Хіты на ўсе часы

Апублiкавана: 27 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер” праходзіць гэтымі днямі ў Магілёве. Свята стала сапраўднай культурнай візітоўкай горада і краіны. І сёлета арганізатары імкнуліся прадставіць размаітую творчую палітру з мелодыямі розных жанраў і напрамкаў. Вядома, акцэнт зроблены на рэтра. 

Гасцей і ўдзельнікаў форуму павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады існавання “Залаты шлягер” стаў яркай падзеяй культурнага жыцця Магілёўшчыны і ўсёй Беларусі. Сёння фестываль працягвае слаўныя традыцыі, папулярызуючы найлепшыя ўзоры выканальніцкага майстэрства, робіць значны ўнёсак у пашырэнне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. “Упэўнены, што сапраўднае свята мастацтва падорыць шмат цёплых музычных вечароў і цікавых сустрэч”, — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Упершыню “Залаты шлягер” адбыўся ў 1995-м дзякуючы падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі. Вельмі хутка фестываль здабыў усенародную славу. На ім у розныя гады выступалі Людміла Зыкіна, Эдзіта П’еха, Людміла Гурчанка і іншыя зоркі. Сёлета ў канцэрце адкрыцця ўдзельнічалі ансамбль “Песняры”, Алёна Ланская, Жанет, арт-гурт “Беларусы”, а таксама шматлікія госці: заслужаныя артысты Расійскай Федэрацыі Ірына Панароўская і Сяргей Белікаў, Міхаіл Мурамаў, Таццяна Аўсіенка, ВІА “Ліся, песня” і “Сіняя птушка”. 

Да першага фестывальнага канцэрта “Джаз і не толькі” далучылася харызматычная спявачка Марыям Мерабава, вядомая па тэлевізійных праектах “Голас” і “Тры акорды”. Разам з ёй выступілі джазавы трубач-віртуоз Ягор Балабанаў і салісты беларускага калектыву Premier Orchestra. 

Дапоўніла святочную панараму праграма “Жыццё цудоўнае” заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Л.Іванова. У канцэрце паўдзельнічалі салісты з нашай дзяржавы, Расіі і Італіі. Дарэчы, замежныя госці падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні выступлення адзначылі, што ў нашай краіне можна павучыцца, як беражліва трэба ставіцца да культуры. 

Упершыню ў афішы “Шлягера” — вечар бардаўскай песні, на якім прагучаць творы з залатога фонду беларускай і расійскай аўтарскай музыкі. Аматарам завадных рытмаў прапанавалі “Дыскатэку СССР”. Завершыцца ж форум канцэртам “Эх, разгуляй!” ад зорак шансона і выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча з праграмай “Гэты свет прыдуманы не намі”. Яна прысвечана кампазітару Аляксандру Зацэпіну.