“Шчаслівы, што пяю цябе, радзіма…”

Апублiкавана: 23 верасня 2022 Нам пішуць Бібліятэкі Мiнская вобласць

Аўтар: Аўтары

Пад такой назвай у Мядзельскім цэнтры культуры прайшла Рэспубліканская навукова-практычныя канферэнцыя, прымеркаваная да 110-га юбілею народнага паэта БССР Максіма Танка і да Дня народнага адзінства. Мэтай канферэнцыі, якую здзейснілі сумесна Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Мядзельскі райвыканкам, было выяўленне новых, раней невядомых старонак жыцця, грамадскай, дзяржаўнай і творчай дзейнасці М. Танка, асэнсаванне філасофска-эстэтычных і ідэйнамастацкіх дамінант яго літаратурнай спадчыны з пазіцый, якія адкрываюцца на этапе найноўшай гісторыі Беларусі.

Удзельнікаў віталі прамовамі дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка і намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Вольга Габрусёнак. З мастацкім прывітаннем выступіў народны клуб аматараў песні г. Мядзела “Верасень”.

Непасрэдная работа канферэнцыі праходзіла ў мясцовай гімназіі. Іван Саверчанка выступіў з дакладам аб ролі М. Танка ў працэсе айчыннага гісторыка-літаратурнага развіцця і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Дырэктар Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Таццяна Нырцова падрыхтавала грунтоўнае навуковае паведамленне аб мемарыялізацыі легендарнай асобы на радзіме паэта — Мядзельшчыне. Вядомы даследчык творчасці М.Танка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Анатоль Верабей прасачыў ролю польскай літаратуры ў жыццёвым і творчым лёсе песняра Нарачы. Доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Святлана Калядка распавяла аб гісторыі падрыхтоўкі і шматлікіх складанасцях выдання збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах, абумоўленых пошукамі і выяўленнем вершаў паэта і матэрыялаў, звязаных з яго жыццём, у дзяржаўных і прыватных архівах. Леанід Дранько-Майсюк, самабытны паэт, перакладчык і таленавіты даследчык спадчыны Максіма Танка, раскрыў акалічнасці лёсу маладога Яўгена Скурко падчас яго ўдзелу ў рэвалюцыйным падполлі ў Заходняй Беларусі. Пра свае адносіны да асобы і творчасці народнага паэта БССР, вучобу ў класіка беларускага свабоднага верша распавяла лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Дэбют” паэтэса Вольга Нікіценка. Навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Таццяна Барысюк паспрабавала выявіць галоўныя аспекты філасофіі жыцця і творчасці Максіма Танка паводле яго дзённікаў 1986–1995 гг. Паэт, перакладчык, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” і часопіса “Полымя” Віктар Шніп акрэсліў вехі 18-гадовай працы Максіма Танка ў названым часопісе. Мадэратар навукова-практычнай канферэнцыі, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Мікола Мікуліч прачытаў грунтоўны і ў той жа час кранальны, заснаваны на фактах сустрэч і гутарак з народным паэтам, яго блізкімі і роднымі даклад “Максім Танк як грамадска-культурны феномен”. Цікавымі і пазнавальнымі асабістымі ўражаннямі ад стасункаў з Максімам Танкам, з яго шматлікай сям’ёй падзялілася сваячка Максіма Танка Ганна Кузюковіч, чыя бабуля была роднай сястрой жонкі паэта Любові Андрэеўны.

Пасля выступленняў удзельнікі канферэнцыі рушылі на экскурсіі ў Мядзельскі музей народнай славы, дзе захоўваецца шмат арыгінальных матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю Максіма Танка; на лецішча паэта ў курортным пасёлку Нарач; у галерэю Васіля Шаранговіча; у знакаміты літаратурны музей Максіма Танка ў Сваткаўскай сярэдняй школе, дзе ўшанавана гісторыя сям’і Скурко. Навукоўцы таксама наведалі бацькоўскі дом Максіма Танка ў вёсцы Пількаўшчына, усклалі кветкі да магілы паэта на знакамітым цяпер Слабадскім пагосце ў вёсцы Новікі.

Марына ВАРАБЕЙ

навуковы супрацоўнік сектара гісторыі беларускай літаратуры

Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі