Мастацтва на абцасах

 

Выцягнулі з дзяцінства і прымусілі займацца танцамі

– У дзяцінстве мяне называлі непаседай: дзе было хутка і складана, там была і я – рэдка гуляла ў лялькі, больш цікавілася футболам і даганялкамі. Калі мне споўнілася чатыры гады, бацькі запісалі мяне ў дзіцячы эстрадны калектыў. Але мой вялікі танцавальны шлях пачаўся ў восем гадоў, тады я трапіла ў бальныя танцы. Дзіўна ўспамінаць, але першапачаткова я туды не хацела ісці, плакала, бо мяне літаральна выцягнулі з двара, з майго дзяцінства і прымусілі займацца танцамі.

Здавалася, што я не на сваім месцы

Сваё навучанне ва ўніверсітэце культуры Ліза скончыла ў 2020-м. Студэнцкія гады дзяўчына ўспамінае з падзякай: за гэты час у творчым багажы назапасілася мноства сцэнічных выступаў, якія выхавалі ў ёй вытрымку, стрэсаўстойлівасць, упартасць і падарылі неймаверны досвед.

– Паступленне ва ўніверсітэт было для мяне даволі складаным, таму што я не заканчвала творчых каледжаў, праз гэта адсутнічалі пэўныя навыкі ў некаторых дысцыплінах. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я здолела трапіць у спіс першакурснікаў факультэта харэаграфічнага мастацтва.

У пачатку вучобы мы не вельмі шануем універсітэты, таму што здаецца, быццам ужо дарослыя і ўсё ведаем. Але большасць дысцыплін можна вывучыць так дэталёва толькі ва ВНУ. Былі ўзлёты і падзенні, але нягледзячы на гэта я ўдзячная ўніверсітэту. Там я здабыла базу, каб расці як танцор. Хаця на першых курсах я не была ўпэўненая ў сабе, здавалася, што знаходжуся не на сваім месцы. Часам складана давалася праграма. Але ў той момант, калі спрабавала ўзяць вельмі шмат, адбыўся мой самы вялікі скок у танцавальным развіцці. 

На абцасах можна станцаваць усё

Спецыфіка кірунку, у якім працуе наша гераіня, у тым, што яна танцуе на абцасах. Стыль High heels (высокі абцас) цяпер высока запатрабаваны сярод жадаючых прыгожа і грацыёзна рухацца.

– Я спрабавала сябе ў шматлікіх кірунках танца: эстрадны, бальны, джаз мадэрн, сучасны, эксперыментал. Калі пазнаёмілася са стылем вог, да маіх ног шчыльна “прыраслі” абцасы. На іх адчуваю сябе лепш і вышэй. Мне зручна так перадаваць праз танец абсалютна ўсё: каханне, боль, злосць, радасць. І паказваю вучням, што ўсё гэта рэальна.

 

Танец – гэта мастацтва

На занятках, якія праводзіць Ліза, танцоркі праходзяць своеасаблівы “курс маладога байца”: актыўная размінка з элементамі класічнага танца, фізічныя практыкаванні, імправізацыя, тэхніка і, вядома ж, шмат танцаў. Наша гераіня лічыць сябе строгім, але справядлівым педагогам. Сёння яна выкладае ў дзвюх студыях танца чатыром групам вучняў (каля 120 чалавек), таксама развівае сваю танцавальную каманду і не забывае пра індывідуальныя трэніроўкі.

– Свой педагагічны шлях я пачала ў 2019 годзе. Стала знаёміцца з вог-культурай, і мяне запрасілі вучыць дзяцей у родным горадзе Баранавічы. Пашанцавала, што выкладанне пачалося менавіта з іх, мне давялося шукаць да кожнага свой “ключык”. Дзякуючы гэтаму досведу навучаць дарослых стала лягчэй. Мае выхаванцы вырастаюць цудоўнымі танцорамі і нават педагогамі. Танец – гэта мастацтва. Перадаць вобразы і эмоцыі праз пластыку цела, не выкарыстоўваючы словы, вельмі складана, але чароўна.

І танцор, і выкладчык

Каб паказваць высокія вынікі, Ліза штодзень праводзіць у танцавальнай зале ад чатырох да дзевяці гадзін. Удасканальваецца яна не толькі для сябе, але і для вучняў, якія прагнуць атрымаць новыя веды. Як ёй удаецца знаходзіць баланс паміж выканаўцам і выкладчыкам?

– Падчас заняткаў я спачатку педагог: тлумачу, паказваю, накіроўваю, спрабую настроіць людзей. Вельмі цікавая задача, таму што кожны вучыцца і пагружаецца ў танец па-рознаму. Напрыканцы заняткаў мы можам проста патанчыць разам. Не думаю, што гэта мая асабістая харэаграфія, проста рухаюся разам з дзяўчатамі. Карысна часам забываць аб тым, што ты педагог, і станавіцца танцорам – напрыклад, паехаць на навучанне.

