Як бібліятэкі краіны ўдзельнічаюць у патрыятычным выхаванні моладзі?

Апублiкавана: 23 верасня 2022 Стужка Бібліятэкі Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

ІХ Міжнародны кангрэс "Бібліятэка як феномен культуры" сабраў у Мінску амаль паўтысячы дэлегатаў з Беларусі і краін блізкага замежжа  —Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.

У рабоце кангрэса, асноўнай тэмай якога была вызначана лічбавая трансфармацыя бібліятэк, узялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты найбуйнейшых бібліятэк, архіваў, музеяў, выда­ вецтваў, вядучых навукова­даследчых арганізацый і аду­ кацыйных устаноў, а таксама вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў, інфармацыйнай прадукцыі і прамысловага абсталявання для бібліятэк, прадстаўнікі дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый. Арганізатарамі кангрэса, акрамя самой Нацыянальнай бібліятэкі, выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, некамерцыйнае партнёрства “Бібліятэчная асамблея Еўразіі” і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

СКАРБНІЦЫ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ СПАДЧЫНЫ

Адкрываючы пленарнае пасяджэнне кангрэса, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач адзначыў: “Менавіта ў фондах бібліятэк знаходзіцца багатая інтэлектуальная спадчына — найважнейшы складальнік духоўнага і матэрыяльнага багацця, культурнага і інфармацыйнага патэнцыялу нацыі. Да гэтага часу ў Беларусі сфарміравалася бібліятэчная сетка, якая ўключае ў сябе каля сямі тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб’ёмам фонду больш за сто восемдзесят мільёнаў экзэмпляраў”.

Намеснік міністра падкрэсліў, што, адпавядаючы патрабаванням часу і запытам самых розных сацыяльных пластоў насельніцтва, бібліятэкі актыўна асвойваюць інавацыйныя падыходы ў сваёй дзейнасці, інтэнсіўна развіваюць бібліятэчныя тэхналогіі, укараняюць новыя формы работы. Сучасныя бібліятэчныя інфармацыйныя тэхналогіі забяспечваюць не толькі высокі ўзровень абслугоўвання насельніцтва, але і ў значнай меры спрыяюць развіццю і павышэнню інтэлектуальнага патэнцыялу дзяржавы.

БІБЛІЯТЭКА-МАЙСТЭРНЯ

Секцыйныя пасяджэнні кангрэса былі прысвечаныя абмеркаванню пытанняў гісторыі бібліятэчнай справы, нарматыўна­прававога і кадравага рэгулявання бібліятэчнай дзейнасці, навуковых даследаванняў у рэалізацыі дзяржаўнай бібліятэчнай палітыкі, лічбавізацыі дзейнасці бібліятэк, інавацыйных падыходаў да арганізацыі фондаў, сучасных напрамкаў у абслугоўванні карыстальнікаў, выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў у навуцы, адукацыі і культуры, а таксама вызначэнню прафесійных кампетэнцый спецыялістаў. Акрамя таго, асаблівая ўвага была нададзеная найбольш эфектыўным практыкам сацыякультурнай дзейнасці бібліятэк, перадусім звязаным з выхаваннем патрыятызму і павагі да мінуўшчыны роднай зямлі і народных традыцый, што з’яўляецца асабліва актуальным у Год гістарычнай памяці.

Бібліятэкар Лескаўскай сельскай бібліятэкі Мінскага раёна Алена Каткоўская распавяла аб рабоце па захаванні і адраджэнні народнай творчасці. Улічваючы, што дзеці складаюць большасць наведвальнікаў бібліятэкі, узнікла патрэба зацікавіць іх не толькі чытаннем, але яшчэ і атрыманнем карысных навыкаў, якія могуць прыдацца ў далейшым жыцці. Так пачаліся заняткі па саломапляценні, вышыўцы, вырабе тэкстыльных лялек і іншых відах народнай творчасці, якія дапамагаюць дзецям бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнай культурай. У рамках праекта “Скарбы з бабулінай скрыні” ладзяцца майстар­класы па вышыўцы і вырабе саламяных павукоў, капелюшоў, тэкстыльных, абярэжных, абрадавых і гульнявых лялек.

