Напаўняючы скарбніцу

Апублiкавана: 05 снежня 2023 Стужка Тэатры Мінск

Аўтар: Аўтары

Танцуе Сільва, плача Джульета, жартуе Разалінда. У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — аншлаг. На сцэне — народная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч.

Цэлы свет рознахарактарных вобразаў створаны гэтай яркай салісткай — 29 лістапада ў тэатры адзначылі яе юбілей. 

Віншаванне Маргарыце Александровіч накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. 

— Дзякуючы непаўторнаму жаночаму абаянню, унікальнаму таленту і адданасці нацыянальнаму мастацтву вы здабылі любоў шматлікіх паклоннікаў, — гаворыцца ў віншаванні. — За гады плённай дзейнасці на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра вамі створана цэлая галерэя запамінальных вобразаў, якія пакінулі яркі след у сэрцах гледачоў. 

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што народная артыстка і надалей будзе працаваць гэтак жа натхнёна, напаўняючы скарбніцу беларускай культуры. 

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Маргарыце Александровіч моцнага здароўя, новых творчых дасягненняў, шчасця і дабрабыту. 

Цёплыя словы ў гонар юбіляра падрыхтавала і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У прывітальным адрасе, які агучыў першы намеснік міністра Валерый Грамада, былі высока ацэнены больш як 20-гадовая творчая дзейнасць Маргарыты Віктараўны, яе адданасць выбранаму шляху і заслужаныя высокія ўзнагароды. 

— Ваш дзіўны голас і абаяльная ўсмешка не перастаюць пакараць сэрцы гледачоў. І мы, тыя самыя гледачы, можам толькі шчыра дзякаваць вам за чараўніцтва акцёрскага майстэрства, за хвалюючую ігру на сцэне, якія вы шчодра дорыце нам, — адзначыў Валерый Грамада. 

У святочны вечар гучала багата іншых віншаванняў. Калегі і прыхільнікі зычылі Маргарыце Александровіч мноства новых роляў і яркіх прэм’ер.