Танцавальная феерыя

9-11 верасня ў Гомелі адбыўся Х Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. Гран-пры паехаў у Магнітагорск. Сваімі ўражаннямі пра юбілейнае свята падзяліліся члены журы.

— Цэнтральнай падзеяй гэтага фестывалю застаецца конкурсная праграма, — распавёў старшыня журы, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, народны артыст нашай краіны Валянцін Дудкевіч. — Але сёлета арганізатары зладзілі такое відовішчнае адкрыццё фестывалю, што абмінуць яго немагчыма. Урачыстасці на стадыёне “Цэнтральны” адкрываюць кожны “Сожскі карагод”, але цяперашняе шоу пераўзышло ўсе ранейшыя. Яно і зразумела, бо разам супалі некалькі юбілеяў: 25-годдзе фестывалю, што сёлета прайшоў у 10-ы раз, і, галоўнае, 880-годдзе Гомеля, да якога і быў прымеркаваны гэты танцавальны форум. Акрамя запрошаных прафесійных калектываў, сярод якіх заўжды ёсць наш Дзяржансамбль танца, у адкрыцці ўдзельнічалі шматлікія аматарскія, дзіцячыя ансамблі, усе калектывы-канкурсанты (а іх сёлета было каля сарака), некалькі сотняў гомельскіх студэнтаў. Дзякуючы сінхронным рухам апошніх узнікалі “жывыя” карціны: надпіс “880”, герб Гомеля — рысь, эмблема фестывалю — белы бусел. Сродкамі харэаграфіі была прасочана гісторыя горада. Упершыню ў фестывалі (і ў тым ліку ў конкурснай праграме) удзельнічалі цыркавыя калектывы. Цыркавое мастацтва было прадстаўлена і на стадыёне. А яшчэ былі фаер-шоу з вогненным вадаспадам і агнядышнымі цмокамі, традыцыйны агульны карагод, феерверк, іншыя цікавосткі, што прыводзілі публіку ў захапленне. Ды ўсё ж з асаблівай нецярплівасцю чакаўся конкурс. Папярэдні такі фестываль быў ажно чатыры гады таму, усе па ім засумавалі, хацелася новых цікавых адкрыццяў. І яны здарыліся! Асабіста для мяне такімі адкрыццямі сталі Узорная харэаграфічная студыя “Дзеці Магніткі” Палаца творчасці дзяцей і моладзі Магнітагорска (менавіта гэты калектыў атрымаў Гран-пры) і Дзіцячая харэаграфічная студыя пры Дзяржаўным ансамблі танца “Урал” Чалябінскай філармоніі — лаўрэат першай прэміі ў намінацыі “Народна-сцэнічны танец”. Добра выступілі беларускія калектывы. Асабліва хацелася б вылучыць ансамбль “Крокі” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (дыплом другой ступені) і праект Дзмітрыя Бяззубенкі, адзначаны першай прэміяй у намінацыі “Сучасная харэаграфія”.

Заявак на конкурс было пададзена больш, але, на жаль, некаторыя калектывы не змаглі прыехаць. Таму асноўнае спаборніцтва разгарнулася між прадстаўнікамі Беларусі і Расіі. Адзіны ансамбль з Арменіі — “Залатыя зоркі” — стаў уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый. А колькі аказалася цудоўных цыркавых калектываў! З Оршы, Мазыра, самога Гомеля. Першую прэмію ў гэтай намінацыі падзялілі Заслужаны аматарскі народны цырк імя Валерыя Абеля гомельскага Палаца культуры “Касцюкоўка” і цыркавая студыя “Арэна” з расійскага горада Зарэчнага. Як прызнаваліся многія мае калегі-харэографы, цыркавое мастацтва аказалася нам нават бліжэйшым, чым тыя ж бальныя танцы, бо там больш спорту. Увогуле ўсё мастацтва сёння развіваецца ў бок сінтэзу, відовішчнасці, шоу, цырк таксама набывае рысы тэатралізацыі, таму артысты цырка павінны валодаць не толькі высокай тэхнікай, але і акцёрскім майстэрствам. Што ж да мяне, дык калі я быў мастацкім кіраўніком эстрады ў нашай філармоніі, то двойчы на год ездзіў у Кіеўскае і Маскоўскае цыркавыя вучылішчы, каб падбіраць кадры. Таму да гэтага часу памятаю, да прыкладу, колькімі булавамі і мячамі трэба жангліраваць, каб усталяваць рэкорд.

Асобна адзначу бліскучую, папраўдзе бездакорную арганізацыю фестывалю. Не было ніякіх Танцавальная феерыя накладак ці збояў, кожны калектыў меў свайго куратара. Членаў журы курыравала Віялета Сатырава — дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 Гомеля, ёй ад нас асаблівая падзяка.

— У складзе журы “Сожскага карагода” я працавала ўпершыню, — дадала галоўны балетмайстар Маладзёжнага тэатра эстрады, кіраўнік танцавальнага праекта FUSION Таццяна Трафімава. — Але пра гэты фестываль шмат чула раней. Вельмі добра, што ў нашай краіне праходзіць такі конкурс, які дорыць юным танцорам, маладым балетмайстрам выдатную магчымасць і сябе паказаць, і на іншых паглядзець, заўважыць іх плюсы, пераняць нейкі вопыт. Але ж спаборніцтвы такога роду звычайна акрэсліваюць не толькі творчыя здабыткі, але і пэўныя праблемы. Так, больш моцнай хацелася б бачыць надалей намінацыю “Эстрадны танец”. Бо тое, што сёлета ў ёй не былі прысуджаны ні першая, ні трэцяя прэміі, а толькі другая, зусім невыпадкова. Былі добрыя нумары, ды хацелася б большага, і гэта магчыма. Эстрадны танец, як і ўсялякае іншае мастацтва, павінен мець дакладна выяўленую ідэю, арыгінальную задумку, прадугледжваць акцёрскае майстэрства, а не заставацца наборам тых ці іншых рухаў. Так што да наступнага фестывалю калектывам ёсць над чым папрацаваць.

Надзея БУНЦЭВІЧ