85-годдзе Беларускага саюза мастакоў

Апублiкавана: 16 лiстапада 2023 Стужка Выяўленчае мастацтва Мінск

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Урачыстае мерапрыемства да 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў адбылося ў камернай зале Вялікага тэатра Беларусі. 

Удзельнікаў цырымоніі прывітаў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада. У віншаванні ён адзначыў значную ролю арганізацыі ў культурным жыцці краіны і пажадаў членам БСМ бясконцага творчага натхнення і прыняцця рашэнняў на карысць саюза і нашай краіны. 

Валерый Іванавіч уручыў заслужаныя ўзнагароды Міністэрства культуры членам БСМ: Івану Міско, Уладзіміру Уроднічу, Мікалаю Апіёку, Віктару Барабанцаву, Ларысе Журавовіч і Аляксандру Дранцу.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава павіншавала Беларускі саюз мастакоў з 85-годдзем.  

"Беларускі саюз мастакоў выконвае важную місію па стварэнні і захаванні нацыянальных мастацкіх каштоўнасцей, садзейнічае прапагандзе ўсіх відаў і жанраў мастацтва. Дзякуючы многім пакаленням удзельнікаў нарадзілася шмат цудоўных твораў, якія перадаюць прыгажосць Беларусі, яе гістарычныя і культурныя каштоўнасці", — адзначыла ў віншаванні Наталля Качанава.  

Віншавальны адрас ад старшыні Савета Рэспублікі на ўрачыстым мерапрыемстве да юбілею БСМ агучыў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.