Звілісты шлях да мары Вольгі Булай

Шлях сапраўднага талента заўсёды цярністы і складаны. Пацверджанне — дзясяткі твораў літаратуры і кінематографа. Гісторыя нашай гераіні Вольгі Булай — чарговы доказ небывалай чалавечай упартасці. Нарадзіўшыся ў маленькай вёсцы, дзяўчына атрымала прафесійную музычную адукацыю, адкрыла свой музычны цэнтр і стала пераможцай міжнароднага конкурсу.

ЕЗДЗІЛА НА КАНІ Ў МУЗЫЧНУЮ ШКОЛУ

— З дзяцінства я ўжо марыла выступаць на сцэне. Памятаю, як глядзела канцэрты па тэлевізары, і гэта мяне зачароўвала. Калі была ў другім класе, педагог па музыцы сказала маёй маме: “Вашаму дзіцяці трэба спяваць, яна выдатна інтануе, чуе. Тэрмінова адводзьце яе ў музычную школу”. Але мы з бацькамі разумелі, што гэта практычна немагчыма. Музычная школа знаходзіцца ў раённым цэнтры — у горадзе Чашнікі, што ў дзесяці кіламетрах ад нашай вёскі Цяпіна. Заняткі ў ёй праходзяць тры разы на тыдзень. Машыны на той момант у нас не было, як даехаць да музычнай школы, як вучыцца сем гадоў — мы не ўяўлялі. Але тата адвёз мяне на праслухоўванне, якое я паспяхова прайшла. І потым паступіла ў падрыхтоўчы клас музычнай школы.

За сем гадоў навучання як я толькі ні дабіралася да музычнай школы! У нас быў конь Малыш, на ім тата падвозіў мяне. Калі было цёпла, я даязджала на ровары ці з настаўнікамі на спадарожных машынах. Маё жаданне і мэта займацца музыкай, выступаць на сцэне было наймацнейшай матывацыяй на той момант.

ПЛАНАВАЛА СТАЦЬ ЛЕКАРАМ

Нягледзячы на тое, што наша гераіня з юнацкага ўзросту займала толькі прызавыя месцы на ўсіх абласных і раённых конкурсах і паказвала выдатныя вынікі ў музычнай школе, яе бацькі былі настроены скептычна і раілі дзяўчыне выбраць больш сур’ёзную прафесію.

— Я паслухала маму і ўвесь дзясяты клас у школе вучыла хімію і біялогію, мэтанакіравана рыхтавалася паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. І тут у дзясятым класе быў абвешчаны рэспубліканскі конкурс “Звонкая раніца”, арганізатарам якога выступіла “Настаўніцкая газета”. У суседнім горадзе я прайшла кастынг, выйшла ў фінал, які праходзіў у НДЦ “Зубраня”. На той час гэта быў самы маштабны конкурс для мяне. Я заваявала Гран-пры і выйграла падарожжа ў Львоў. Пасля гэтага конкурсу дакладна ўсвядоміла: не змагу быць лекарам, таму што мая мара — спяваць. Калі абвясціла сваё рашэнне бацькам, то яны адказалі: “Спрабуй!”

Яркая таленавітая спявачка з вялікім амбіцыямі — так коратка можна апісаць нашу гераіню. Нягледзячы на звілісты шлях, Вольга працягвае заваёўваць беларускую эстраду і клапаціцца пра выхаванне творчай моладзі. А галоўнай крыніцай яе энергіі заўсёды застаецца музыка

ПРАЦА ГАДУЕ

Пасля дзясятага класа Вольга паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне. Як успамінае сама спявачка, было шмат страхаў, бо на гэту спецыяльнасць заўсёды высокі конкурс. Хвалявала і тое, што наша гераіня з маленькай вёскі, а канкурэнцыю ёй складалі галоўным чынам мінчане.

— Каледж мастацтваў — самая галоўная музычная база, якую я атрымала. Там працуюць унікальныя педагогі, я да сёння ім вельмі ўдзячная. Лёс склаўся так, што сёлета сама выкладаю ў каледжы мастацтваў на эстрадным аддзяленні. А летась адкрыла свой музычны цэнтр для таго, каб прывіваць дзеткам любоў да музыкі і мастацтва.

ПРАЦА З ДЗЕЦЬМІ НАТХНЯЕ

У жыцці кожнага вялікага талента ёсць пуцяводная зорка — настаўнік, які дапамагае скіраваць творчы патэнцыял у патрэбнае рэчышча. Для нашай гераіні такім чалавекам з’яўляецца Святлана Аляксандраўна Борахава, з якой Вольга дагэтуль раіцца наконт музычнага матэрыялу і займаецца, бо лічыць, што ўсе дзейныя артысты павінны пастаянна падтрымліваць вакальную форму.

