Тэатральная “…Вежа” і яе цікавосткі

Апублiкавана: 27 верасня 2022 Арт-блог Тэатры Мінск

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Позна ўвечары 16 верасня былі падведзены вынікі 26-га Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа”. Сярод лепшых былі названы спектаклі і артысты з Арменіі, Даніі, Кыргызстана, Расіі, а таксама дзве беларускія пастаноўкі: “Пачупкі” РТБД як найлепшы музычна-пластычны спектакль і “Старасвецкія памешчыкі” з Гродна як найлепшы спектакль тэатра лялек.

ЗАХАВАЦЬ ТРЫВАЛАСЦЬ

У той час як архітэктурныя вежы схільныя да разбурэння — ад варожых нападаў ці проста ад часу, — тэатральная “Белая Вежа” ў Брэсце, наадварот, не толькі застаецца трывалай, але яшчэ і ўзмацняецца, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія ўмовы. Па незалежных ад арганізатараў акалічнасцях не змаглі прыехаць два заяўленыя ў праграме калектывы. Але іх спектаклі адразу былі замененыя на іншыя, што сведчыла пра фестывальную мабільнасць. Віцебскае “Кола” даехала своечасова, ды сваю вулічную буфанаду “Зорка кахання” паказаць не змагло: нябёсы раптам пачалі выконваць план па ападках за ўвесь мінулы месяц, на плошчы віравалі нават не ручаі, а суцэльныя рэкі. Але гэтыя ды іншыя неспадзяванкі не маглі парушыць ні добра складзеную праграму, ні лепшыя фестывальныя традыцыі.

Сёлета “…Вежа”, якая пачыналася ў 1996-м са збору былых савецкіх рускамоўных тэатраў, потым пачала ахопліваць і далёкае замежжа, зноў пашырыла сваю геаграфію на захад, а не толькі на ўсход. Да музычных вечароў у тэатральным бары, што так спадабаліся публіцы, “абмузыкаліла” яшчэ ўнутраны дворык, дадала фатазону з адмыслова ўзведзенай вежай. Брэсцкая суполка Саюза мастакоў разгарнула ў фае выставу “Палотны белавежскай восені”, адбылася прысвечаная фестывалю сустрэча пасткросераў, больш моцна былі акцэнтаваныя спонсары, якія шчодра адорвалі ўдзельнікаў тэатральнага форуму сваёй прадукцыяй — у тым ліку з фестывальнай эмблемай. Што ж да мастацкага ўзроўню прывезеных спектакляў, дык ён быў пярэстым, як і агульная жанрава-стылёвая палітра.

РУЛЮЕ АПАНТАНАСЦЬ

Больш цікавымі аказаліся пастаноўкі тэатраў лялек і монаспектаклі. Драматычныя ж, разлічаныя на вялікую сцэну, былі больш традыцыйнымі, ім часам неставала нейкіх разыначак, здольных перавесці дзеянне ў прастору больш шырокіх асацыятыўных сувязей, глыбокіх філасофскіх абагульненняў. І не праз нейкую там “недасканаласць”, залішнюю “традыцыйнасць” жанру. Проста фестываль у чарговы раз падкрэсліў, што мастацтва трымаецца не толькі на рамястве, на пацверджанай дыпломам прафесіі, але і ў яшчэ большай ступені — на апантанасці творцаў, якія без тэатра і такіх жа апантаных паплечнікаў папросту не выжывуць.

Невыпадкова лепшую жаночую і мужчынскую ролі вызначыць было немагчыма: узнагароджваць у такой намінацыі трэба было абсалютна ўсіх артыстаў монаспектакляў (сярод апошніх — “Жыццё” Брэсцкага тэатра лялек, паказанае ў Армейскім клубе Брэсцкай крэпасці, што надало асаблівую атмасферу) і тэатральных “дуэтаў”. Дарэчы, камерных пастановак сёлета было як ніколі багата. Лепшым монаспектаклем адзінагалосна абралі папраўдзе аўтарскі спектакль — “Буйваліцу” ў пастаноўцы і выкананні Нарынэ Грыгаран (Арменія), якая не ўпершыню прыязджае ў Беларусь з усё новымі сваімі працамі, прычым вельмі рознымі па вобразна-эмацыйным стане і драматургіі. Гэтым разам артыстку было практычна не пазнаць, настолькі ўдала яна пераўвасобілася ў магутную жывёліну, якой рухае прага жыцця і працягу роду. Так здарылася, што сціслы сінопсіс я атрымала толькі пасля спектакля. Але ўсё і так было зразумела — праз пластыку, рухі, выкарыстанне старадаўняга духавога інструмента, на якім артыстка грала, а потым круцілася з ім у амаль касмічным віры пачуццяў.

За лепшы акцёрскі ансамбль адзначылі дацка-расійскі тэатр “Дыялог” са спектаклем “Дурман, або Гульня фантазіі”. Абедзве артысткі — савецкага паходжання, у адной за плячыма нават знакаміты тэатр "Ленком". Узяўшы шлюб з замежнікамі, жанчыны даўно перабраліся ў Капенгаген, дзе ладзяць уласныя пастаноўкі на рускай мове, і менавіта ў гэтым — іх сапраўднае жыццё. На перамогу ў гэтай намінацыі маглі б прэтэндаваць і Мікалай Сцешыц з Максімам Кошалевым у “Дзівосных авантурах паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” Магілёўскага тэатра лялек. Спектакль з больш як 10-гадовай гісторыяй быў адноўлены з новым складам артыстаў і застаецца ўсё такой жа бліскучай гульнёй з залай, дэманструе сутнасць беларускай ментальнасці, адметнасць нацыянальнага гумару, пазіцыянуе Беларусь пазамінулага стагоддзя як краіну, населеную не толькі сялянамі, але і збяднелымі шляхціцамі, здольнымі і катрынку круціць, і рэпу вырошчваць, а галоўнае — не маркоціцца і бачыць выхад з любой сітуацыі.

СПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА

Згаданы спектакль — гэта яшчэ і папраўдзе дзівосны тэкст Пятра Васючэнкі і Сяргея Кавалёва з сапраўды спеўнай беларускай мовай, зроблены ў працяг шляхецкіх традыцый В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Баршчэўскага. Увогуле збег інсцэніровак і п’ес цяперашняга фестывалю падкрэсліў значнасць літаратурнай асновы. Лепшым спектаклем драмы стала “#Гэта ўсё яна” творчага аб’яднання #Театр_Чё з Масквы. Пры тым мінімалізме, якім вызначалася пастаноўка, перамог не столькі ўласна спектакль, вырашаны як зрэжысіраваная чытка п’есы (уся сцэнаграфія — чатыры святлодыёдныя колцавыя лямпы вакол твараў двух артыстаў), колькі сама п’еса беларускага драматурга Андрэя Іванова. Лепшай магла б стаць і драма “№ 6”, у назве якой зусім невыпадкова знікла слова “палата”: Абавянскі драмтэатр правёў лінію ад медыцынскіх перасцярог А.Чэхава да сталінскіх рэпрэсій, дзе наступнымі ахвярамі становяцца спачатку доктар, а за ім і наглядчык.

Сярод монаспектакляў адразу два аказаліся пастаўленымі па п’есах Ніны Мазур (Германія), якая неаднаразова прыязджала на беларускія фестывалі ў якасці тэатральнага крытыка і члена журы. Яе “Агнес, жонка Уіла” — гэта аповед пра Шэкспіра з вуснаў яго жонкі, што раскрывае многія невядомыя старонкі біяграфіі вялікага драматурга. А “Сны Гамлета”, увасобленыя ў Арменіі, — своеасаблівы сіквел хрэстаматыйна вядомай шэкспіраўскай п’есы, дзе загінулы герой зноў і зноў “пракручвае”, пераасэнсоўвае мінулыя падзеі з розных бакоў.

“Пачупкі” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, заснаваныя на новым асэнсаванні беларускіх народных песень, сталі найлепшым музычна-пластычным спектаклем. Адсутнасць у ім звыклых “фалькларызмаў” знешняга атачэння дазваляе гледачу хутчэй выходзіць на філасофскія абагульненні, асацыятыўныя сувязі ў кантэксце сусветнага мастацтва сучаснасці.

ПА-БАГАТАМУ?

Падобнага пераасэнсавання ці хаця б заўважнага руху думак не хапала некаторым іншым працам, дзе акцэнтаваліся знешнія рысы, выкананыя, што называецца, “па-багатаму”. “Камеліі для дамы” са Смаленска паводле А.Дзюма, гучна анансаваныя як “унікальна прыгожы спектакль”, “шыкоўныя касцюмы, выдатная музыка” і да т.п., насамрэч сапсавалі скарыстаныя ў спектаклі фрагменты опер “Травіята” і “Сіла лёсу” Дж.Вердзі. Не апраўдаў сябе і перанос дзеяння ў 1930-я, пры якім з гераіні імкнуліся зрабіць шпіёнку.

Зусім іншы пасыл меў гогалеўскі “Шынель” Белгарадскага тэатра лялек, рэалізаваны ў рамках расійскага праекта “Культура малой Радзімы”. Вялізныя выдаткі на сцэнаграфію, незвычайных лялек, багацце 3D-праекцый цалкам сябе апраўдалі: па сваёй “карцінцы” спектакль мог бы спаборнічаць з самымі візуальна крутымі мюзікламі і, безумоўна, не меў на фестывалі сабе роўных па візуальным рашэнні, прыдуманым беларускім рэжысёрам Віктарам Клімчуком і расійскім мастаком Захарам Давыдавым.

Ды ўсё ж найлепшым спектаклем тэатра лялек абралі “Старасвецкіх памешчыкаў” з Гродна — за безліч дадатковых сэнсаў у гэтай, здавалася б, сентыментальна побытавай гісторыі кахання састарэлай пары. Грошы ў тэатры, вядома, вырашаюць далёка не ўсё. Іх адсутнасць таксама звужвае творчыя памкненні. Таму вечнай праблемай тэатра застаецца знаходжанне гармоніі між мастацкасцю і каштарысам.

У імкненні на чымсьці сэканоміць тэатры часам адмаўляюцца ад добрай “упакоўкі” творчай працы. А між тым адметныя афішы, праграмкі, флаеры, чаму надаецца вялікая ўвага ў тым жа Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры, становяцца неад’емнай часткай спектакляў, зацікаўліваюць і падрыхтоўваюць гледача (Белгарад, да прыкладу, змясціў у праграмцы свайго “Шыняля” надзвычай займальны красворд, што адлюстраваў малавядомыя факты біяграфіі Гогаля).

“Упакоўкай” усяго фестывалю становіцца не толькі шматлікая рэкламная прадукцыя, але і цырымоніі яго адкрыцця і закрыцця. Перад будынкам тэатра гралі музыканты, ажывалі загрыміраваныя “статуі”. На сцэну ж першымі выйшлі вядучыя — шыкоўная прыгажуня Вера Палякова-Макей у вячэрняй сукенцы, з чароўнай усмешкай і расійскі тэлевядучы Леанід Якубовіч...

Віват, "Белая Вежа", і бывай! Да сустрэчы ў наступным годзе!"

Надзея БУНЦЭВІЧ