Падведзены вынікі рэгіянальнага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Навагодняя фантазія”

Апублiкавана: 05 студзеня 2024 Нам пішуць Народная творчасць Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці  і культурна-асветнай работы падвёў вынікі рэгіянальнага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Навагодняя фантазія”.

Конкурс праводзіцца ўжо трэці год і кожны раз збірае на адной пляцоўцы найлепшыя работы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Удзельнікамі традыцыйна з’яўляюцца асобныя ўмельцы і калектывы, прадстаўнікі клубных фарміраванняў, спецыялісты дамоў і цэнтраў рамёстваў. Самай юнай удзельніцы конкурсу Ксеніі Калесневай з Дрыбінскага раёна ўсяго 12 гадоў, яе работа знаходзіцца ў фае Цэнтра.

Конкурс накіраваны на актывізацыю дзейнасці клубных арганізацый вобласці, павышэнне творчага патэнцыялу майстроў, развіццё цікавасці да культурных традыцый і папулярызацыю дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Усяго прадстаўлена 24 работы ў трох намінацыях: “Лепшая навагодняя ёлка”, “Лепшая навагодняя кампазіцыя” і “Лепшы сімвал года”. Сярод конкурсных работ можна ўбачыць навагоднія ёлкі, святочныя ўпрыгожанні, кампазіцыі з лазы, саломы, дрэва і іншых матэрыялаў.

Пры ацэнцы конкурсных работ улічвалася арыгінальнасць аўтарскай задумкі, складанасць афармлення і мастацкі ўзровень вырабаў, умелае і гарманічнае спалучэнне народных традыцый і творчай індывідуальнасці, адпаведнасць конкурснай работы навагодняй тэматыцы. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II, III ступеней.

Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны:

у намінацыі “Лепшая навагодняя ёлка” – калектыў майстроў Гарадзецкага Дома рамёстваў ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Шклоўскага  раёна”;

у намінацыі “Лепшая навагодняя кампазіцыя” – ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Бабруйскага  раёна”;

у намінацыі “Лепшы сімвал года” – творчы калектыў Дома рамёстваў аграгарадка Кароўчына  ДУК “Дрыбінская цэнтралізаваная клубная сістэма” і творчы калектыў раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна”.

Конкурсныя работы рэгіянальнага конкурса дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Навагодняя фантазія” будуць радаваць на адкрытай пляцоўцы Цэнтра магіляўчан і гасцей горада да 14 студзеня 2024 года.

Крысціна БАШАРЫМАВА

вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР