Культура беларускага нацыянальнага касцюма

Апублiкавана: 25 студзеня 2024 Нам пішуць Народная творчасць Магілёў і вобласць

Аўтар: Аўтары

У сярэдняй школе №28 г. Бабруйска прайшоў майстар-клас "Культура адзення". Член народнага клуба дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Натхненне" Палаца мастацтваў горада Людміла Уладзіміраўна Крылова правяла дэманстрацыю беларускіх народных касцюмаў для вучняў 9 "Г" класа. Калекцыя створана Людмілай Уладзіміраўнай самастойна па эскізах Бабруйскага краязнаўчага музея, арнаменты выкананы па матывах касцюмаў Бабруйшчыны.

Падчас заняткаў майстар расказала школьнікам пра беларускі нацыянальны касцюм, звярнула ўвагу хлопчыкаў і дзяўчынак на тое, што ён у цэлым адрозніваўся стрыманасцю і лаканічнасцю дэкору, а поясу надавалася вельмі вялікае значэнне. Вучні даведаліся, што адметнай рысай беларускага традыцыйнага адзення з'яўляецца арнамент, аб выпадках яго выкарыстання, аб значэнні асцярожнага гафту. Таксама хлопцы прымералі вышытыя кашулі і паспрабавалі ткаць пояс на берда.

Майстар-клас суправаджала выстава саматканых паясоў Людмілы Уладзіміраўны Крыловай.

Алена ЛАВІЦКАЯ,

кіраўнік народнага клуба дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Натхненне" ДУК "Палац мастацтваў г. Бабруйска" 

Фота аўтара