З клопатам пра старэйшых

Апублiкавана: 12 студзеня 2024 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: Аўтары

Дабрачынная акцыя для пажылых людзей “Ад усёй душы” праходзіць у Беларусі з 3 па 14 студзеня. Ва ўсіх рэгіёнах ладзяцца святы, фестывалі, балі, адбываецца ўшанаванне старэйшага пакалення, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, доўгажыхароў. Кожны дзень напоўнены павагай і ўвагай.

Упершыню акцыя прайшла год таму па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы: ідэя адразу усім спадабалася. Сёлета мерапрыемства разгарнулася ў новым фармаце. У аснове дабрачыннага марафону — дапамога адзінокім пенсіянерам: валанцёры прыбіраліся ў кватэрах, упрыгожвалі елкі, расчышчалі ад снегу двары, гатавалі святочныя стравы і віншавалі людзей сталага ўзросту па ўсёй краіне. 

Урачыстае адкрыццё акцыі адбылося ў Вялікім тэатры 3 студзеня. Мерапрыемства наведала каля тысячы гараджан залатога ўзросту. У фае гасцей сустракалі юныя і вопытныя артысты балету, працавалі фотазоны. Зімовае свята па традыцыі адкрылі Дзед Мароз і Снягурка, а таксама запрасілі навагодніх чараўнікоў. З вітальнымі словамі да прысутных звярнуліся міністр культуры Анатолій Маркевіч і міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. 

— Новы год — самае доўгачаканае і чароўнае свята для беларусаў. Для кожнага з нас гэта выдатная магчымасць сабрацца разам, правесці час сярод сваіх самых блізкіх і родных людзей, — сказаў Анатолій Маркевіч. — Вельмі хочацца, каб навагодняе чараўніцтва было ў кожнага маленькага і дарослага беларуса. А яшчэ каб мы падарылі часцінку свайго душэўнага цяпла тым, хто ў ім мае патрэбу ў першую чаргу: нашым бацькам, настаўнікам, старшым калегам. У глыбіні душы кожнага дарослага чалавека спіць маленькае дзіця, і пад Новы год яно прачынаецца. Таму мы так рады навагодняй ёлцы і не сумняваемся, што ўсё складзецца добра. Не важна, ці верыце вы ў Дзеда Мароза, галоўнае, што ён верыць у вас і выканае ўсе самыя запаветныя жаданні, якія вы загадалі ў навагоднюю ноч. Вы абавязкова будзеце здаровыя, а вакол вас будуць самыя блізкія і родныя людзі! На дачы паспее багаты ўраджай! Унук паступіць ва ўніверсітэт, а ўнучка выйдзе замуж і парадуе праўнукам! І яшчэ збудзецца мноства дробных пажаданняў, з якіх складаецца велізарнае чалавечае шчасце. 

Для гледачоў былі прадстаўлены сцэны з балетаў “Лебядзінае возера”, “Aнюта” і “Шчаўкунок”, а таксама з аперэты “Лятучая мыш”, “Сын блазна”, “Сільва” і іншых. Вядома, не абышлося без песень, якія ведае кожны: “Bочы чорныя”, “Тры белыя кані”, “Звініць студзеньская завіруха”. Напрыканцы праграмы прагучала кампазіцыя “Пяць хвілін” з кінафільма “Карнавальная ноч”. 

Завяршылася ўрачыстае адкрыццё песняй “В лесу родилась ёлочка”, якую Анатолій Маркевіч, Ірына Касцевіч, артысты і гледачы Вялікага тэатра Беларусі выканалі разам. 

Чароўная музыка, выдатныя касцюмы і ўражальныя танцавальныя нумары ў віртуозным выкананні таленавітых артыстаў і музыкантаў Вялікага тэатру сталі навагоднім падарункам усім прадстаўнікам паважанага ўзросту.