Ахоўваючы спадчыну

Апублiкавана: 18 лiстапада 2023 Стужка Афіцыйна не указан Культурная дыпламатыя

Аўтар: Аўтары

Як у Беларусі шануецца нематэрыяльная культурная спадчына, раскажуць у Парыжы. Чарговая, 42-я сесія Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА праходзіць у штаб-кватэры арганізацыі. На з’езд накіраваны дэлегаты нашай краіны. 

Маштабнае мерапрыемства, у якім удзельнічаюць 194 дзяржавы, праводзіцца з 7 па 22 лістапада. У складзе дэлегацыі ад Рэспублікі Беларусь на 42-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) — прадстаўнік Міністэрства культуры. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Таццяна Жук удзельнічае ў пасяджэннях Камісіі па культуры. Згодна з парадкам дня, на іх будуць разгледжаны пытанні аб гістарычных ландшафтах, перспектывы працы па канвенцыях ЮНЕСКА ў галіне культуры, аховы і папулярызацыі музеяў і іх калекцый, становішча творчых работнікаў ды іншыя тэмы. На адным з пасяджэнняў запланавана выступленне Таццяны Жук, якая распавядзе пра ахову нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Рэспубліцы Беларусь. 

Таксама на сесіі нададуць увагу праекту ЮНЕСКА, накіраванаму на абарону лясоў планеты на фоне дэградацыі экасістэм. Да форуму прымеркаваны запуск спецыяльнага партала, прысвечанага біяразнастайнасці. Асновай ініцыятывы стане інтэрактыўная картаграфія дадзеных арганізацыі ў рамках праграмы ЮНЕСКА “Зямля”. 

Сесіі Генеральнай канферэнцыі праводзяцца раз на два гады. Падчас з’ездаў прымаюцца праграма і бюджэт арганізацыі на наступны цыкл. Генеральная канферэнцыя разглядае таксама сярэднетэрміновы план ЮНЕСКА на шэсць гадоў.