Развіццё

Філасофія Лізы наступная: хочаш актыўна расці – увесь час вучыся. У гэтым плане дзяўчына адчувае вялікую адказнасць, бо імкнецца атрымліваць веды і для сваіх вучняў.

– Стараюся наведваць як мага больш розных курсаў, лагераў, удзельнічаць у канвенцыях, майстар-класах. Адным з самых яркіх момантаў свайго навучання лічу тыднёвы курс пастаноўкі танца ў вядомага харэографа, стваральніцы стылю frame up, Насці Юрасавай. Не змагу таксама забыць інтэнсіў па high heels у родапачынальніка гэтага стылю Яніса Маршала. Сярод 1000 чалавек з СНД я патрапіла ў топ-40 танцораў і вучылася ў гэтага неймавернага танцора. Неўзабаве я еду на навучанне да вядомай танцоркі з Масквы Фраўлес. Потым планую рушыць у Піцер, дзе дам свой майстар-клас. 

 

У гэтыя моманты я самы шчаслівы чалавек

Сваю творчасць наша гераіня не саромеецца выносіць на суд журы. Так, з 2019 па 2022-ы дзяўчына рэгулярна ўдзельнічае ў беларускім танцавальным фестывалі Total Strip Weekend, дзе займала першае і трэцяе прызавыя месцы. Сёлета яна стала пераможцай чэмпіянату Must Dance у Гомелі. І праявіла сябе на чэмпіянаце Frame your choreo ў Маскве, дзе з 20 вопытных танцораў свайго напрамку заняла 8 месца. Пад кіраўніцтвам Лізы Лімошкінай танцавальная каманда Zest станавілася прызёрам чэмпіянатаў у Мінску і ў Гомелі.

– Выходзячы на сцэну, адчуваю вялізную адказнасць і хваляванне. Праз столькі гадоў і досведу, як дзіця, трасуся перад выступам. А падчас яго аддаю ўсю сваю энергію зале. Глядач заўсёды адказвае шчырасцю на шчырасць і гатовы цябе падтрымаць. Калі задуманае ўдаецца, адчуваю спусташэнне, але ў гэтыя моманты я самы шчаслівы чалавек.

Усё нараджаецца на эмоцыях

Творчы чалавек чэрпае сілы і натхненне з розных крыніц. Як прызнаецца наша гераіня, у яе іх дзве: музыка і людзі.

– Толькі пачую першы біт, імгненна пагружаюся ў вобраз. Часам кампазіцыя супадае з эмацыйным станам, у такіх выпадках не магу спыніцца, цела само разумее, як яму рухацца. Усё нараджаецца на нейкіх эмоцыях. Калі адчуваю энергетычны заняпад, імкнуся зрабіць нешта на яркіх пачуццях, каб зноў уключыцца ў працу.

Не даюць апускаць рукі сям'я, сябры, вучні, каманда. Па натуры я дастаткова моцная, таму разумею: працую не толькі для сябе, але і для людзей. А яны так у цябе вераць, што ўсведамляеш: ёсць для чаго жыць і тварыць далей.

– Ліза, як ты можаш ахарактарызаваць танцавальную сферу ў Беларусі?

Яна вельмі развітая. Ёсць крутыя танцоры, педагогі, калектывы, іх кіраўнікі, якія паказваюць дастойныя вынікі нароўні з Расіяй, ЗША. Цяпер адбываецца пэўная трансфармацыя: робім упор на тэхніку, вяртаемся да вытокаў, імкнёмся гэта ўкараняць у сучасныя кірункі. Гэта актыўна ўплывае на творчыя аб'яднанні, на людзей, якія толькі пачынаюць асвойваць харэаграфію.

– Раскажы аб сваіх планах на будучыню.

– Яны грандыёзныя! Самае галоўнае – працаваць і не спыняцца. Хочацца выгадаваць цудоўных вучняў. Дарыць людзям танец. Паказваць, што немагчымае магчымае. Танец – гэта дзівосна і выдатна. Ён аб'ядноўвае і дорыць энергію. І ёсць моцнае жаданне на сваім прыкладзе даносіць гэта да людзей.

Упершыню я пазнаёмілася з Лізай паўтара года таму, калі прыйшла ў танцавальную залу. У рухах прыгожай танцоркі адчуваліся экспрэсія і неймаверная сіла. Гэтая дзяўчына зачапіла сваёй шалёнай энергетыкай і надзвычай складанай харэаграфіяй. Побач з нашай гераіняй разумееш: хачу большага! А Ліза на ўласным прыкладзе даказвае: ты можаш больш!

Настасся Юркевіч