Варвараўская свяча

Апублiкавана: 21 снежня 2023 Нам пішуць Традыцыі Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Культура неймаверная без традыцый. Традыцыйная народная культура з’яўляецца глыбіннай асновай усёй разнастайнасці напрамкаў, відаў і форм культуры сучаснага грамадства. Спадчына традыцыйнай народнай культуры – крыніца сучаснай нацыянальнай культуры і мастацтва.

Адной з прыярытэтных задач цэнтралізаванай клубнай сістэмы Мсціслаўскага раёна з’яўляецца знаходжанне такіх спосабаў і шляхоў, якія ў найбольш зразумелай і даступнай для сучаснага чалавека форме могуць трансліраваць нацыянальна-гістарычныя каштоўнасці.

Абрад “Варвараўская свяча” правялі ў аг. Басценавічы Мсціслаўскага раёна. Штогод яго праводзяць жыхаркі аграгарадка – удзельніцы абраду. На працягу года свечка знаходзіцца ў доме адной з удзельніц, а ў дзень памяці святой Барбары “пераходзіць” да новай гаспадыні. Сабраўшыся разам, вяскоўцы з гаспадыняй прыбіраюць свечку ў новае адзенне. Пасля пераапранання чытаюць “Ойча наш” і спяваюць псалмы, пазней садзяцца за памінальны стол, на якім павінна быць не менш за дванаццаць страў.

Мясцовыя жыхары здаўна вераць, што варвараўская свечка ахоўвае іх дамы, асабліва той, дзе знаходзіцца, а ўсю вёску – ад гора і хвароб. Таму ў сваіх малітвах яны просяць моцнага здароўя для сваіх родных і блізкіх.

 

Ірына ДАЛГУНОВА,

загадчык метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Мсціслаўскага раёна”