Новая перліна ў скарбніцы

Апублiкавана: 10 лiстапада 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: Аўтары

Скульптурная кампазіцыя “Археолагі” аднаго з самых знакамітых майстроў мінулага стагоддзя Джорджа дэ Кірыка папоўніла зборы Нацыянальнага мастацкага музея. 

Урачыстая перадача твора адбылася 10 лістапада, у Сусветны дзень навукі за мір і развіццё. Раней бронзавую кампазіцыю падарылі Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку падчас адной з замежных камандзіровак. Цяпер работа зойме месца ў пастаяннай экспазіцыі і будзе даступная ўсім наведвальнікам Нацыянальнага мастацкага музея. 

У калекцыі ўстановы гэта першая скульптура Джорджа дэ Кірыка — выбітнага творцы, тэарэтыка мастацтва і заснавальніка руху метафізічнага жывапісу. Праз сувязь аўтара з роднай для яго Грэцыяй і вывучэнне майстроў класіцызму, зачараваных Антычнасцю, канстантай у працах дэ Кірыка стаў Старажытны свет. Скульптурная група “Археолагі (Вялікія археолагі)” таксама называецца “Арэст і Пілад” ды апявае непарушнасць легендарнага сяброўства.