У межах сумесных праектаў

Апублiкавана: 03 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна Брэст і вобласць

Аўтар: Аўтары

Дні культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь стартавалі ўчора ў Брэсце. 

Акрамя ўрачыстага адкрыцця свята, у горадзе над Бугам прайшло сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. 

Мерапрыемствы распачаліся 2 лістапада: у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” усклалі кветкі і высадзілі алею ліп. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел дэлегацыя Расійскай Федэрацыі, члены калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, начальнікі упраўленняў культуры аблвыканкамаў ды Мінскага гарвыканкама. 

Пазней у Брэсцкім аблвыканкаме адбылося сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. 

Сярод іншага падчас сходу абмяркоўваліся выкананне плана супрацоўніцтва паміж міністэрствамі на 2022—2024 гады, перспектыўныя кірункі сумеснай работы ў рамках Саюзнай дзяржавы на 2024—2026 гады, гастролі Моладзевага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра, стварэнне лічбавай бібліятэкі Саюзнай дзяржавы, актывізацыя супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, фарміраванне адзінага беларуска-расійскага гастрольнага плана, правядзенне фестываляў, абменных гастроляў, рэалізацыя сумесных праектаў тэатраў і канцэртных арганізацый, супольная дзейнасць па духоўна-маральным збліжэнні народаў Беларусі і Расіі, па недапушчэнні фальсіфікацыі гісторыі і па захаванні гістарычнай праўды, здзяйсненне сумесных выставачных праектаў, накіраваных на фарміраванне агульнай культурнай прасторы, і арганізацыя сумесных мерапрыемстваў да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нацысцкіх захопнікаў і 80-годдзя Перамогі. 

Увечары ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы правялі ўрачыстае адкрыццё Дзён культуры Расіі ў Беларусі і канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра джазавай музыкі імя А. Лундстрэма (Расія). На 3 лістапада для ўдзельнікаў форуму запланаваны наведванне мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” з экскурсійнай праграмай, пасадка дрэў, візіт у Моладзевы патрыятычны цэнтр.