ВЕРШ АД ВЕТЭРАНА

Бібліятэкар Шаршунскай інтэграванай сельскай бібліятэкі Мінскага раёна Ала Гаеўская пазнаёміла аўдыторыю з краязнаўчай дзейнасцю гэтай установы. Перадусім яна арыентаваная на вывучэнне гісторыі наваколля падчас Вялікай Айчыннай вайны — непадалёк ад Шаршунаў, у вёсцы Сярэдняе, у гады нацысцкай акупацыі дыслацыравалася партызанская брыгада “Штурмавая”, тут жа захаваліся і партызанскія могілкі, якія налічваюць сто адно пахаванне. Ала Гаеўская з жалем адзначае: апошнім часам у чытачоў назіраецца зніжэнне цікаўнасці да кніг на беларускай мове, таму, каб заахвоціць карыстальнікаў бібліятэкі да знаёмства з родным словам, быў распачаты анлайн­праект “Пяю цябе, мая Беларусь”, у рамках якога ствараюцца і размяшчаюцца на старонках бібліятэкі ў сацсетках відэаролікі аб найлепшых узорах беларускай паэзіі. У запісах гэтых ролікаў, чытаючы вершы айчынных аўтараў, бралі ўдзел як маладыя карыстальнікі бібліятэкі, так і сталыя, сярод якіх быў і мясцовы ветэран, інвалід вайны Пётр Булда.

15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя ўстановы. Прайшлі ўрачыстая цырымонія ўшанавання работнікаўбібліятэкі падзякамі і ўзнагародамі міністэрстваў і ведамстваў, выстава выдавецкай прадукцыі і электронных інфармацыйных рэсурсаў, уручэнне ўзнагарод XXX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, цырымонія гашэння паштовай маркі “100 гадоў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі”, канцэрт“Разам у новы век!”. Але галоўнай падзеяй свята, безумоўна, зрабілася адкрыццё IX Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”.

ЗАФІКСАВАЦЬ ПАМЯЦЬ

Загадчык аддзела Мінскай раённай цэнтральнай бібліятэкі ў аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна Марына Камлюк звярнула ўвагу на пытанне патрыятычнага выхавання ў дзейнасці бібліятэк у анлайн­фармаце. У бібліятэцы распрацаваны анлайн­праект “Гартаючы гісторыі старонкі”, прысвечаны пошуку інфармацыі аб земляках — франтавіках Вялікай Айчыннай вайны, працоўных тылу і дзецях вайны, — у рамках якога створаная база звестак “Ім трэба пакланіцца да зямлі”. Пры стварэнні праекта выкарыстоўваліся не толькі архіўныя дакументы, але перад­ усім успаміны і матэрыялы, перададзеныя самімі ўдзельнікамі і сведкамі вайны або іх сваякамі. Усе гэтыя каштоўныя сведчанні дакументуюцца і пераводзяцца ў электронны фармат для размяшчэння на сайце бібліятэкі і яе старонках у сацыяльных сетках, а самі дакументы і фота ламініруюцца і вяртаюцца ўладальнікам. 

Таксама распачатае стварэнне базы звестак відэазапісаў успамінаў дзяцей вайны. Бібліятэкар магілёўскай сярэдняй школы № 19 Алена Кандраценка, разважаючы аб патрыятычным выхаванні ў практыцы школьных бібліятэк, падсумавала, што пры працы ў гэтым кірунку з дзецьмі і падлеткамі варта ладзіць дыспуты, дыскусіі, сустрэчы з выбітнымі асобамі, інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя расповедам аб гераічных учынках людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у абарону краіны.

Як добра відаць з вышэйпададзеных прыкладаў, дзейнасць бібліятэк палягае далёка не толькі і не столькі ў забеспячэнні карыстальнікаў новым чытвом — а перадусім у пастаяннай і стараннай працы з аўдыторыяй і выхаванні ў яе цікаўнасці ды павагі да роднай зямлі, культуры, мовы і гісторыі.

Антон РУДАК