белая Вежа” ладзіўся ў Брэсце ўжо 27-ы раз. Чым вызначылася сёлетняя імпрэза, расказвае Надзея Бунцэвіч. 
  • Анастасія Васілевіч гутарыць з рэжысёрам і актрысай Аленай Зміцер пра творчае станаўленне, планы і прызначэнне тэатра. 
  • Раздзел “Кіно” звяртаецца да стужак, што былі створаны за часы незалежнасці Беларусі. Гэтым разам кіназнаўца Наталля Сцяжко раіць паглядзець гульнявы фільм рэжысёра Аляксандра Яфрэмава “Ліст чакання”. 
  • Віцебск мае багатыя акварэльныя традыцыі. Гэта і пацвердзіў Адкрыты фестываль “Свята акварэлі ў Віцебску” — 2023. Як тое было, расказала мастацтвазнаўца Анастасія Папроцкая.