Новае жыццё старых заводаў

Апублiкавана: 04 кастрычнiка 2022 Стужка Архітэктура Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Індустрыяльныя пабудовы мінулых стагоддзяў усё часцей пачынаюць успрымацца як частка гісторыка-культурнай спадчыны. Старыя будынкі заводаў, фабрык, электрастанцый з адметным архітэктурным абліччам робяцца турыстычнымі аб’ектамі, прыстасоўваюцца для патрэб грамадства, ператвараюцца ў прасторы для адпачынку або музейныя залы. Гэтая тэндэнцыя актуальная і для нашай краіны.

На жаль, вядома, не ўсе прамысловыя аб’екты маюць шанец упісацца ў намеры сучасных горадабудаўнікоў. Зусім нядаўна, у сярэдзіне верасня, быў зруйнаваны корпус хлебазавода № 1 на Віцебскай вуліцы, 17а, у Мінску. Узведзены яшчэ ў 1920-я гады, гэты трохпавярховы будынак з чырвонай цэглы меў выразныя рысы архітэктуры канструктывізму — стылю, які ў згаданы час быў распаўсюджаны і ў адміністратыўным, грамадскім ды жылым будаўніцтве. Адметна прытым, што да нядаўняга часу ў адным з пад’ездаў будынка знаходзіліся жылыя памяшканні. Шкада, гэтаму міжваеннаму гмаху, які не меў статусу помніка, не знайшлося месца ў праекце рэгенерацыі тэрыторыі Ракаўскага прадмесця. Але затое больш пашанцавала пасляваенным будынкам хлебазавода, размешчаным па суседстве, — яны рэканструяваныя і ўключаныя ў склад новага квартала, які мяркуецца зрабіць пешаходнай зонай.

Колішні хлебазавод на Ракаўскай вуліцы ў Мінску

Колішні хлебазавод на Ракаўскай вуліцы ў Мінску

Прыстасаванне прамысловых аб’ектаў, размешчаных у гістарычных цэнтрах гарадоў, — праблема адносна новая. Няма нічога дзіўнага ў тым, што прадпрыемствы, якія некалі ўзнікалі на ўскраінах і ў прадмесцях, з часам, у працэсе росту гарадоў, апыналіся амаль у самым іх сэрцы. З найбольш яскравых прыкладаў можна прыгадаць будынкі піўзавода на ўзбярэжжы Нёмана ў Гродне альбо колішнія абутковую і шпалерную фабрыкі ў сталіцы, комплексы якіх размешчаныя па суседстве з ужо згаданым хлебазаводам. Многія мінчукі яшчэ памятаюць гмахі колішняй бісквітнай фабрыкі, якія ўзвышаліся на левым беразе Свіслачы ў раёне Старажоўскай вуліцы да сярэдзіны 1990-х. Тады існаваў нават праект іх рэгенерацыі, выкананы архітэктарам Леанідам Левіным, — але ён, на жаль, не быў рэалізаваны. Як бачым, з часам у Беларусі пачалі больш абачліва ставіцца да магчымасці прыстасавання прамысловых збудаванняў для карысці грамадства — але ўдалечыні ад буйных гарадоў праблема захавання такіх будынкаў і іх запатрабаванасці ўсё яшчэ застаецца вострай.

СВЕДКІ ЗАРАДЖЭННЯ ІНДУСТРЫІ

Так, на жаль, не атрымаў ахоўнага статусу і знаходзіцца пад пагрозай канчатковага разбурэння велізарны комплекс будынкаў цэментнага завода “Перамога” ў гарадскім пасёлку Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне. Узведзены яшчэ перад Першай сусветнай вайной, гэты завод адметны тым, што яго прадукцыя выкарыстоўвалася ў тым ліку для будаўніцтва ўмацаванняў Гродзенскай крэпасці — комплекса фартоў, які быў створаны для абароны Гродна. Прытым існавалі і планы прыстасавання будынкаў завода для турыстычных мэтаў — але пакуль яны засталіся нерэалізаванымі.

Колішні хлебазавод на Ракаўскай вуліцы ў Мінску

Ёсць і прыкрыя выпадкі, калі прамысловыя аб’екты ў нашыя дні знішчаюцца ў выніку безгаспадарнага стаўлення і давядзення іх да занядбанага стану. Так, у Бабруйску ў жніўні распачалося руйнаванне больш чым стогадовага будынка колішняга вінакурнага завода, які быў добра заўважны з мясцовай чыгуначнай станцыі і фактычна з’яўляўся адной з візітных картак горада. Будынак быў выдатным узорам дарэвалюцыйнай прамысловай архітэктуры і меў на галоўным фасадзе лацінскі надпіс “Vinitus unitis” (Саюз вінаробаў”). А ў Магілёве сёлета ў красавіку пацярпеў ад пажару колішні будынак першай гарадской электрастанцыі на Крутым завулку, 3, які быў узведзены ў 1910 годзе і перабудаваны ў міжваенныя гады пад жылы дом, які з часам прыйшоў у занядбанне. Мясцовым уладам варта было б больш пільна ставіцца да падтрымання такіх будынкаў у прымальным стане і пошуку інвестараў, якія маглі б надаць гэтым аб’ектам новае жыццё.

