Для прафесіяналаў і аматараў кінамастацтва

Апублiкавана: 06 лiстапада 2023 Стужка Кіно Мінск Тэма

Аўтар: Аўтары

Як ідзе падрыхтоўка да XXIX Міжнароднага фестывалю “Лістапад”, абмеркавалі ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску. 

Пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці адбылося 31 кастрычніка. Акрамя іншых важных пытанняў, разглядалася арганізацыя XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які распачнецца 17 лістапада ў беларускай сталіцы. 

— Выканкам СНД традыцыйна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні гэтага форуму, — адзначыў генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. — Мы заснавалі нават свой прыз, які ўручаем штогод па выніках фестывалю. “Лістапад” сапраўды стаў добрай пляцоўкай для сустрэчы артыстаў, рэжысёраў, сцэнарыстаў. Форум адлюстроўвае прагрэсіўныя павевы ў мастацтве. Тут прапагандуюцца і прадстаўляюцца творчыя набыткі, блізкія да людзей, да жыцця. Менавіта таму гэты фестываль карыстаецца папулярнасцю, знаходзіць водгук у сэрцах і канкурсантаў, і кінагледачоў. 

У пасяджэнні савета прыняў удзел міністр культуры Беларусі. Падчас выступлення Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што сёлетні “Лістапад” аб’яднае ў нашай краіне прафесіяналаў і аматараў кіно ўжо ў 29-ы раз і пацвердзіць сваю моцную пазіцыю ў фестывальным руху. Міністр культуры акцэнтаваў увагу, што кінафорум ладзіцца пад патранажам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, дзякуючы чаму сярод узнагарод ёсць прэстыжныя спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. 

— “Лістапад” — не толькі пляцоўка для прагляду фільмаў, але і інтэрнацыянальная адукацыйная платформа. Падчас фестывалю праводзяцца майстар-класы, дыскусіі, выставы і творчыя сустрэчы, накіраваныя на навучанне моладзі і абмеркаванне праблем у развіцці кінагаліны, — сказаў Анатолій Маркевіч. — Тут заўсёды пануе атмасфера творчай свабоды, нястомнага духоўнага пошуку і абсалютна сумленнага спаборніцтва. Сёлета конкурсная праграма дапоўнена намінацыяй “Кіно маладых”, якая стане пляцоўкай для адкрыцця новых талентаў. 

Міністр адзначыў, што склад удзельнікаў “Лістапада” расце з году ў год і гэта наглядна пацвярджае аўтарытэт мінскага форуму сярод прафесіяналаў і аматараў кінамастацтва. 

— Кінематограф не мае меж. Ён закліканы аб’ядноўваць свет і садзейнічаць узаемаразуменню паміж людзьмі, таму прыемна ўсведамляць, што гэты год чарговы раз стаў для нас рэкордным па колькасці краін-удзельніц. У дырэкцыю фестывалю паступіла больш за 2000 заявак са 107 краін, у тым ліку з краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. З асаблівым задавальненнем хацелася б адзначыць, што названыя дзяржавы з’яўляюцца заўсёднікамі фестывалю, — сказаў Анатолій Маркевіч. 

Удзельнікі пасяджэння высока ацанілі якасць падрыхтоўкі “Лістапада”, падзякавалі за тое, што Беларусь падтрымлівае і развівае культурнае мерапрыемства сусветнага маштабу. 

Анатолій Маркевіч таксама адказаў на пытанні, зададзеныя прадстаўнікамі пасольстваў дружалюбных краін, і ад імя Міністэрства культуры запрасіў наведаць фестываль, які разгорнецца ў Мінску з 17 па 24 лістапада.