Марафон радасці і клопату

Апублiкавана: 23 снежня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Міністэрства культуры далучылася да навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. 

Супрацоўнікі ведамства 19 снежня завіталі ў Вілейскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат, у якой выхоўваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з парушэннямі маўлення і слыху, а таксама дзеці-сіроты. 

Для гасцей навучэнцы падрыхтавалі маляўнічае шоу. Карагоды і танцы з казачнымі героямі прыўзнялі настрой усім і пагрузілі дарослых ва ўспаміны пра маленства. Апекаванцы школы-інтэрната атрымалі ад міністэрства салодкія падарункі, а самой падшэфнай установе быў перададзены новы камп’ютар. 

— Прыйшоў час парадавацца святам, самым чароўным і доўгачаканым і ў дзяцей, і ў дарослых. Для нас такія візіты — яшчэ адна магчымасць звярнуць увагу на праблемы тых, хто апынуўся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і паспрабаваць дапамагчы, — адзначыў у прывітальным слове міністр культуры Анатолій Маркевіч. — Няхай усё дрэннае застанецца ў 2023-м і наперадзе нас чакаюць толькі радасць, добры настрой і, самае галоўнае, дзіцячы шчыры смех. А мы для гэтага зробім усё магчымае. 

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць па ініцыятыве Прэзідэнта ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Мэта праекта — прыцягнуць увагу да праблем юных насельнікаў Беларусі, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і стварыць атмасферу зімовай казкі. Штораз у святочны час прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых улад, грамадскіх аб’яднанняў наведваюць інтэрнаты і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, бальніцы, віншуюць хлопчыкаў і дзяўчынак, уручаюць падарункі, а таксама дапамагаюць у вырашэнні праблем. 

Карагод святочных падзей праходзіць з 15 снежня па 15 студзеня.

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА