Захаванне памяці

Апублiкавана: 05 снежня 2023 Стужка Архітэктура Віцебск і воблась

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Налета наша краіна адзначыць 80-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Беларусі напаміны пра Вялікую Айчынную вайну і яе герояў ёсць амаль у кожнай вёсцы. Шматлікія мемарыялы і вайсковыя пахаванні даглядаюць і простыя людзі, і ўлады на ўсіх узроўнях.

Але помнікі маюць свой век. І некаторыя з іх, пэўна, ужо патрабуюць замены. Такое рашэнне, напрыклад, прынялі ў Аршанскім раёне ў дачыненні да памятнага знака ў вёсцы Антонаўка. 

Як паведаміў начальнік аддзела культуры Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Гарбачоў, памятны знак у вёсцы Антонаўка быў усталяваны ў памяць аб загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны жыхарах вёскі і бліжэйшых населеных пунктаў. 

Праект абноўленага знака ўжо ўзгоднены з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Зараз дакумент праходзіць дзярбудэкспертызу. Аўтарам праекта з’яўляецца архітэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Праектна-будаўнічы цэнтр” Анастасія Мініна. 

На меркаваным месцы ўстаноўкі памятнага знака ўжо вядуцца падрыхтоўчыя работы, пасля дзяржбудэкспертызы распачнуцца работы па яго вырабе. Мясцовыя ўлады запэўніваюць: замена і ўстаноўка памятнага знака будзе праведзена ў 2024 годзе. 

Зміцер ЮРКЕВІЧ