Яскравы “Акорд”

Апублiкавана: 30 кастрычнiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Юбілейны ХХ Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” правялі 21—22 кастрычніка ў Жодзіне. З 40 удзельнікаў у фінал патрапілі 16, якія і выйшлі на сцэну Палаца культуры БелАЗа.

Галоўнымі мэтамі творчага спаборніцтва заўжды былі выяўленне таленавітых эстрадных вакалістаў і папулярызацыя нашай песні. Выкананне айчыннага рэпертуару на “Белазаўскім акордзе” — абавязковае. Нават замежныя ўдзельнікі — найперш з Расіі — вучаць беларускамоўныя кампазіцыі і спяваюць іх у суправаджэнні аркестра. У розныя гады гэта былі розныя калектывы, нават Прэзідэнцкі аркестр нашай краіны. Цяпер, як і летась, запрасілі Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Выбар другой конкурснай кампазіцыі раней не абмяжоўваўся, але выканаўцы часцей звярталіся да сусветнай класікі, аддаючы перавагу еўрапейскім і амерыканскім хітам. Сёлета ўмовы крыху змяніліся: другая песня ўпершыню мусіла быць менавіта славянскай, і ўдзельнікі абралі рускамоўныя творы. 

Алеся Адамчык (3-я прэмія), Вераніка Высоцкая (1-я прэмія), Аляксандр Журовіч (Гран-пры), Алеся Савіцкая (2-я прэмія)

Алеся Адамчык (3-я прэмія), Вераніка Высоцкая (1-я прэмія), Аляксандр Журовіч (Гран-пры), Алеся Савіцкая (2-я прэмія)

— Гэта зрабіла конкурс больш зразумелым і блізкім для нашых гледачоў, — пракаментавала старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, што ўзначаліла прадстаўнічае журы. — Да таго ж зварот да славянскай песні патрабаваў не пераймання прызнаных выканаўцаў (на творчым спаборніцтве здараліся такія моманты), а пошуку ўласнай інтэрпрэтацыі, якую, разумеючы словы, маглі ацаніць не толькі спецыялісты, але і шырокая публіка. Да “Белазаўскага акорда” далучыліся ўдзельнікі прыкладна аднаго ўзроўню. Гэта відаць нават па ацэнках, бо розніца між канкурсантамі аказалася мінімальнай — часам усяго адзін бал. Улічвалася ўсё: выбар рэпертуару, тэхнічная падрыхтоўка, выразнасць выканання, арыгінальнасць інтэрпрэтацыі. Гран-пры Аляксандра Журовіча, які прадставіў найскладанейшы “Крык птушкі” Уладзіміра Мулявіна і песню “Ты прыйдзі” Рамана Козырава на купалаўскі верш, невыпадковы: творца атрымаў другую прэмію на сёлетнім Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Будучы студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Аляксандр выконвае адну з цэнтральных роляў у спектаклі “Беражы мяне, лю`бая” нашага Музычнага тэатра. 

Надзея БУНЦЭВІЧ