Абласное свята нацыянальных культур

Апублiкавана: 21 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мiнская вобласць

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Аматарскія калектывы, выканаўцаў і народных майстроў Міншчыны сёння сабрала абласное свята нацыянальных культур. Фэст стартуе ў гэтыя хвіліны ў Лагойскім раённым цэнтры культуры. 

Гасцей сустракае размаітая выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а неўзабаве пачнецца канцэрт "Скарбы нацый – спадчына зямлі".

Барысаў, Мядзел, Маладзечна, Нясвіж, Івянец – творцы з розных куткоў Міншчыны завіталі на свята нацыянальных культур у Лагойск, каб засведчыць сяброўства і згоду на беларускай зямлі, прэзентаваць багатыя духоўныя скарбы, якія яны атрымалі ў спадчыну ад продкаў.

"Прадстаўнікі розных нацыянальнасцей сваім талентам, сваёй працай услаўляюць Міншчыну, узбагачаюць традыцыі нашай сінявокай міралюбівай Беларусі", – адзначыла Таццяна Хмель, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама на адкрыцці абласнога свята нацыянальных культур у Лагойску.

Дарэчы, на свяце працуе рэспубліканскае журы. Эксперты вызначаць найлепшых удзельнікаў, якія пазней прадставяць свой рэгіён на заключных імпрэзах Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

Больш за дзясятак нацыянальнасцей яднае калектыў "Шматгалоссе" з Барысаўшчыны. 

Народнае аматарскае аб'яднанне злучыла спевакоў, майстроў народнага мастацтва, знаўцаў кулінарыі. Усе ўдзельнікі жывуць у згодзе, адкрываюць адно адному багацці сваіх продкаў і дзеляцца сваёй творчасцю с публікай на шматлікіх фестывалях.