МУЗЕЙ У МЛЫНЕ

Але ёсць і пазітыўныя прыклады прыстасавання ўзораў прамысловай архітэктуры. Напрыклад, у некалі занядбаным будынку былой суконнай фабрыкі "Дняпроўская мануфактура", збудаванай у пачатку мінулага стагоддзя ў Дуброўне Віцебскай вобласці, у выніку рэканструкцыі 2018 года размешчаная зала грамадскіх абрадаў і музейны пакой, прысвечаны гісторыі прадпрыемства. У справе прыстасавання прамысловых аб’ектаў пад свае патрэбы часта ўдзельнічаюць і вернікі хрысціянскіх канфесій: так, у Солах Смаргонскага раёна і Мар’інай горцы на Міншчыне былі пераабсталяваныя пад царкву і касцёл адпаведна будынкі гаспадарчай пабудовы і электрастанцыі, узведзеныя ў пачатку мінулага стагоддзя.

Воданапорная вежа на сталічным праспекце Жукава

Воданапорная вежа на сталічным праспекце Жукава

Яшчэ адна цікавая група прамысловых аб’ектаў, якія заслугоўваюць больш пільнага стаўлення і маюць вялікі турыстычны патэнцыял, — млыны ўсіх відаў. Ветракі, якія захаваліся ў Беларусі, можна пералічыць на пальцах рук, і яны, на жаль, мала прыдатныя для якога-кольвек пераабсталявання, што і прыводзіць часта да разбурэння гэтых драўляных канструкцый. Неабароненыя ні ад людской безгаспадарнасці, ні ад уздзеяння ўмоў навакольнага асяроддзя, толькі за апошнія дваццаць гадоў такім чынам былі страчаныя пяць млыноў у розных кутках краіны.

А вось лік будынкаў колішніх вадзяных і паравых млыноў ідзе на дзясяткі. Размешчаныя ў маляўнічых мясцінах, авеяныя легендамі і паданнямі, яны могуць зрабіцца сапраўднымі перлінамі турыстычных маршрутаў у самых розных кутках краіны. Многія будынкі млыноў захаваліся ў добрым стане і знаходзяцца ў населеных мясцовасцях, таму пры належным падыходзе іх можна было б выкарыстоўваць для самых розных грамадскіх патрэб. Тое ж тычыцца, зрэшты, і шматлікіх будынкаў бровараў ды вінакурняў, якія захаваліся ў складзе многіх палацавапаркавых комплексаў — лік такіх будынкаў па ўсёй краіне дасягае палутара соцень.

ДАМІНАНТЫ ГАРАДСКОГА КРАЯВІДУ

Вадзяны млын у Іўі

Вадзяны млын у Іўі

Выдатнымі аб’ектамі ў гарадскім асяроддзі, што могуць быць прыстасаваныя пад грамадскія патрэбы, з’яўляюцца і воданапорныя вежы. На жаль, за апошнія два дзесяцігоддзі былі знішчаныя воданапорныя вежы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў у Ашмянах, Друці, Міханавічах, Урэччы, а таксама ў Бабруйскай крэпасці. У Мар’інай Горцы была зруйнаваная і адна з трох беларускіх гіпербалоідных вежаў, збудаваных у 1920-я па праекце вядомага савецкага архітэктара Уладзіміра Шухава, — яе “сёстры” захаваліся ў Звянячах Талачынскага раёна і Барысаве.

Затое сярод удалых прыкладаў прыставання воданапорных вежаў у межах гарадоў можна назваць выпадкі ў Бабруйску, дзе ў вежы размешчаны рэстаран і аглядная пляцоўка, або ў Гродне, дзе дзве размешчаныя побач вежы, вядомыя сярод гараджан як “Кася і Бася”, зрабіліся прытулкам для мастацкіх майстэрань. А вось лёс адзінай воданапорнай вежы пачатку ХХ стагоддзя, якая дайшла да нашых дзён у Мінску і размяшчаецца на праспекце Жукава, дагэтуль застаецца нявызначаным — пасля пэўных спробаў рэстаўрацыі яна зноў выстаўленая на продаж. Застаецца спадзявацца, што аб’екты такога кшталту змогуць зацікавіць патэнцыйных уласнікаў і яшчэ паслужаць на карысць як нашаму грамадству, так і аматарам індустрыяльнага турызму з ліку замежных гасцей.

Антон РУДАК