Старадаўняя традыцыя да твару маладым

Апублiкавана: 29 снежня 2023 Стужка Афіцыйна Мінск

Аўтар: Аўтары

Чароўнасць таленту і юнацтва. Менавіта ў такой атмасферы прайшоў Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі. Свята стала сапраўдным падарожжам па гісторыі музычнай і танцавальнай культуры Беларусі. 

Даўнюю традыцыю баля- ванняў у нашай краіне адрадзілі ў 2018-м. З таго часу пастаяннае месца правядзення навагодняга мерапрыемства — Палац Незалежнасці. Сёлета ў зал урачыстых цырымоній запрасілі больш за 330 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў краіны. Гэта выдатнікі, пераможцы навуковых, творчых, спартыўных конкурсаў, актывісты. Поруч са студэнтамі — кадэты, выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. 

Сярод ганаровых гасцей — Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністры культуры і адукацыі Анатолій Маркевіч і Андрэй Іванец, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі і кіраўнік грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі Ігар Карпенка. У ролі распарадчыка выступіў народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў. 

Усіх прысутных цёпла павітаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка: 

— Надышоў той адзіны дзень у годзе, калі наш Палац Незалежнасці кардынальна змяняе аблічча. Літаральна некалькі гадзін таму ў кабінетах і залах гэтага будынка вырашаліся важныя пытанні палітыкі, эканомікі, бяспекі. Цяпер тут пануе атмасфера музыкі і танца. Атмасфера маладосці. 

Звяртаючыся да прыгожых, шчаслівых маладых людзей, Кіраўнік дзяржавы з удзячнасцю прыгадаў тых, хто іх выгадаваў. Менавіта бацькі і настаўнікі “прывялі” юнакоў і дзяўчат у Палац Незалежнасці — навучылі ставіць правільныя мэты, дабівацца поспеху. 

— Усё, што ў вас цяпер ёсць, — ад іх. А вось з заўтрашняга дня вы пачняце пісаць сваю гісторыю ўжо ўласнай рукой — на аснове таго, што вам прынеслі і паднеслі бацькі. Не забывайце пра гэта. Трэба паважаць тых, хто зрабіў вас сёння такімі, — даў наказ моладзі Прэзідэнт і падкрэсліў: — Хочаце вы ці не, але будучыня ў вашых руках. 

Традыцыйна баль адкрыўся паланэзам дэбютантаў. Прадоўжыў праграму вальс, за якім была полька. Таксама юнакі і дзяўчаты з задавальненнем выканалі кадрылю, мазурку, галоп, шакон. Прытрымліваючыся старадаўніх звычаяў, класічную частку завяршылі “Паўночнай кадрыляй”, да якой далучыліся ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці. Пасля юнакоў і дзяўчат чакалі сучасныя танцы: рок-н-рол, мамба, бугі-вугі, ламбада, твіст ды іншыя. 

Па словах маладых гасцей, такі чароўны вечар назаўсёды захаваецца ў іх сэрцах. Тым больш што Кіраўнік дзяржавы паклапаціўся аб прыемных сувенірах: па распараджэнні Прэзідэнта для ўдзельнікаў балю падрыхтавалі відэа і фота на памяць.