— На дадзены момант сама з’яўляюся педагогам, таму што вельмі крута не толькі выступаць на сцэне, але і перадаваць досвед дзецям. Для мяне гэта вельмі каштоўна. Насамрэч не кожны артыст выкладае. Некаторыя не хочуць дзяліцца нейкімі сваімі сакрэтнымі фішкамі ў выкананні. Але мая ўнікальнасць у тым, што я заўсёды з радасцю дзялюся сваімі ведамі.

Галоўная філасофія, якую імкнуся данесці да сваіх вучняў, — гэта быць сабой. Зразумела, што кожны артыст павінен пераўвасабляцца, прапускаць праз сябе той ці іншы матэрыял. Але ў маім цэнтры навучаюцца дзеці да 14 гадоў, ім не раскажаш пра ўжыванне ў вобраз. Самае галоўнае — шчыра любіць тую справу, якой займаешся. Калі само дзіцё не хоча спяваць, а ёсць толькі жаданне бацькоў — я нават не бяруся з ім працаваць. Важна, каб у вучнях было імкненне, як некалі ў мяне. Памятаю, мама часта казала: “Цяжка табе дабірацца ў музычную школу, кінь ты гэтую справу”. Але я ведала і дакладна разумела, што мне трэба, у чым мая мэта. Такое ж усведамленне я прывіваю сваім вучням.

ПЕРАМОГА Ў КОНКУРСАХ І ГУЛЬНЯ БАЛАЎ

Сур’ёзная конкурсная дзейнасць Вольгі пачалася ў каледжы. На 3 курсе яна стала ўладальніцай Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”, на 4 курсе — уладальніцай Гран-пры Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечна, а таксама спецыяльнага прыза імя У. Мулявіна.

А ў верасні на міжнародным конкурсе выканаўцаў моладзевай песні, што стаў ключавой падзеяй фестывалю “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, дзяўчына заваявала першае месца.

— З самага дзяцінства я марыла быць прадстаўніком нашай краіны на сцэне Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Двойчы спрабавала свае сілы ў нацыянальным адборы, два гады праходзіла ў дзясятку, але лёс распараджаўся так, што абіралі хлопцаў, якія апераджалі мяне літаральна на бал. Гэта трохі засмучала, але было стымулам ісці далей.

Сёлета я вырашыла паспрабаваць свае сілы ў фестывалі “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, які праходзіў на Смаленшчыне, і ў выніку перамагла. Лічу, што годна прадставіла сваю краіну. Перамога натхніла мяне на творчасць, напісанне сваіх песень, на тое, каб маю музыку чулі. Выступала на фэсце ад Маладзёжнага тэатра эстрады, у якім працую па кваліфікацыі “артыст”. Я выконвала кампазіцыі “Мой родныя кут” на музыку І.Лучанка, вершы Я.Коласа і “Я цябе адваюю” на музыку І.Крутога, вершы М.Цвятаевай. Дзве песні, абсалютна розныя жанрава па дынаміцы і па гуку.

Падчас конкурсу ты лічыш, што крута выступіў, але ўсё залежыць ад журы. На першай песні яны толькі з табой знаёмяцца, уважліва слухаюць. Хоць я чакала, што будуць размаўляць паміж сабой, нешта абмяркоўваць. Але, калі ў час выканання другой кампазіцыі, на самым драматычным месцы, старшыня журы Аляксандр Ялоўскіх пачаў здымаць мяне на тэлефон, я зразумела: гэта поспех! Але наколькі поспех? Гэта гульня балаў. Было складана, таму што вынікі не абвяшчалі да 19 верасня. Мы выступілі 16-га і тры дні былі ў няведанні.

УЗАРВАЦЬ ЮЦЬЮБ І САБРАЦЬ ТЫСЯЧЫ ПРАГЛЯДАЎ

У рэпертуары Вольгі ёсць і ўласныя песні, пра першую з іх гераіня распавядае:

— Кампазіцыя называецца “Простая кава” на музыку і вершы Валерыя Шмата. Я палічыла, што першая песня для беларускага артыста павінна быць на роднай мове. Наступная — “Адпускаю” — напісана Ганнай Благавай, аранжыроўка Паўла Беразоўскага. Гэтая песня ўзарвала Юцьюб і сабрала сто тысяч праглядаў. Неўзабаве выходзіць трэцяя песня, “Веру табе”, над якой таксама працавалі Ганна Благава і Павел Беразоўскі. Дарэчы, пра планы на будучыню: хочацца ствараць сваю музыку для таго, каб дзяліцца са слухачамі пачуццямі і перажываннямі. Аддаваць сябе аўдыторыі — для артыста самае важнае. Гэтак і складаецца ў маім жыцці — я спяваю пра тое, што адчуваю, і гэта знаходзіць водгук у сэрцах людзей.

Настасся ЮРКЕВІЧ