Досвед Садружнасці

Апублiкавана: 10 лiстапада 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Прадстаўнікоў пяці краін сабрала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД”. Яна праходзіць гэтымі днямі на дзвюх пляцоўках: у Выканаўчым камітэце СНД у Мінску і Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”.

У вочным фармаце да форуму далучыліся прафесіяналы музейнай сферы з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. Адмыслоўцы атрымалі магчымасць абмяняцца досведам, абмеркаваць развіццё і ўкараненне новых тэхналогій, распаўсюджанне інавацыйных распрацовак у музеязнаўстве і сумежных дысцыплінах. 

Падчас пленарнага пасяджэння ў Выканаўчым камітэце СНД выступілі кіраўнікі вядучых музеяў краін — удзельніц Садружнасці, расказаўшы пра дзейнасць сваіх устаноў і досвед міжнароднага супрацоўніцтва, падзяліўшыся думкамі наконт ролі музеяў у сучасным свеце. Звярнулі ўвагу і на праграму “Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні”, якую ініцыяваў Усерасійскі музей дэкаратыўнага мастацтва з мэтай актуалізацыі магутнага пласта спадчыны і ўмацавання гістарычных сувязей паміж краінамі СНД. 

Таксама ў першы дзень разгарнулася секцыя “Работа музеяў па захаванні і папулярызацыі гісторыкакультурнай спадчыны”. Удзельнікі даведаліся пра вопыт Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, Дзяржаўнага музея палітычнай гісторыі Расіі, Дзяржаўнага му- зея гісторыі беларускай літаратуры ды іншых устаноў. 

Сёння канферэнцыя працягнулася ў Нясвіжы. У залах палацавага ансамбля працавалі чатыры секцыі: “Культурна-адукацыйная работа музеяў”, “Традыцыі і інавацыі ў дзейнасці сучаснага музея”, “Роля музеяў у захаванні і развіцці культурнага асяроддзя гістарычных рэгіёнаў” і “Ад пошуку да прэзентацыі: даследчая работа музеяў”. Падчас пасяджэнняў выступоўцы закранулі пытанні лічбавых тэхналогій, фарміравання і прасоўвання брэнда, выхавання маладога пакалення, музейнага турызму ды іншыя аспекты. 

Канферэнцыя “Музейныя ініцыятывы на прасторы СНД” адбылася ўпершыню. Яе арганізатарам выступіў Нацыянальны гісторыкакультурны музей-запаведнік “Нясвіж”. Гэтая ўстанова з 2014 года з’яўляецца базавай арганізацыяй краін — удзельніц СНД па кірунку “Музейная справа”. Такі статус нададзены з мэтай навуковага, арганізацыйнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў і захавання нацыянальных культурных здабыткаў краін Садружнасці. Форум падтрымалі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Выканкам СНД і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.